Першае інтэрвію пасьля перамогі на выбарах у Палату прадстаўнікоў намесьніца старшыні ТБМ Алена Анісім дала Свабодзе.
Першая намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім нарадзілася ў 1962 годзе, працуе навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Беспартыйная.
А палове на другую ўначы спадарыня Анісім адказала на тры пытаньні Свабоды.
1. «З чаго будзе пачынаць дэпутацкую дзейнасьць?»
«З пошуку паплечнікаў і аднадумцаў. Каб мы разам праводзілі законы, якія патрэбныя Беларусі».
2. «З распрацоўкі якога закону пачняце?»
«Наша таварыства падрыхтавала законапраект аб падтрымцы беларускай мовы дзяржавай. І, канечне, гэты закон мы будзем праводзіць у жыцьцё».
3. «Сёньня абралі і Ганну Канапацкую з АГП. Можа, улады лічаць, што з жанчынамі ім будзе лягчэй працаваць? Жанчыны ўсё ж больш лагодныя».
«Я тут з вамі ня згодная. Жанчыны ня больш лагодныя, а больш настойлівыя, больш перакананыя. Жанчыны не адступаюць. Яны заўжды дамагаюцца свайго. Нездарма ж кажуць: чаго хоча жанчына, таго хоча Бог».