На плошчы ў гэты час дзяжурыла вельмі шмат міліцыянтаў і ў форме, і ў цывільным, перадае Intex-press.
—Мы выйшлі на знак салідарнасьці з працаўнікамі, правы якіх сёньня парушаюцца, а заробак не адпавядае ўзроўню жыцьця, — распавёў Intex-press адзін з удзельнікаў акцыі. — Мы хочам прыцягнуць да гэтых праблем увагу як гараджан, так і ўладаў.
Таксама адным з патрабаваньняў тых, хто прыйшоў, было правядзеньне сумленных і справядлівых выбараў.
— Мы не зьбіраемся нікога зрынаць, проста ў наступны раз просім правесьці галасаваньне і падлік бюлетэняў адкрыта, — патлумачыў адзін з актывістаў.
Людзі, якія сабраліся, не скандавалі ніякіх лёзунгаў. Адзін мужчына ўсё ж дастаў белы ліст паперы і адразу быў затрыманы міліцыяй.
Напярэдадні актывісты плянавалі ўзяць у рукі белыя лісты паперы, якія б сымбалізавалі, што ўсё трэба пачынаць з чыстага аркуша. Аднак у апошні момант яны адмовіліся ад гэтага, пабаяўшыся, што такія дзеяньні будуць успрынятыя міліцыяй як несанкцыянаваны пікет.