«Дармаедзкаму» дэкрэту надалі новую назву і правялі «карэнную рэканструкцыю»

Марш недармаедаў у Горадні 15 сакавіка 2017 года

Дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» (у народзе ён больш вядомы як дэкрэт «аб дармаедах») перажывае карэнную рэканструкцыю, заявіў намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Валеры Кавалькоў падчас анляйн-канфэрэнцыі на сайце tvr.by.

«Цяпер ён [дэкрэт №3] рыхтуецца ў абсалютна новай рэдакцыі, зьмяняецца не толькі сэнс дэкрэту, але нават яго назва, — расказаў Кавалькоў. — Плянуецца, што ён будзе называцца „Па спрыяньні занятасьці“ і будзе накіраваны на тое, каб органы ўлады аказалі максымальна магчымае спрыяньне ахвочым працаваць, каб чалавек мог працаваць або быў працаўладкаваны на нейкае працоўнае месца».

У новым дэкрэце выкарыстоўваюцца паняцьці пра занятых і незанятых у эканоміцы, патлумачыў Кавалькоў:

«Калі казаць пра тое, каго мы будзем адносіць да занятых у эканоміцы і незанятых у эканоміцы, зноў жа будзе залежаць ад таго, зьяўляецца ён рамесьнікам ці не. Калі чалавек зарэгістраваны ў падатковай, заплаціў збор, то ён зьяўляецца занятым у эканоміцы, ніхто кантраляваць ня будзе, фактычна заняты ён у гэтай дзейнасьці ці не. І рэгістрацыя ў ФСАН ўжо не абавязковая. Ён вырашыў займацца нейкім відам дзейнасьці, быць самазанятым, ён выплачвае стаўку адзінага падатку, значыць, ён заняты ў эканоміцы».

Што будзе зь незанятымі ў эканоміцы, Кавалькоў не растлумачыў.

Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да 1 кастрычніка. 9 сакавіка Лукашэнка пастанавіў прыпыніць на год дзеяньне дэкрэту пасьля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй Беларусі, але пасьля казаў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў».