20 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе аднавіўся суд на блогерам Эдуардам Пальчысам, які пад псэўданімам Джон Сільвэр вёў сайт 1863x.
Працягваецца таксама пікетаваньне суду грамадзкімі актывістамі, якія патрабуюць вызваленьня Пальчыса і спыненьня супраць яго крымінальнага перасьледу.
Не пакідаюць без увагі пікетоўцаў і сталічныя міліцыянты. Цягам меней гадзіны ад пачатку пікетаваньня супрацоўнікі міліцыі склалі на ўдзельнікаў пікетаў 8 новых пратаколаў аб парушэньні парадку правядзеньня масавых акцый.
Пратаколы склалі на Паўла Севярынца, Зьмітра Дашкевіча, Алеся Макаева, Максіма Вінярскага, Мікалая Дземідзенку, Уладзімера Яроменку, Вольгу Маёраву, Аляксандра Пальчэўскага.
«Гэта ўжо болей як 50 пратаколаў за 5 дзён суду над Пальчысам. Але мы працягваем пікет. Стаім пад бела-чырвона-белымі сьцягамі, скандуем «Свабоду Пальчысу!» і «Свабоду палітвязьням!», — распавёў Свабодзе Макаеў.