2006 год. Справа праваабаронцы Эніры Браніцкай
У жніўні 2016 году ў Беларусі судзілі чатырох назіральнікаў за выбарамі з арганізацыі «Партнэрства». Іх вінавацілі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У тым ліку была асуджаная на 6 месяцаў зьняволеньня Эніра Браніцкая, якую ў судзе абараняла Ганна Бахціна. Прысуд назіральнікам «Партнэрства» абвясьцілі 4 жніўня, а 21-га яны выйшлі на волю.
Эніра Браніцкая так пракамэнтавала зьвесткі пра неатэстацыю сваёй абаронцы:
«Тое, што сёньня Ганна Бахціна не прайшла атэстацыю, — перш за ўсё знак таго, што ў Беларусі няма незалежнасьці інстытуту адвакатуры. Ну і, канечне, таго, што пакуль ніякага прагрэсу няма.
Ганна Віктараўна абараняла мяне ў 2006 годзе. Менавіта яна прадстаўляла мяне падчас судовага працэсу супраць арганізацыі па назіраньні за выбарамі „Партнэрства“. І пасьля гэтага ніколі не адмаўлялася ўдзельнічаць у іншых палітычных працэсах. Для яе заўсёды было важна дапамагчы добрым людзям, гэта было бачна. Гэта вельмі моцная жанчына, і я ўпэўнена, што яна будзе змагацца».
2011 год. Справа журналісткі Ірыны Халіп
У 2011 годзе Ганна Бахціна абараняла журналістку, жонку кандыдата на пасаду прэзыдэнта Ірыну Халіп, якую вінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках пасьля выбараў у сьнежні 2010-га. Халіп, якой пагражала рэальнае зьняволеньне, судзьдзя Брысіна з Заводзкага суду прысудзіла да 2 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай. На думку журналісткі, у тым, што яе ўсё ж не пазбавілі волі, вялікая заслуга абаронцы:
«Мы пазнаёміліся, калі я была пад хатнім арыштам, а сьледзтва яшчэ ішло. Тады мяне вымусілі адмовіцца ад адваката Тоўсьціка, а потым ад мяне адмовілася адвакатка Агеева. Пэўны час абаронцы не было ўвогуле, і тады мае бацькі патэлефанавалі Ганьне. Яна сказала: „Зь вялікім задавальненьнем буду абараняць вашу дачку“».
Памятаю, як яна ўпершыню зьявілася ў нас дома, дзе ўвесь час знаходзіліся два афіцэры КДБ. І як яна проста, але рашуча, як начальніца падначаленым, патлумачыла: яны зараз павінны забіцца ў куточак і сядзець там ціха, бо адвакат са сваім падабаронным мае права пабыць тэт-а-тэт і абмеркаваць усё без чыіхсьці вушэй. І яны сапраўды схаваліся. А пасьля таго як Ганна сышла, адзін зь іх сказаў: „А адвакатэса ў вас крутая, яна і нашых абараняла“».
3. Справа блогера Эдуарда Пальчыса
У 2016 годзе Ганна Бахціна абараняла блогера, заснавальніка сайту 1863x.com Эдуарда Пальчыса. І таксама дамаглася, што яго не пакаралі пазбаўленьнем волі. Эдуард згадаў пра свайго абаронцу ў Фэйсбуку:
«У сваім жыцьці я сутыкаўся з шасьцю адвакатамі. Аднаму я дагэтуль хачу даць ляшча за тое, што ён працаваў на сьледзтва і фактычна вёў сабатаж маёй абароны. А супрацоўнікі КДБ, калі мяне этапавалі ў Беларусь, пры першай жа сустрэчы заявілі: ты можаш наняць любога адваката ў краіне, але толькі не яе».
4. 2017 год. Справа Ільлі Валавіка
Улетку 2017-га ў Беларусі судзілі групу футбольных фанатаў-антыфашыстаў. Ганна Бахціна бараніла Ільлю Валавіка, якога сьледзтва палічыла лідэрам групоўкі. Суд пакараў Ільлю 10 гадамі пазбаўленьня волі, аспрэчыць гэты прысуд не ўдалося. Сваякі асуджанага мяркуюць, што справа была палітычная, а прысуд — паказальны. „Ён змагаўся супраць „русского мира“», — заявіла пасьля суду жонка асуджанага Ільлі Валавіка, якога бараніла Ганна Бахціна.
5. Сакавік 2017 году. Справа Міраслава Лазоўскага
У канцы сакавіка прайшлі арышты актывістаў былой арганізацыі «Белы легіён» і распачалася так званая «справа патрыётаў». Усяго па ёй праходзіла больш за 30 актывістаў розных арганізацый. Адным зь першых быў арыштаваны Міраслаў Лазоўскі, якога вызвалілі пад падпіску ў апошнюю чаргу — у чэрвені. Увесь час — пад арыштам у КДБ і потым пад падпіскай аб нявыезьдзе — Лазоўскага бароніць Ганна Бахціна.
Што азначае тое, што яна не прайшла атэстацыю, для абароны актывіста? — спытаў карэспандэнт Свабоды ў Ніны Шыдлоўскай, якая дапамагае фігурантам «справы патрыётаў»:
«Ганна Бахціна — выключны прафэсіянал і сумленны чалавек. Ня думаю, што ёй можна знайсьці адпаведную замену. Тое, што ёй не далі прайсьці атэстацыю, азначае, што калі пасьля ўсіх абскарджваньняў яе ўсё ж пазбавяць адвакацкай ліцэнзіі, то Міраслаў Лазоўскі застанецца без адваката. Калі ўлічыць, што ён ключавая асоба ў „справе патрыётаў“, то ўзьнікае шмат розных нюансаў. Тым больш — невядомая сытуацыя зь іншымі адвакатамі, якія таксама бароняць фігурантаў „справы патрыётаў“», — сказала Свабодзе Ніна Шыдлоўская.