Рапарт быў складзены міліцыянтамі пасьля падзеяў 8 верасьня, калі ў Менску з ініцыятывы Беларускага нацыянальнага кангрэсу прайшоў мітынг на Кастрычніцкай плошчы і шэсьце па праспэкце Незалежнасьці. Паводле назіральнікаў, у акцыі 8 верасьня бралі ўдзел больш за 200 чалавек.
Удзельнікі акцыі прынялі рэзалюцыю з патрабаваньнем тэрмінова вывесьці з тэрыторыі краіны расейскія войскі, задзейнічаныя ў манэўрах «Захад-2017», усклалі кветкі да помніка Перамогі, а на плошчы Якуба Коласа прынялі прысягу «беларускага партызана».
Your browser doesn’t support HTML5
Паводле міліцэйскага рапарту, у акцыі бралі ўдзел палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Вячаслаў Сіўчык і Павал Севярынец, актывісты Яўген Афнагель, Аляксандар Абрамовіч, Ніна Багінская, Леанід Кулакоў, Андрэй Шарэнда — усяго 24 прозьвішчы.
Першым за акцыю 8 верасьня быў затрыманы і ўжо адбыў за кратамі 10 сутак арышту Някляеў, з 26 верасьня ў ізалятары на Акрэсьціна знаходзіцца Статкевіч, які таксама атрымаў адміністрацыйны арышт.
28 верасьня ў Партызанскім раённым судзе Менску вялікія штрафы за акцыю 8 верасьня прысудзілі Сіўчыку (45 базавых велічынь) і Антосю Жылку (50 базавых велічынь), які таксама фігуруюць у рапарце на імя Шахлая. Суд за акцыю 8 верасьня над Севярынцам прызначаны на 2 кастрычніка.