Былы студэнт БДУ Пётар Маркелаў падаў заяву на аднаўленьне на фізычным факультэце.
Ён лічыць, што быў выключаны з палітычных матываў, і распаўсюдзіў у сеціве відэазварот, у якім тлумачыць, як працуюць студэнцкія рэпрэсіі ў Беларусі.
«Фізыка — непапулярная спэцыяльнасьць у нашай краіне, таму тут аднаўляюць практычна ўсіх. І нават па некалькі разоў. Але ці адновяць мяне?», — кажа ён у відэазвароце.
Пётар тлумачыць, што з унівэрсытэту яго адлічылі два гады таму пасьля ўдзелу ў мясцовых выбарах нібыта за пропускі заняткаў.
«Мая пасьпяховасьць была адна з найлепшых на курсе. Сярэдні бал за першыя два гады навучаньня — 8,6. Два гады таму я прыняў удзел у мясцовых выбарах у якасьці кандыдата. Пасьля гэтага нэўтральнае стаўленьне дэкана да мяне кардынальна зьмянілася. Ён казаў мне, што я ганьба факультэту, што мне тут ня месца. Праз год я быў адлічаны нібыта за пропускі заняткаў. Так, я прапускаў. Я вучыўся дома, бо не хацеў марнаваць час на некаторых лекцыях і занятках. Але я своечасова здаваў неабходныя працы і меў добрыя адзнакі. Тым часам на факультэце працягваюць навучацца студэнты з той жа колькасьцю пропускаў і горшай пасьпяховасьцю. Іх не адлічваюць, бо яны не займаюцца грамадзкай дзейнасьцю. Менавіта так дзейнічаюць рэпрэсіі супраць студэнтаў у Беларусі», — сказаў Пётар Маркелаў.
Ён адзначае, што ў Беларусі студэнт застаецца абсалютна безабаронным.
Нядаўна з БДУ выключылі Глеба Вайкуля нібыта за непасьпяховасьць. Ён лічыць, што яго адлічэньне палітычна матываванае і зьвязанае зь ягоным удзелам у акцыі пратэсту супраць платнай пераздачы іспытаў — «Маршы студэнтаў».