Год таму зь ініцыятывы Галіны адміністрацыя 34-й школы Магілёва пагадзілася абвясьціць набор у беларускую клясу. 1 верасьня за парты селі Тацьцяна Турандзіна і Эвэліна Самойленка. Пазьней да іх далучылася Ўлада Грыцанава. Утрох яны скончылі першую клясу і гэтай жа кампаніяй перайшлі ў другую.
У магілёўскай школе №1 дзьве беларускамоўныя клясы, якія маюць па адным вучні. Яліна Салаўёва ідзе ў 8-ю клясу, а Валянцін Асіпчык стаў першаклясьнікам.
Сям’я Турандзіных дзьвюхмоўная. Галіна кажа, што знайсьці ў сям’і згоду ў пытаньні беларускага навучаньня было нескладана, але дыскусіі цягнуліся некалькі месяцаў. Галіна сфармулявала парады для тых, хто хоча аддаць дзіця ў беларускую клясу, але пакуль не адважваецца.
1. Шукайце згоду ў сям’і
Сям’я Турандзіных прыхільная да беларускасьці, але аддаць Таню ў беларускую клясу пагадзілася не адразу. Турбавала колькасьць вучняў у клясе і пэрспэктывы далейшага навучаньня.
«Я была гатовая, што маё дзіця будзе вучыцца па-беларуску ў самоце, — казала яна. — Былі спрэчкі. Аднак калі ў сям’і ўзаемная павага і думка іншага не ігнаруецца, то вырашэньне спрэчных пытаньняў не настолькі балючы працэс. Мы здолелі дамовіліся, і дачка пайшла ў беларускую клясу».
2. Будзьце гатовыя, што супраць беларускага навучаньня будуць бабулі і дзядулі
«Нашы бабулі і дзядулі турбаваліся, што ўнучка будзе адрэзанай ад свайго дзіцячага асяродзьдзя, стане белай варонай. Трэба трымацца сваёй пазыцыі, бо гэта вашае дзіця, і вы адказныя за яго, — раіць Галіна. — Так, варта выслухаць парады дзядуляў і бабуляў. А пасьля сказаць ім, што прынялі сваё рашэньне, і мы болей ведаем, што лепей для нашага дзіцяці».
Цяпер, кажа Галіна, бабулі і дзядулі зьмірыліся зь іхным выбарам, падтрымліваюць унучку і спрабуюць гаварыць зь ёй па-беларуску.
3. Не навязвайце дзіцяці думкі, што яно будзе вучыцца ў незвычайных умовах
Дзіця ад пачатку давярае выбару бацькоў, у тым ліку і ў пытаньні навучаньня, лічыць Галіна. Дачка была гатовая, што будзе вучыцца ў клясе адна, але калі даведалася, што разам зь ёю будзе вучыцца яшчэ адна дзяўчынка, то ўзрадавалася. Цяпер у іхнай клясе тры дзяўчынкі.
«Мы не «дзяўблі» дачку пастаянным нагадваньнем, што яна будзе вучыцца ў клясе зь беларускай мовай навучаньня», — распавядае Галіна. — Не акцэнтавалі ўвагі на незвычайнасьці моўнага выбару. Проста казалі, што яна пойдзе вучыцца. Незадоўга да 1 верасьня Тацяна даведалася, што вучыцца будзе па-беларуску. Неразуменьне ў вачах дачкі было, але нядоўга. Першы ж школьны дзень для яе быў незвычайна сьвяточным, бо дзіця не разумела, чаму такая ўвага да яе клясы ў журналістаў».
4. Гаварыце ў сям’і па-беларуску і пашырайце беларускае асяродзьдзе
«Нават калі ў сям’і не прынята гаварыць па-беларуску, то са зьяўленьнем беларускамоўнага вучня трэба пачынаць», — раіць Галіна. — Дзіця мусіць ведаць, што па-беларуску гавораць ня толькі ў школе. Вы ня проста падтрымліваеце яго, але і разьвіваеце ягоныя маўленчыя навыкі».
«Калі блізкія не гавораць па-беларуску, дзіця адчувае, што нешта тут ня так. І робіць выснову, што саромеюцца, — кажа суразмоўца. — Варта неназойліва падказваць дзіцяці, каб з аднаклясьнікамі старалася гаварыць па-беларуску. Зразумела, што вучні незаўважна будуць пераходзіць на расейскую мову, бо на іх цісьне расейскамоўнае асяродзьдзе. Вось таму трэба навучыцца пашыраць беларускае асяродзьдзе».
5. Патрабуйце ад школы беларускамоўнага навучаньня
Галіна кажа, што сям’і давялося перажыць няпросты пэрыяд адстойваньня права на беларускае навучаньне дачкі. Пры гэтым яна адзначае: летась зьбег абставінаў паспрыяў таму, што адміністрацыя школы пагадзілася на набор беларускай клясы.
«Дырэктар недзе празь месяц, як я падала заяву ў школу, запрасіў на сустрэчу. Ён разумеў маё канстытуцыйнае права на беларускае навучаньне. Падчас гутаркі ён гэта падкрэсьліў і дадаў, што школа мусіць задаволіць наша патрабаваньне», — прыгадала леташнія падзеі Галіна.
«Мне здаецца, — працягнула яна, — што нашага патрабаваньня адкрыць беларускую клясу ў школе чакалі. Такі ў іх быў інтарэс. Можа, каб школа стала адметнай. Можа, тады крыху пацяплела стаўленьне да беларушчыны. Але, вядома ж, нам пашанцавала. Супала наша жаданьне з жаданьнем адміністрацыі. Аднак так бывае не заўсёды і ня ўсюды, таму, варта дамагацца свайго. Апэляваць да нарматыўных актаў. Быць гатоваму да супрацьстаяньня».
6. Ня бойцеся быць першымі! Не спыняйцеся шукаць сваім дзеткам аднаклясьнікаў
«Гэта дужа важна, і я за паўгода да пачатку навучальнага году давала аб’явы ў сацыяльных сетках, што шукаю аднаклясьнікаў для дачкі, — расказвае Галіна. — Зьвярталася па дапамогу да мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы. Выпытвала, ці ёсьць у іх ахвотныя вучыцца па-беларуску».
Яна кажа, што ахвотныя бацькі былі, але трымаліся пазыцыі, што дзеці павінны вучыцца ў поўнай клясе.
«Тое, што дзяцей у клясе трое, іх не задаволіла. Яны назіралі за тым, як складвалася сытуацыя, і паводзілі сябе пасіўна. Такіх людзей нямала. Але нават у адзіноце не кідайце шукаць аднаклясьнікаў і не адчайвайцеся, нават калі не знаходзіце», — раіць Галіна.
7. Зьвяртайцеся ў арганізацыі, якія дапамогуць адстойваць права на беларускае навучаньне
Для нас такой арганізацыяй стала Таварыства беларускай мовы, адзначае Галіна. Такія арганізацыі, кажа яна, актуалізуюць праблему і паказваюць чыноўнікам і адміністрацыі школаў, што ахвотнікі вучыцца па-беларуску не адзінокія — зь імі грамада. На адзіночку з падтрымкай няпроста насесьці, каб ён адмовіўся ад жаданьня вучыць дзіця па-беларуску.
«Без падтрымкі такіх арганізацыяў будзе надта цяжка зварушыць зь месца праблему. Прыходзіць упэўненасьць, што ты не адзін, — тлумачыць яна. — Калі я з дачкой першы раз прыйшла на заняткі „Мова нанова“, то Тацьцяна зьдзівілася, што столькі людзей гавораць па-беларуску».
8. Ня верце тым, хто кажа, што дзіця зь беларускай клясы будзе белай варонай у школе
У дачкі, адзначае Галіна, няма праблемаў у стасунках з вучнямі, якія вучацца па-расейску. Калі Таня чуе беларускую мову, то гаворыць на ёй, а калі гавораць зь ёю па-расейску, гэтак жа адказвае. Ёй нескладана перакладаць з аднае мовы на другую.
«Праблемы сацыяльнай ізаляванасьці дзяцей, які вучацца ў малакамплектных клясах, — выдумка тых, хто ня хоча беларускай мовы ў школах», — лічыць Галіна.
Паводле Галіны, атачэньне дзіцяці паволі пачынае разумець, што беларуская мова — гэта ня толькі школа, але і стасункі.
«Часам заўважаю, як нехта з родзічаў ужо піша дачцэ SMS па-беларуску. Нехта спрабуе падтрымаць беларускую гаворку дачкі. Уплыў беларускамоўнасьці нашай сям’і і дачкі адчувальны», — заўважае суразмоўца.
9. Чыноўнікі пасіўныя. Будзьце актыўнымі!
Бацькам трэба станавіцца палітыкамі, лічыць Галіна. Калі ўзьнікаюць праблемы, то прадумваць плян іх вырашэньня, у тым ліку ўзаемадзейнічаючы з чыноўнікамі. Трэба навучыцца працаваць зь імі, кажа яна. Трэба быць гатовым да таго, што давядзецца скардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі і разам з тым разумець, што ня ўсё можа вырашыць адміністрацыя школы і аддзелы адукацыі.
Гаварыць з чыноўнікамі Галіне даводзілася падчас дыскусіяў, якія арганізоўваліся, каб паінфармаваць зацікаўленых асобаў пра стан беларускамоўнага навучаньня ў горадзе. Ініцыявалі такія сустрэчы і мясцовыя ТБМаўцы.
«Не заўжды гутаркі з прадстаўнікамі гарвыканкаму і адміністрацыяй іншых школаў былі прыемныя для мяне, — адзначае яна. — Службоўцы прызнавалі маё права на беларускае навучаньне, але хаваліся за тое, што, нібыта няма ахвотных бацькоў аддаваць дзяцей у такія клясы. Казалі, што малакамплектныя клясы затратныя. Іншым разам складваецца ўражаньне, што чыноўнікі ня чуюць апанэнтаў альбо ўмела робяць выгляд, што ня чуюць».
На думку Галіны, магілёўскія чыноўнікі пасіўныя ў пытаньнях адкрыцьця беларускіх клясаў. Яна спасылаецца на прыклад Гомлю, дзе сёлета ў першую клясу набралася два дзясяткі вучняў. Суразмоўца лічыць, што гомельскія чыноўнікі і адміністрацыя школаў таксама працавалі з бацькамі, каб падахвоціць іх да беларускага навучаньня.
10. Верце, што беларускамоўнае навучаньне — унёсак у разьвіцьцё і адукацыю дзіцяці
Многія бацькі ў гутарках наракалі, што пасьля сканчэньні беларускіх школаў ня будзе куды пайсьці дзецям вучыцца, бо няма беларускіх ВНУ.
Your browser doesn’t support HTML5
«Трэба навучыцца абвяргаць гэты стэрэатып. Сапраўды, няма вялікага выбару беларускіх ВНУ, і гэта праблема, але веданьне моваў ня робіць чалавека абмежаваным. У яго ёсьць навыкі авалоданьня мовамі, таму працягваць вучыцца яно можна на беларускай, расейскай, ангельскай ды іншых мовах. У гэтым перавага перад астатнімі ў такога дзіцяці», — падсумоўваюць ужо разам Турандзіны.