Напярэдадні сёньняшняга мітынгу ў абарону Курапатаў Радыё Свабода пагутарыла з чалавекам, які адным зь першых адкрыў сьвету жудасную праўду пра «канвэер сьмерці» пад Менскам.
Гэта Зянон Пазьняк, які ў 1988 годзе ў суаўтарстве зь Яўгенам Шмыгалёвым надрукаваў на старонках газэты «Літаратура і мастацтва» артыкул-дасьледаваньне «Курапаты: дарога сьмерці».
— Зянон Станіслававіч, як вы ацэніце вынікі супрацьстаяньня, якія абаронцы курапацкага лягера называюць першай лякальнай перамогай? Ці лічыце вы гэта перамогай?
— Канечне, падзеі пачалі разьвівацца трошкі лепей, чым чакалася. Але тут ёсьць шмат зьбегаў акалічнасьцяў, пра якія я зараз проста не магу сказаць. Выпадкова аказаўся зьбег такіх абставінаў, які паўплываў на рашэньне забудоўшчыка.
Але, безумоўна, каб не было гэтага супраціву, гэтага шуму, то наўрад ці эфэкт быў бы такі. Так што ёсьць пэўная сума супярэчнасьцяў. Ёсьць факты, якія мы ўжо бачым і назіраем — тое, што забудоўшчык адмовіўся. Гэта ўпершыню такі факт, што добраахвотна. Зь іншага боку, ёсьць пэўныя прычыны. Але сам той факт, што ён вывеў тэхніку, адмовіўся і даў пэўнае заключэньне, гаворыць станоўча аб тым, што гэты чалавек правільна ацаніў магчымыя вынікі.
Адпаведна, яго паводзіны спрыяюць таму, што гэты канфлікт пераходзіць у іншую плоскасьць, ён ужо пераходзіць у плоскасьць з чыноўнікамі. Таму што асноўныя вінаватыя ў гэтым канфлікце — гэта чыноўнікі, якія дазволілі правесьці незаконны аўкцыён, якія фактычна прадалі гэты ўчастак зямлі, які нельга было прадаваць, бо ён знаходзіўся пад аховай дзяржавы. А праз год яны гэты ўчастак выдалі, таму зараз мы маем такі факт, зь якім павінна працаваць пракуратура.
Cамае істотнае ў гэтым лякальным канфлікце, каб гэты ўчастак быў вернуты ў ахоўную зону
Можна дапусьціць, што сапраўды забудоўшчык ня ведаў усіх нюансаў. Але ясна, што тут парушэньне з двух бакоў. І вось зараз самае важнае, каб гэта было дасьледавана. І самае істотнае ў гэтым лякальным канфлікце, каб гэты ўчастак быў вернуты ў ахоўную зону. Бо калі гэта ня будзе зроблена, то празь нейкі час на яго зьявіцца новы забудоўшчык, які ўжо законна будзе рабіць там што хоча, паколькі з-пад закону гэта ўжо выведзена.
А далей праблема значна большая, бо гэтую зону скарацілі з двух бакоў, калі зьявіўся так званы «Бульбаш-хол». Тая зона была нармальна распрацаваная, яна павінная быць і з боку Баравой, і з боку Цны.
— У 2018-м будзе 30 гадоў, як сьвет даведаўся пра злачынствы ў Курапатах. І зьмены ў беларускім грамадзтве фактычна пачаліся з Курапатаў. Як вы думаеце: цяпер вось такая мясцовая перамога, грамадзкая актыўнасьць вакол гэтага сакральнага месца — ці могуць і цяпер Курапаты стаць месцам, зь якога пачнуцца зьмены ў беларускім грамадзтве?
— Зараз у грамадзтве інфармацыйнасьць пра Курапаты зьменшылася, таму што гэтая інфармацыя хавалася. І ў грамадзтве, калі гэтыя факты былі адкрытыя, фактычна пра гэта ведалі ўсе — гэта ўзбудзіла ўсю нацыю. Цяпер вырасла новае пакаленьне, і многія людзі проста нічога ня ведаюць, нічым не цікавяцца, таму што гэтыя падзеі ня сталі агульнай масавай інфармацыйнай зьявай, а абмежаваліся часткай тых людзей, якія гэты мэмарыял ахоўваюць, шануюць, якія па сваіх каналах распаўсюджваюць інфармацыю. Першым чынам павінна быць інфармацыя. Як гэта ні дзіўна, але інфармацыя пра Курапаты павінна быць агульнанацыянальнай. Вось тады мы будзем мець зусім іншы ўзровень.
Невыпадкова, што людзі зараз кінуліся абараняць. Але іх мала, ну колькі — столькі, колькі ведалі. Гэтыя будаўнікі прызнаюцца, што яны нічога ня ведалі. Лягічна — не цікавіліся, толькі бізнэсам і сваімі праблемамі. Вось гэта зьява абсалютна ненармальная, яна вынікла ў сувязі з антыбеларускай палітыкай, якая праводзіцца ўжо 23 гады. І тым ня менш гэтым людзям, якія праводзяць гэтую палітыку, нічога не ўдалося зрабіць.
Курапаты скаланулі адзін раз грамадзтва, яны скалануць яшчэ раз
Не ўдалося затаптаць Курапаты таму, што гэта зьява сакральная, якая датычыць лёсу ўсёй нацыі. Гэта вельмі глыбокая зьява, зьвязаная з прымусовай сьмерцю сотняў тысяч людзей. Кроў людзкая вось такая не праходзіць надарэмна. Яна праточваецца зь пяску назад, яна праточваецца ў людзкіх душах, у людзкой памяці — гэта немагчыма схаваць. Курапаты скаланулі адзін раз грамадзтва, яны скалануць яшчэ раз. Гэта будзе яшчэ паўторнае адкрыцьцё для многіх людзей.
Гэтыя людзі бачаць у сучасным сьвеце тое, што было 50, 60, і 70 гадоў таму. Таму гэта сапраўды зьява, якая павінна быць нацыянальным нэкропалем, якая павінна быць на слыху, павінная быць прымеркаваная да пэўных дат, і нацыя гэта павінна ведаць. Мы мяркуем так, што трэба вярнуць тую ахоўную зону, дзе поле. Там павінна быць створаная сьцяна памяці. Сьцяна нацыянальнай памяці, дзе будзе выгравіравана прозьвішча кожнага беларуса, які быў забіты, застрэлены, закатаваны за часы савецкай акупацыі. Іх мільёны. І кожны павінен быць. Мы павінны памятаць кожнага чалавека, бо жыцьцё кожнага чалавека — гэта найвялікшая каштоўнасьць.
Ня можа быць проста так, іначай мы губляем гісторыю, мараль, памяць пра саміх сябе, мы перастаём быць нацыяй. Гэта нацыянальная задача — узнавіць наш мартыралёг. На гэтым ствараецца нацыянальны дух. На імкненьні да справядлівасьці. Таму што несправядлівыя забойствы і зьнішчэньне людзей узбуджаюць у людзей дух справядлівасьці. Вяртаньне справядлівасьці, а гэта найвялікшае пачуцьцё, — гэтае першае, гэта важней за свабоду, важней за ўсё. Бог справядлівы — гэта найвялікшая якасьць, найвялікшая каштоўнасьць. Я абсалютна перакананы, што гэта будзе, таму што за гэтай зьявай стаіць сам Бог.
Нічога не атрымліваецца, што яны вытвараюць з Курапатамі — за гэты час нічога ў іх не атрымаецца. Яны выступілі супраць закону жыцьця. Гэтыя людзі, якія былі забойцамі, якія забівалі і якія пакрываюць гэтае забойства, якія хлусяць рознымі спосабамі, яны прайграюць. Не на гэтым пабудавана жыцьцё чалавечае. Будуць ахвяры, яны і цяпер ёсьць, і пакутуюць людзі, але праўда ўсё роўна пераможа. Дык вось гэта да таго, што наш народ павінен зьвярнуцца да сваёй гістарычнай памяці. Ён павінен аднавіць справядлівасьць. І тады ён стане сапраўды нацыяй.
Мы ведаем такія прыклады ў сьвеце — такіх прыкладаў шмат — усюды людзі шануюць, усюды. А наконт гэтай сьцяны памяці, дык вазьміце ізраільскую сьцяну памяці. Кожнага чалавека, кожнага забітага салдата, за кожнага — кроў людзкая не вада. І вось Курапаты падымаюць такія аспэкты ў чалавечай сьвядомасьці, якія затоптвалі акупацыйныя рэжымы, якія затоптвалі хлусьнёй пры камунізьме, якія з чалавека рабілі чалавека бяспамятнага, якім можна маніпуляваць. А вось вяртаньне да гістарычнай справядлівасьці вяртае і душу чалавека.