Сымбалічны дакумэнт, які будзе выдавацца турыстам, што наведваюць Горадзеншчыну бязь візы, зроблены на трох мовах: па-расейску, па-ангельску і па-польску.
Начальнік Упраўленьня спорту і турызму Горадзенскага аблвыканкаму Алег Андрэйчык абяцае, што рыхтуецца «пашпарт турыста» і на беларускай мове, на нямецкай, а таксама па-кітайску.
«Пашпарт турыста» ўяўляе сабой друкаваны буклет на 30 старонках накладам 5 тысяч асобнікаў з інфармацыяй пра рэгіён, адрасамі гатэляў, кавярняў, музэяў, аграсядзібаў, пералікам карысных інтэрнэт-сайтаў. На вокладцы пашпарта — герб Горадзенскай вобласьці. Турысты з такімі «пашпартамі» ў пазначаных у буклеце месцах змогуць атрымаць зьніжкі.
Яшчэ летась грамадзкія актывісты зьвярнуліся зь лістом ва Ўпраўленьне спорту і турызму Горадзенскага аблвыканкаму ўнесьці мову тытульнай нацыі дзяржавы ў сымбалічныя пашпарты. Тады чыноўнікі на зварот патлумачылі, што на расейскай мове пашпарт будзе выдавацца для расейскамоўных турыстаў, на польскай — для польскіх, а ангельская мова, маўляў, зьяўляецца міжнароднай.
А паколькі пашпарт не прадугледжаны для ўнутранага карыстаньня, гаварылася ў адказе, то «управление спорта и туризма Гродненского облисполкома считает нецелесообразным издание паспорта туриста на белорусском языке».
Цяпер «пашпарт турыста» ў Горадні зьявіўся на трох мовах, але начальнік Упраўленьня спорту і турызму Горадзенскага аблвыканкаму Алег Андрэйчык запэўніў, што рыхтуецца пашпарт на беларускай мове, а таксама па-нямецку і па-кітайску.
«Пакуль у нас выйшлі пілётныя варыянты, адразу ўсё выдаць немагчыма, але будзем далей працягваць выпускаць на іншых мовах», — запэўніў Алег Андрэйчык.
«Дзікуноў» ня пусьцяць: вызначаны парадак «бязьвізавага» уезду на Берасьцейшчыну і Гарадзеншчыну
Горадзенскі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які пісаў ліст ва Ўпраўленьне спорту і турызму і дамагаўся, каб у «пашпарце турыста» была ўведзеная беларуская мова, зазначае, што ўражаны тым, што чыноўнікі прыслухаліся да іх лістоў.
«Гэта добра, што будзе і на беларускай мове „пашпарт турыста“. Адзінае, хацеў бы параіць яшчэ нашым чыноўнікам, каб на вокладцы пашпарта з рознымі мовамі пісалі найперш слова „пашпарт“ па-беларуску, а потым ужо на той мове на якой яго плянуюць выдаць. Гэта б тады цалкам адпавядала міжнароднаму ўзроўню такога пашпарта», — дадае Хільмановіч.