У Берасьці адбыўся пікет «За годны заробак», які зладіў прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці. Больш за дзесяць прыйшлі на акцыю з сацыяльнымі плякатамі і бел-чырвона-белым сьцягам.
Мерапрыемства прымеркавалі да «Ўсясьветнага дня дзеяньняў за годную працу».
Пад сьцягамі прафсаюзу РЭП і Свабоднага прафсаюзу беларускага людзі трымалі расьцяжку «Кантракт — рабства для працоўнай клясы», плякаты «Эўрапейскім цэнам — эўрапейскія заробкі», «Працоўны чалавек не павінен быць бедным» ды іншыя. Лунаў таксама бел-чырвона-белы сьцяг.
Акцыю ўлады санкцыянавалі ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў на ўскраіне Берасьця. Заяўнікі кажуць, што ўлады традыцыйна дазваляюць падобныя акцыі толькі ў парку, дзе мала людзей.
Як апавяла Свабодзе арганізатарка акцыі, лідэр берасьцейскай арганізацыі прафсаюзу РЭП Зінаіда Міхнюк, яна запрашала на акцыю і прадстаўнікоў праўладных прафсаюзаў, аднак тыя не прыйшлі:
«Мы вырашылі праявіць салідарнасьць і запрасіць прафсаюзы Фэдэрацыі. Але, як бачыце, яны вырашылі ня ўдзельнічаць. Яны лічаць, што ў нас усё добра, а мы лічым, што ёсьць праблемы і з дэкрэтамі, якія прыніжаюць чалавечую годнасьць, і са свабодай абʼяднаньняў, і з дыскрымінацыяй на працоўных месцах. І самае галоўнае — гэта заробак. Годная праца мусіць годна аплачвацца».
З-за месца правядзеньня пікету вельмі мала берасьцейцаў змаглі яго пабачыць — збольшага пэнсіянэры ды маладыя пары, якія прагульваліся ў парку.
Гэтым разам падчас акцыі не было відэаапэратараў ў цывільным і міліцыі. Толькі хуткая дапамога дзяжурыла непадалёк.
Адначасова 7 кастрычніка на Берасьцейшчыне быў дазволены яшчэ адзін падобны пікет — у Бярозе, які таксама адбыўся на стадыёне на ўскраіне гораду.
Пікет за годную працу адбыўся таксама і ў Бабруйску.
У Бабруйску на вызначанай пляцоўцы каля стадыёну швэйнай фабрыкі «Славянка» — недалёка ад цэнтру гораду, але ў малалюдным месцы — сабраліся каля 30 сябраў Свабоднага прафсаюзу Беларусі, Незалежнага прафсаюзу Беларусі, прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці ды незалежнага прафсаюзу гарнякоў — з Бабруйску, Менску і Салігорску.
Your browser doesn’t support HTML5
Пікет з раздачай мінакам улётак спакойна працягваўся дзьве гадзіны.
Падчас пікету вялікая вайсковая калёна праехала па гэтай жа вуліцы, аддзяляючы пікетоўцаў ад гораду.