Ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС Генадзь Данчыкаў зь вёскі Рэкта судзіцца з камісіяй па прызначэньні пэнсіяў Жлобінскага райвыканкаму. Камісія адмовілася прызначыць «чарнобыльцу» пэнсію паводле зьменшанага ўзросту — у адпаведнасьці з артыкулам 32 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый».
«Выцьцё» чарнобыльца
Былому яфрэйтару Генадзю Данчыкаву ў верасьні споўніцца 52 гады. Ён перанёс інфаркт, ад войска цярпіць на гіпэртанічную хваробу.
«Калі мы яшчэ толькі пажаніліся і ў нас нарадзіўся сын, я не магла зразумець, хто гэта стогне і ўсхліпвае — маленькі сын ці муж? — кажа Генадзева жонка спадарыня Надзея. — Гэткі галаўны боль хапаў Генадзя. Ён накрые галаву падушкай і ажно вые».
Служыў Генадзь за савецкім часам у Адэсе ў 35 асобным палку войскаў урадавай сувязі КДБ СССР. Як сьведчыць даведка з архіву Службы бясьпекі Ўкраіны №24/5-2318, на падставе загаду КДБ СССР камандзір палка падпалкоўнік Л. Карчагін зацьвердзіў сьпіс асабовага складу службоўцаў, якія «прыцягваліся для выкананьня абавязкаў у зоне Чарнобыльскай АЭС з 5 па 21 лістапада 1986 году». У ліку камандзіраваных быў і яфрэйтар Генадзь Рыгоравіч Данчыкаў.
«Наш вузел сувязі знаходзіўся ў Чарнобылі, — згадвае Данчыкаў, — але як кіроўца ЗІЛ-131 па загаду камандзіра я забясьпечваў жыцьцядзейнасьць падразьдзяленьня і непасрэдна на АЭС — зьезьдзіў на станцыю з афіцэрам урадавай сувязі. Тлумачылі: каб мяняць коды, шыфры на вузьле сувязі атамнай электрастанцыі.
На ацалелых пуцявых лістах бачна, што непасрэдна на ЧАЭС я быў 6, 13, 15, 18 лістапада 1986 году. Паркаваў аўтамашыну на часовым прыпынку прыкладна за 150−200 мэтраў ад АЭС і чакаў, пакуль афіцэр хадзіў з чамаданамі ў адміністрацыйны корпус, каб зрабіць сваю справу. Я ж яфрэйтарам быў, а не генэралам: што загадвалі, тое й рабіў. Пасьля электрастанцыі даводзілася па тры разы заяжджаць на пункт дэзактывацыі, каб выпусьцілі з зоны ў Чарнобыль».
Your browser doesn’t support HTML5
Калі ў Беларусі зьявіўся закон аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Жлобінскі гарадзкі ваенкамат выдаў Генадзю Данчыкаву пасьведчаньне ліквідатара на падставе дакумэнтаў в/ч 28680, дзе ён служыў. У жніўні 1995 году Генадзь, як і ўсе іншыя беларускія ліквідатары, прайшоў перарэгістрацыю — з пазначэньнем у пасьведчаньні льготаў паводле артыкула 19.
Камісарыят зрабіў два запісы ў вайсковым білеце: знаходзіўся ў 30-кілямэтровай і 10-кілямэтровай зоне ЧАЭС», а яшчэ выдаў былому яфрэйтару даведку № 26 ад 22.08.1995 — наконт працы па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС менавіта ў межах 10-кілямэтровай зоны.
У чэрвені 2012 году Данчыкаў прайшоў чарговую перарэгістрацыю, стаўшы паводле новага беларускага закону ўжо не «ліквідатарам», а «пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС».
Без даведкі ты кузурка
Дасягнуўшы 50-гадовага ўзросту, Генадзь Данчыкаў зьвярнуўся з заявай у аддзел кадраў Рагачоўскага малочна-кансэрвавага камбінату, дзе працаваў да нядаўняга часу начальнікам гаража. Прасіў падрыхтаваць неабходныя дакумэнты для выхаду на пэнсію са зьніжэньнем узросту на дзесяць гадоў — у адпаведнасьці з артыкулам 32 новага Закону Рэспублікі Беларусь: «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый».
Па словах Данчыкава, супрацоўнікі аддзелу кадраў ня сталі гэтага рабіць, бо атрымалі тлумачэньне ва ўпраўленьні па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне насельніцтва Жлобінскага райвыканкаму: маўляў, даведка № 26 ад 22.08.1995 не зьяўляецца падставай для прызначэньня пэнсіі, паколькі ў графе «найменьне населеных пунктаў, у якіх адбывалася праца», пазначаны Чарнобыль.
А ён не ўваходзіць у дзесяцікілямэтровую зону вакол ЧАЭС — да яго напрасткі 13 кілямэтраў. Іншымі словамі, горад не ўваходзіць у асабліва небясьпечную зону. А калі так, то былы салдат Данчыкаў ня мае права на пэнсію з паніжэньнем узросту.
Вядома, ліквідатар на гэтым не спыніўся — сам падаў заяву ў камісію па прызначэньні пэнсіяў Жлобінскага райвыканкаму, бо, апрача пасьведчаньня пацярпелага, запісу ў вайсковым білеце на падставе даведкі в/ч 28680 № 2275, у Генадзя захаваліся і некалькі пуцявых лістоў. У графе «маршрут руху» пазначана «УС-ВЧ АЭС», «в/ч — Ч АЭС», «УС-ЧАЭС», дзе «УС» — вузел сувязі, які знаходзіўся непасрэдна на атамнай электрастанцыі.
Камісія пад старшынствам Аляксандра Сакалова, начальніка ўправы па працы, занятасьці і сацыяльнай абароны, таксама адмовіла Данчыкаву ў прызначэньні пэнсіі. У рашэньні запісана: «паколькі адсутнічаюць зьвесткі пра ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 10-кілямэтровай зоне», «населеныя пункты не ўказаныя».
«Я проста дзіву даюся, — кажа былы вайсковы кіроўца. — Чыноўнікі бачаць толькі першую старонку пуцявога ліста, а на адваротны бок не глядзяць, хоць там ёсьць зьвесткі наконт працы машыны і маршруту яе руху.
Давай ім назву населеных пунктаў — і ўсё тут. Быццам на самой АЭС ніхто не працаваў, ня гробіў сваё здароўе. Я рабіў тое, што загадвалі. Каб ведаў такую долю, то хоць сфатаграфаваўся б на фоне атамнай электрастанцыі або пячатку якую паставіў бы. А так толькі запомніў верталёт, які яшчэ завісаў над разбураным рэактарам і высыпаў нейкі белы парашок, а таксама людзей у белым і ў адгазьніках. І лёзунг на адміністрацыйным будынку запомніўся.
Атамная электрастанцыя хоць і насіла імя Леніна, але на лёзунгу гэта ня згадвалася. Напісана было коратка: «Чарнобыльская АЭС працуе на камунізм!». Думалася тады: «Нішто сабе напрацавала».
У пошуках справядлівасьці
Атрымаўшы адмову ад раённай камісіі, Генадзь Данчыкаў зьвярнуўся ў вышэйшую інстанцыю — Камітэт па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкаму.
12 траўня гэтага году намесьніца старшыні камітэту Тацяна Кулеш у пісьмовым адказе спаслалася на пастанову Саўміну Беларусі № 777 ад 24 сьнежня 1992 году, паводле якой «час працы па ліквідацыі наступстваў катастрофы ў межах 10-кілямэтровай зоны пацьвярджаецца даведкамі працадаўцаў, у якіх захоўваюцца пярвічныя дакумэнты пра гэтую працу, а таксама даведкамі архіўных установаў». Ніякай згадкі з пастановы пра вайскоўцаў намесьніца старшыні камітэту не прыводзіла.
Ацаніла чыноўніца і даведку Жлобінскага гарваенкамату № 26 ад 22.08.1995, у якой пазначана, што яфрэйтар Данчыкаў прымаў «удзел у ліквідацыйных працах у 10-кілямэтровай зоне ў г. Чарнобыль з 4.11.1986 па 22.11.1986 г.г.». Пад увагу гэтую даведку не ўзялі, бо ў ёй зноў-такі не названыя населеныя пункты, а пазначаны толькі горад Чарнобыль, які ў дзесяцікілямэтровую зону не ўваходзіць.
Невядома чаму, Тацяна Кулеш прыгадала і распараджэньне Саўміну БССР ад 20.06.1986 № 481 — яно тычыцца 13 населеных пунктаў беларускага сэгмэнту зоны адчужэньня ў дзесяцікілямэтровым радыюсе ад ЧАЭС. І ў вайсковым білеце Генадзя Данчыкава, канстатуе чыноўніца, не пазначаны населеныя пункты, дзе ён займаўся ліквідацыяй наступстваў аварыі на ЧАЭС.
Вайсковы кіроўца можа апэляваць хіба толькі да пуцявых лістоў, калі яны захаваліся ў вайсковай часьці. У Данчыкава два зь іх цудам засталіся — з подпісамі службоўцаў вайсковай часьці (вузла сувязі) у Чарнобылі, куды камандзір 35 асобнага палку войск урадавай сувязі КДБ СССР накіроўваў афіцэраў і салдат «для выкананьня абавязкаў у зоне Чарнобыльскай АЭС».
За дрэвамі ня ўбачылі лесу
У Данчыкава ёсьць даведка Жлобінскага гарваенкамату наконт працы ў 10-кілямэтровай зоне. Даведка выдадзена на падставе даведкі (!) в/ч 28680 ад 10 кастрычніка 1990 г. і пуцявых лістоў № 2210 ад 12.11.1986 г. і № 2275 ад 19.11.1986 г. У лістах пазначаныя два населеныя пункты — Церахоўка і Церахі, але часьцей згадваюцца «УС-ВЧ АЭС», «УС-ЧАЭС».
Выходзіць, што Данчыкава пасылалі ў самы цэнтар катастрофы — на вузел сувязі ЧАЭС, а чыноўнікі гадаюць, быў яфрэйтар у 10-кілямэтровай зоне ці не? Генадзь, вядома, ня чэрпаў ваду з барбатэра, ня ўзводзіў бэтонны саркафаг. Салдат не выбірае сабе месца ў баі. Яму загадваюць — ён выконвае. Выпала стырно круціць — круціў. На АЭС — значыць, на АЭС.
«Я практычна два разы на тыдзень езьдзіў на ЧАЭС», — згадвае Генадзь Рыгоравіч. — Да войска, калі вучыўся ў тэхнікуме, займаўся спортам, барацьбой асабліва. Ніколі нічога не балела. А калі вярнуўся з Чарнобыля, месца сабе не знаходзіў ад галаўных боляў. Прыглушыш, бывала, гэты боль цытрамонам — і на працу. А верхні ціск ажно да шкалы «170» сягаў — і гэта ў дваццаць пяць гадоў. А зусім нядаўна перанёс яшчэ й інфаркт».
Крокам руш — у ваенкамат
Абласны камітэт па працы, куды зьвяртаўся Генадзь Данчыкаў, прызнаў адмову камісіі па прызначэньні пэнсіяш Жлобінскага райвыканкаму правільнай, параіўшы заяўніку для ацэнкі зьвестак у ксэракопіях пуцявых лістоў зьвяртацца ў вайсковы камісарыят Гомельскай вобласьці.
Генадзь, вядома, зьвяртаўся. І ня толькі ў абласны ваенкамат, але і ў галоўную арганізацыйна-мабілізацыйную ўправу Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь — прасіў выдаць даведку наконт працы па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС у межах 10-кілямэтровай зоны. Адмовілі. Вайсковы камісар абласнога ваенкамату Андрэй Крываносаў канстатаваў у лісьце да былога яфрэйтара Данчыкава:
«У Вашым вайсковым білеце НБ № 3001387 камандзір вайсковай часьці 28680 запісу не зрабіў» — пра выкананьне абавязкаў па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, як таго патрабавала дырэктыва Міністэрства абароны СССР. Быццам дырэктыва дасылалася непасрэдна яфрэйтару, а не камандзіру.
І ў даведцы на запыт Жлобінскага ваенкамату камандзір часьці не пазначыў населеныя пункты і аб’екты, а паведаміў толькі, што яфрэйтар Данчыкаў «знаходзіўся ў складзе каманды службоўцаў, якія бралі ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 30-кілямэтровай зоне».
Своеасаблівым чынам ацаніў вайсковы камісар і копіі пуцявых лістоў №№ 2210 і 2275, якія былі выпісаныя ў вайсковай часьці 28684 на імя кіроўцы яфрэйтара Данчыкава. На тытульным баку пуцявога ліста пазначана: «в/ч — Чарнобыль».
Выглядае, маршрут быў паміж вайсковай часьцю і Чарнобылем, дзе знаходзіўся гараж армейскіх машын. А куды канкрэтна езьдзіў на ЗІЛе яфрэйтар Данчыкаў, гэта трэба глядзець на адваротным баку пуцявога ліста, у якім ёсьць разьдзел II — «Праца машыны» і графа «Маршрут руху (адкуль, куды)». Тут і бачна, куды езьдзіў яфрэйтар Данчыкаў: «УС-ВЧ АЭС», «УС-ЧАЭС».
«Акурат адваротны бок пуцявога ліста ніхто й ня хоча браць пад увагу, — кажа Генадзь Данчыкаў. — Таму яшчэ ў верасьні 2015 году, атрымаўшы лісты з Гомельскага аблваенкамату і Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, я зьвярнуўся з заявай у Жлобінскі раённы суд на ўстанаўленьне факту майго ўдзелу ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе ў межах 10-кілямэтровай зоны. Менавіта гэта дае права на атрыманьне пэнсіі са зьмяншэньнем узросту.
Судзьдзя Іна Шаршнёва правяла пяць паседжаньняў, і 29 лютага г.г. вызначыла, што справа мая суду непадведамная. Таму ў чэрвені я падаў новую скаргу ў суд — на неправамерныя дзеяньні дзяржаўнага органа, які абмяжоўвае мае правы. Прашу, каб суд абавязаў камісію па пэнсіях Жлобінскага райвыканкаму прызначыць мне пэнсію на падставе артыкула 32 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый».
Атамная электрастанцыя мне не прысьнілася. Тым больш што я застаўся бяз працы — пасьля інфаркту Рагачоўскі МКК у траўні зь невядомых прычынаў не працягнуў мне кантракт. А мне толькі на лекі трэба каля сотні новых рублёў».
Новы суд
На першым судовым паседжаньні, якое адбылося 19 ліпеня, прадстаўнікі ваенкамату Аляксандар Гудкоў і раённай управы сацыяльнай абароны Сьвятлана Дзегцярова цьвердзілі, што ў дакумэнтах Генадзя Данчыкава нібыта няма сьведчаньняў яго ўдзелу ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС у 10-кілямэтровай зоне. Суд мае быць працягнуты.
Былы старшыня пастаяннай камісіі па чарнобыльскіх праблемах Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Віктар Хоміч, які знаёміўся з пазовам Данчыкава ў суд, заяўляе, што беларускія ўлады «ліквідатараў зьліквідавалі», а чарнобыльскае заканадаўства так «удасканалілі», што пакінулі людзей, якія ратавалі Беларусь ад «мірнага атаму», ні з чым.
«І заканадаўства заблыталі, і пацярпелых людзей ад чарнобыльскай катастрофы не абараняюць. Канечне, эканоміка ў крызісе, ёсьць фінансавыя цяжкасьці. Але я ня думаю, што нельга падтрымаць ліквідатараў, вярнуць «чарнобыльцам» бясплатны праезд у грамадзкім транспарце, як гэта ёсьць ва Ўкраіне, Расеі. Проста сродкі ў Беларусі ідуць то на пампэзныя сходы, то на парады, то на «базары». А што там нейкі ліквідатар-яфрэйтар з Рэкты — ён і так пераб’ецца».
20 ліпеня судзьдзя Іна Сільчанка агучыла рашэньне — адмовіць Генадзю Данчыкаву ў ягонай прэтэнзіі да камісіі па прызначэньні пэнсіяў Жлобінскага райвыканкаму.