Пікет і гараж: пэнсіянэр супраць гарадзкой улады і ўказу прэзыдэнта

Васіль Лявоненка

Пікет

Абараняючы сваё патрабаваньне плаціць за электрычнасьць асобна ад гаражнага каапэратыву, магілёўскі пэнсіянэр Васіль Лявоненка падаў заяўку ў гарвыканкам на адзіночны пікет. Але дазволу не атрымаў, бо ня стаў аплачваць паслугі:

1. міліцыі на ахову самога сябе,

2. хуткай дапамогі, каб яна дзяжурыла на пікеце,

3. камунальных службаў, каб прыбралі за ім пасьля пікету.

«Я адзінокі пэнсіянэр і не ўяўляю ніякай для грамадзтва небясьпекі, а пагатоў пляцоўка для пікетаў — удалечыні ад людных месцаў», — кажа сп. Лявоненка пра тое, што пікет яму не дазволілі.

Чыноўнікі кажуць, што дзейнічаюць «па рэглямэнце». Адпаведны дакумэнт яны прынялі ў 2014 годзе. Там напісана, што арганізатары пікету, каб атрымаць на яго дазвол, павінны мець заключаныя дамовы аб ахове грамадзкага парадку, дзяжурстве машыны хуткай мэдычнай дапамогі і забесьпячэньні прыбіраньня.

Тычыцца гэта і адзіночных пікетаў.

«На практыцы гэта адбываецца так: выканкам кажа, што ў вас няма дамовы зь міліцыяй, а міліцыя — мы ня будзем падпісваць дамову, бо ў вас няма дазволу», — тлумачыць сытуацыю праваабаронца Наста Лойка. — Гэта спроба пазьбегнуць выкананьня права, якое гарантаванае Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі.

«Хоць з пункту гледжаньня міжнародных стандартаў дзяржава павінна ня проста ня ўмешвацца, а спрыяць правядзеньню мірных сходаў, ахоўваць, забясьпечваць парадак, падбіраць лепшае месца, — тлумачыць Наста Лойка. — У нас у Беларусі гэтая працэдура абсалютна несправядлівая».

Лявоненка тым часам заяўляе, што працягне сваё змаганьне. «Я хачу, каб мяне зноў падключылі да электрычнасьці і пакінулі ў спакоі з гэтым каапэратывам», — кажа ён.

Пасьля адключэньня гаража Лявоненка спрабаваў самавольна падключыцца. Пэнсіянэру нагадалі пра адказнасьць за крадзеж энэргіі

Гараж

Кіраўніцтва каапэратыву адмаўляецца пускаць у гараж электрычнасьць, пакуль гаспадар ня стане сябрам таго капэратыву.

А 64-гадовы пэнсіянэр з Магілёва Васіль Лявоненка заяўляе, што ўступіць у гаражны каапэратыў яго прымушаюць. Хоць сам гараж атрыманы ва ўласнасьць яшчэ ў савецкія часы, і тады падобных праблемаў не было.

Кіраўніцтва каапэратыву абвяргае словы Лявоненкі, што яго прымушаюць уступаць. Настойвае, што пэнсіянэр, ня будучы сябрам каапэратыву, хоча мець доступ да абʼектаў агульнага карыстаньня.

«Асьвятленьне — абʼект агульнага карыстаньня сяброў каапэратыву. У нас працуюць электрыкі, якія абслугоўваюць і рамантуюць электралініі, і ім плацяць заробак зь сяброўскіх складак, — кажа кіраўнік каапэратыву Ўладзімер Яроцкі. — Яму сказалі: калі асьвятленьне яму патрэбнае, то ён альбо павінен уступіць у каапэратыў, альбо заключыць дамову на права карыстаньня абʼектамі агульнага карыстаньня».

Лявоненка, паводле Ўладзімера Яроцкага, хоча заключыць дамову на сваіх умовах. Зьвяртаўся ў суд, але свайго не дамогся.

Прэтэнзія каапэратыву да Лявоненкі і ліст Лявоненкі ў адміністрацыю Лукашэнкі са згадкай пра Сталіна

Амаль у кожным адказе скаржніку чыноўнікі спасылаюцца на 43 указ прэзыдэнта, выдадзены дзеля «ўдасканаленьня прававога рэгуляваньня дзейнасьці спажывецкіх каапэратываў, арганізаваных для будаўніцтва і эксплюатацыі жылых дамоў, а таксама гаражных каапэратываў».

Лявоненка лічыць, што ўлада гэтым указам дала каапэратыву зашмат правоў, але не прадумала, як абараніць правы тых, хто ня хоча ў яго ўступаць.