Як вы лічыце, ці насьпелі ў Беларусі палітычныя і эканамічныя зьмены? Ад каго залежыць, ці адбудуцца яны? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.
Your browser doesn’t support HTML5
Спадар: «Зараз эканамічная сытуацыя ў нас — катастрафічная, а палітычная — ніякая. Нават мяркуючы па тым, як з прадпрымальнікамі абыходзяцца — гэта вынік і эканамічнай сытуацыі, і палітычнай. Зьмена палітычнай сытуацыі залежыць ад грамадзтва, ад людзей, а эканамічнай — гэта ўсё зьвязана з палітычнай сытуацыяй. Яны зьвязаныя паміж сабой неразрыўна».
Спадар: «Вядома, перамены патрэбныя, бо народ стаў жыць горай. А вось якія зьмены правесьці — урад павінен думаць. Бо ад нас што залежыць? Можам толькі болей працаваць».
Карэспандэнт: «Значыцца, болей ад нас нічога не залежыць, як толькі працаваць?»
Спадар: «Так, практычна нічога ад нас не залежыць...»
Спадарыня: «Патрэбна зьмяняць і эканамічную, і палітычную сытуацыю. У першую чаргу гэта залежыць ад саміх людзей, бо найперш яны павінны імкнуцца нешта зьмяніць, а потым толькі зьмены залежаць ад улады. Бо найперш людзі абіраюць сваіх прадстаўнікоў, а потым яны ўжо павінны нешта рабіць».
Хлопец: «Мне здаецца, што эканамічныя зьмены патрэбныя ўжо даўно, і палітычныя зьмены патрэбныя, але я ня бачу, як яны цяпер могуць выглядаць. Мне здаецца, што эканамічныя зьмены найперш залежаць ад кіраўніцтва краіны, бо я вось плённа хаджу на працу і выконваю свае абавязкі».
Карэспандэнт: «А палітычныя зьмены ад каго залежаць?»
Хлопец: «А вось гэта цікавае пытаньне. Я не магу адказаць стоадсоткава на яго...»
Спадар: «Канечне, зьмены павінны быць, бо мы ўжо і так стаім на адным месцы, не ўдасканальваемся. І зьмены павінны быць да лепшага ў сацыяльнай сфэры, у пляне адукацыі, аховы здароўя, наагул усё трэба падымаць на іншы ўзровень і ў эканамічнай, і ў палітычнай сфэрах. Але гэта залежыць ад нашага прэзыдэнта. Якую палітыку ён абярэ, так і будзе».
Карэспандэнт: «А што ад грамадзян залежыць?»
Спадар: «Ад нас залежыць — толькі працаваць. Працаваць і верыць, што ўсё будзе добра...»
Спадар: «Калі сытуацыя насьпела, то яна залежыць толькі ад прэзыдэнта нашага. Але пакуль я ня бачу ніякіх зьменаў».
Карэспандэнт: «А наагул гэтыя зьмены патрэбныя цяпер у Беларусі?»
Спадар: «Эканамічныя зьмены павінны быць, бо вельмі заўважна вырас узровень беспрацоўя і вельмі цяжка становіцца жыць».
Карэспандэнт: «А палітычныя зьмены патрэбныя?»
Спадар: «Справа ў тым, што за палітычнымі падзеямі я мала сачу...»