Прэзыдэнцкі «майбах», імпэратарская «таёта» і каралеўскі «бэнтлі»: на якіх аўтамабілях езьдзяць кіраўнікі дзяржаў. ФОТАГАЛЕРЭЯ
Цяперашняя вэрсія цяжкога панцырнага аўтамабіля прэзыдэнта ЗША, вядомая пад мянушкай The Beast, зроблена ў 2018 годзе. Гэта мадыфікаваны Cadillac, крыху больш падобны да аўтамабіля, чым яго папярэдняя вэрсія. Паводле амэрыканскіх СМІ, у машыне ёсьць лядоўня для запасу крыві, якая адпавядае групе крыві прэзыдэнта (пры патрэбе тэрміновага пераліваньня). Дзьвярныя ручкі аўтамабіля дадаткова абароненыя электрычным токам і паражаюць патэнцыйных зламысьнікаў, якія спрабуюць трапіць усярэдзіну. У Злучаных Штатах вакол прэзыдэнцкіх машын настолькі вялікая сакрэтнасьць, што папярэднія мадэлі зьнішчаюць супрацоўнікі Сакрэтнай службы.
Апошняя мадэль лімузіна, якую выкарыстоўваў старшыня КНР Сі Цзіньпін — Hongqi N501. Яшчэ адзін прэзыдэнцкі аўтамабіль, датаваны 2018 годам, упершыню прадэманстраваў Сі ў тым самым годзе ў туры па Афрыцы. Інфармацыя пра абсталяваньне і меры бясьпекі не раскрываецца. Hongqi — найстарэйшая марка аўтамабіляў у Кітаі.
Лімузін Bentley State — службовы аўтамабіль каралевы Лізаветы II. Дзьве мадэлі гэтай машыны выпушчаныя ў 2002 годзе. На абедзьвюх замест стандартнай эмблемы Bentley ёсьць фігуркі сьвятога Юр’я, які забівае цмока. Шыны «панцырныя» (узмоцненыя кеўларам).
Мабыць, забава, а не бясьпека стала галоўным фактарам дызайну аўтамабіля імпэратара Японіі Нарухіта. Toyota стварыла раскошны лімузін Century эксклюзіўна для манарха і спэцыяльна для цырымоніі адкрыцьця параду ў Токіё ў лістападзе 2019 году (фота адтуль). Чакаецца, што імпэратар зноў зьявіцца на публіцы ў машыне падчас Алімпійскіх гульняў 2020 году.
Папа Францішак езьдзіў на розных аўтамабілях падчас візытаў за мяжу, але, магчыма, самы ўнікальным «папамабіль» — гэты аўтамабіль Karenjy, пабудаваны на Мадагаскары. Папа катаўся на ім у верасьні 2019 году. Karenjy (у перакладзе з малагасійскай – «шпацыр») — афрыканская кампанія, вядомая сваімі грузавікамі, якія выдатна пераадольваюць няроўнасьці на мясцовых дарогах. Каманда з 15 работнікаў вырабляла гэты аўтамабіль пяць месяцаў.
Mercedes-Benz S 600 Pullman Guard – такі аўтамабіль з «прэзыдэнцкім» нумарам 001 BY карэспандэнт «Камсамольскай праўды» сфатаграфаваў ля менскага стадыёна «Дынама» падчас закрыцьця Эўрапейскіх гульняў у 2019 г. Такое аўто браняванае з усіх бакоў, у тым ліку зьнізу, і можа вытрымаць расстрэл ва ўпор са штурмавой вінтоўкі. Раней Аляксандра Лукашэнку бачылі на розных аўтамабілях, у тым ліку на папярэдняй мадэлі Maybach Pullman Guard, якая каштуе ад 690 тысячаў эўра.
А гэты «майбах» прыбыў у Гомель напярэдадні прыезду ў горад Аляксандра Лукашэнкі ў 2018-м з нагоды адкрыцьця новага дзіцячага шпіталя. У чаканьні пасажыра ён кансьпіратыўна стаяў без нумароў і бяз герба.