Стоп-кадры тыдня: Зіма ў Дзяржынскім раёне, хлопчык і футбаліст Мэсі

Аўганскі хлопчык Мустафа Ахмадзі з футбольнай камандай «Барсэлёна» перад таварыскім матчам супраць каманды «Аль-Аглі» з Саудаўскай Арабіі. Муртаза праславіўся пасьля таго як у інтэрнэце разышліся ягоныя здымкі ў футболцы з іменем знакамітага гульца Ліянэля Мэсі, зробленай са старога плястыкавага пакета. 13 сьнежня ён нарэшце сустрэўся са сваім кумірам (зьлева ў першым шэрагу). Арганізацыйны камітэт футбольнага чэмпіянату сьвету ў Катары 2022 году зладзіў гэтую сустрэчу. (Фота AFP)

Жанчына вяртаецца дахаты з крамы ў вёсцы Красная Горка Дзяржынскага раёну Беларусі. 14 сьнежня 2016 году. (Фота EPA)

Паранены чакае эвакуацыі ў раёне сырыйскага гораду Алепа пад катролем паўстанцаў, 15 сьнежня 2016 году. (Фота AFP) 

Басьнійскія жанчыны нясуць лялькі, загорнутыя ў тканіну з плямамі, што сымбалізуюць кроў. Некалькі тысяч басьнійцаў у горадзе Сараева 14 сьнежня пратэставалі супраць забойстваў ў горадзе Алепа ў Сырыі. (Фота EPA)

Аўганскія дзяўчаты на ўскрайку Джэлялабаду нясуць мяхі з вуглем, якім у гэтай мясцовасьці ўзімку ацяпляюць хаты. (Фота AFP)

Байцы сырыйскіх праўрадавых сілаў 13 сьнежня робяць сэлфі на двары старажытнай мячэці ў Алепа. Пасьля цяжкіх баёў ўрадавыя сілы ўзялі горад пад свой кантроль, што можна лічыць найцяжэйшым ударам па паўстанцах за 5 гадоў грамадзянскай вайны ў Сырыі. (Фота AFP)

Чалавек ў адлюставаньні трымае сьцяг апазыцыйнай кааліцыі Свабодная Сырыя перад ад'ездам са Стамбулу гуманітарнага канвою ў Алепа. (Фота AFP)

Сутыкненьні пратэстоўцаў з паліцыяй ў бразыльскай сталіцы, Бразылія, пасьля таго як Сэнат ухваліў фінансавыя скарачэньні. (Фота EPA)

Надзія Мурад Басі, якая выступае грамадзкім прадстаўніком супольнасьці языдаў ў Іраку і ацалелых пасьля сэксуальнага рабства ў баевікоў "Ісламскай дзяржавы", рэагуе на ўзнагароду прэміяй імя Андрэя Сахарава за свабоду думкі 13 сьнежня ў Эўрапейскім парлямэнце ў Страсбуры. (Фота AFP)

Аўганскі мэдык робіць прышчэпку супраць поліёмэліту хлопчыку на ўскрайку гораду Джэлялабад. Полёмэліт дагэтуль застаецца сур'ёзнай праблемай ў трох краінах: Аўганістане, Нігерыі і Пакістане. (Фота AFP)

Мусульманкі ў індыйскай правінцыі Кашмір моляцца пасьля сьвята нараджэньня прарока Мухамэда. (Фота EPA)

Галоўная плошча ў Прышціне, аздобленая напярэдадні Калядаў. 15 сьнежня 2016 году. (Фота AFP)

Тэлежурналіст паказвае месца катастрофы самалёта F-16 турэцкіх вайскова-паветраных сілаў на паўднёвым ўсходзе Турэччыны. Прычынай катастрофы называюць тэхнічную няспраўнасьць. Пілёт пасьпеў катапультавацца. (Фота Reuters)

Кіргізы прыехалі на конях на выбарчы ўчастак у сталіцы краіны, Бішкеку, падчас канстытуцыйнага рэфэрэндуму. (Фота AFP)

Кітайскія памежнікі на мяжы з Расеяй. (Фота AFP)

Індыйскі хлопчык-мусульманін 12 сьнежня ўдзельнічае ў працэсіі ў горадзе Мумбай у гонар дня нараджэньня прарока Мухамэда. (Фота EPA)

Удзельнік атраду грамадзянскай абароны ў кантраляванай паўстанцамі правінцыі Ідліб у Сырыі. (Фота Reuters)

Ірацкія хлопчыкі-ўцекачы, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы праз баі паміж урадавымі войскамі і ваяўнікамі «Ісламскай дзяржавы». (Фота AFP)