Мова альбо сьмерць. Да 100-годзьдзя Пімена Панчанкі

Your browser doesn’t support HTML5

У 1964 годзе ў часопісе «Полымя» ўпершыню быў надрукаваны верш Пімена Панчанкі «Родная мова».

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй зьнікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сьляза, як зара.

То быў час стрыманага аптымізму для беларускай мовы і нацыянальнай літаратуры. 34-гадовы Уладзімер Караткевіч завяршае другі том рамана «Каласы пад сярпом тваім», у якім малады князь Алесь Загорскі размаўляе з мужыкамі па-беларуску. Не нашмат старэйшы, але ўжо шырока вядомы Васіль Быкаў друкуе аповесьць «Мёртвым не баліць», якая паставіла беларускага пісьменьніка ў шэрагі ўсясьветна прызнаных. Аднак гэтым траім, дый іншым, хто паверыў у хрушчоўскую адлігу, вельмі хутка далі зразумець, што свабода творчасьці і савецкая ўлада — рэчы несумяшчальныя. Кампартыйныя ідэолягі распачалі ўсесаюзнае паклёпніцтва на Васіля Быкава. З рамана Караткевіча цэнзура выкінула перад друкам траціну тэксту. Верш Панчанкі займеў зусім ня тую, што абяцаў пачатак, канцоўку.

Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю –
Песьню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.

Дзеля такога млявага фіналу, здавалася, не было мэтру ніякай патрэбы ні пісаць, ні друкаваць «Родную мову». І толькі ў пачатку 90-х аўтар публічна агучыў сапраўдную апошнюю страфу, зьнішчаную ў 1964-м цэнзурай. Страфу, якая паказвае ўсю сілу слова Панчанкі. Фінал, у якім і паэт, і ягоны народ маюць толькі адзін драматычны выбар: мова альбо сьмерць.

Ці плачу я, ці пяю?..
Восень. На вуліцы цёмна...
Пакіньце мне мову маю,
Пакіньце жыцьцё мне!

Сёньня нам цяжка сказаць, чаму паэт пагадзіўся тады на цэнзурныя праўкі. Не пагодзісься, дык і нічога не надрукуюць, а хацелася калі ня ўсю праўду, то хоць палову яе, але сказаць. Характару пазмагацца хапала, але ён бачыў усю бессэнсоўнасьць змаганьня ў той сытуацыі.

Праз дванаццаць гадоў Панчанку ўдалося надрукаваць верш, які ў нейкім сэнсе можна лічыць ягоным творчым крэда.

Мала сказаць: ненавiджу,
Мала сказаць: прызнаю,
Бiцца за праўду — i выжыць,
Нiбы салдат у баю.
Дрэннаму — не пакарыцца,
Добрае — не празяваць.
З дробнай хлусьнёй не мiрыцца,
З буйнай хлусьнёй ваяваць.
Гэтым бы i кiравацца…
Толькi і зло, i хлусьня
Хiтра маскiравацца
Вучацца спрытна штодня.
Нехта i подлы, i хiжы
Клятву паўторыць тваю:
З ворагам бiцца — i выжыць,
Нiбы салдат у баю.

У 2010-м менавіта гэты верш Панчанкі выбраў Лявон Вольскі для сваёй праграмы «Белая яблыня грому».

У 1980-я танальнасьць паэзіі Пімена Панчанкі пачынае мяняцца. У вершы «Беларуская мова» (1986) пачынаюць закрадацца думкі, што ня толькі варожае ўсяму нацыянальнаму начальства вінаватае ў русіфікацыі.

Дратавалі, зьдзекваліся, мучылі...
Ты жыла і ў працы і ў баях.
Пра цябе, як сонечнае дзіва,
I Купала, ды і ўсе мы сьнілі сны...
Ад цябе, ласкавай і праўдзівай,
Адракаюцца цяпер твае сыны.

І ўсё ж паэт не пакідае надзеі на сваіх наступнікаў. Хоць і горка і балюча яму за сучасьнікаў, якія паддаліся палітыцы антыбеларускай улады, але ён яшчэ верыць ва ўсёвыратавальную сілу любові.

Я хацеў, нашчадкі, вас праклясьці,
Ды люблю сваю зямлю... і не магу.

«Родная мова». Пімен Панчанка. Чарнавы аўтограф. 1986 год

А ў 1988-м, калі ўжо зьявіліся першыя хвалі новага беларускага духу, калі ўзьніклі парасткі незалежнага друку і непадцэнзурнага слова, зусім нечакана выбухнула Панчанкава «Разьвітаньне». Бязьлітасныя словы паэта не пакідалі ніякай надзеі.

Мы спазьніліся
На сотні, напэўна, гадоў,
А можа,
На цэлае тысячагодзьдзе,
Мы забылі пра вольнасьць
Старажытных сваіх гарадоў.
Наш цягнік адышоў.
Зьнікла родная мова
Ў народзе.

За гэтай страшнай у сваёй сутнасьці канстатацыяй ідзе поўнае разьвітаньне з тым, што было сэнсам ня толькі творчасьці, але і жыцьця паэта. І ўсіх тых, хто насіў пад сэрцам Беларусь.

Родны Янка Купала,
Вы пісалі:
«Я веру — настане...»
Дарагі мой Іван Дамінікавіч,
Не, не настане!
Гэта ўжо не сьвітаньне,
Гэта наша настала зьмярканьне,
Гэта з мовай маёй,
Гэта з песьняй маёй
Разьвітаньне.

Многія, прачытаўшы тады гэтыя радкі, успрынялі іх як прысуд, за якім — поўная нацыянальная немата. Былі і такія, хто сьцьвярджаў, што паэт наўмысна так зачарніў фарбы, каб прымусіць чытача, як пад электрашокерам, скалануцца ды, ачомаўшыся, пачаць нешта рабіць. Старэйшыя прыхільнікі творчасьці паэта прачыталі ягонае «Разьвітаньне» літаральна, маладзейшыя шукалі нейкі патаемны сэнс ці зашыфраваны код. А культавы тады для юных адраджэнцаў Анатоль Сыс кінуў мэтру паэтычны выклік.

Родны мой Пімен Панчанка,
Вы сказалі: настала зьмярканьне?
Вы сказалі на маці мачыха?
Бо настала Вам разьвітаньне?
Зь яе словам — ужо не родным,
зь яе сонцам — ужо халодным,
зь яе людам — спрадвек галодным,
нават Богу й таму няўгодным...
Адыходзіце ці зракаецеся?
Ці сухімі сьлязамі каецеся?
Пад крыжамі Сафіі Полацкай
бюракрат за Вас не памоліцца,
а памоліцца за Вас мачыха,
за сыночка свайго, за Панчанку,
і ў галовах запаліць сьвечачку.
Можа, узімачку, а можа, улецечку
скрозь расстаньне і скрозь зьмярканьне
на агеньчык паэт прыстане,
скажа: родны мой Пімен Панчанка,
я Вам верыў, ды вера страчана.
I ў галовах патушыць сьвечачку,
можа, узімачку, а можа, улецечку
пад крыжамі Сафіі Полацкай
ён за Белую Русь памоліцца,
за наступнікаў і за прадзедаў,
ён памоліцца так, як дадзена,
як вучылі Купала з Коласам —
крэўным словам, родным голасам.
Вы жывымі сьлязамі заплачаце,
за паэтам народ убачыце
скрозь расстаньне і скрозь зьмярканьне,
Вам за сьмерць сваю прыкра стане,
бо пад небам Сафіі Полацкай
на народных паэтаў моляцца.

Амаль тры дзесяцігодзьдзі прайшло пасьля таго ненаўмысна ўзьніклага паэтычнага двубою. Абодва ягоныя ўдзельнікі памыліліся ў сваіх прароцтвах. Пад небам Сафіі Полацкай на народных паэтаў ня моляцца. Але й ня зьнікла родная мова ў народзе. Ня столькі яе ў ім, колькі хацелася б і Пімену Панчанку, і Анатолю Сысу, але яна вось зараз, калі я пішу гэтыя радкі, усё ж раз-пораз далятае ў мой пакой праз расчыненае акно з вуснаў мінакоў у цэнтры беларускае сталіцы.