Мінабароны Беларусі паведаміла Свабодзе, што на вучэньні запрошана каля 80 міжнародных назіральнікаў:
«Для назіраньня за вучэньнямі запрошаныя прадстаўнікі міжнародных арганізацый: ААН, НАТО, АДКБ, СНД, Міжнароднага Чырвонага Крыжа. Таксама прадстаўнікі вайскова-дыпляматычнага корпусу, акрэдытаванага пры Міністэрстве абароны, запрошаныя ў якасьці назіральнікаў за вучэньнямі „Захад-2017“.
У межах рэалізацыі рэгіянальных захадаў даверу і бясьпекі, а таксама двухбаковых дамоўленасьцяў на мерапрыемствы запрошаныя прадстаўнікі вайсковых ведамстваў Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Швэцыі, Нарвэгіі. Усяго чакаецца больш за 80 чалавек», — паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Міністэрства абароны Беларусі.
Вучэньні пройдуць на шасьці палігонах у Беларусі: Лепельскім, Барысаўскім, Лосьвідзе, Асіповіцкім, палігонах ВПС і войскаў СПА Ружанскім і Даманаўскім, а таксама паблізу вёскі Дрэтунь.
Да ўдзелу ў вучэньнях плянуецца прыцягнуць да 12 700 вайскоўцаў. На тэрыторыі Беларусі ўдзел у вучэньнях будуць браць 10 200 вайскоўцаў, у тым ліку каля 7200 ад Узброеных сіл Беларусі і каля 3000 — ад Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі. Усяго ў вучэньні будзе задзейнічана да 680 адзінак баявой тэхнікі.
Кіраўнік войскаў ЗША ў Эўропе генэрал Бэн Годжэс 20 ліпеня заявіў Reuters, што саюзьнікі Штатаў ва Ўсходняй Эўропе і Ўкраіне турбуюцца наконт беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017».
Паводле Годжэса, вучэньні могуць быць «траянскім канём», нацэленым на тое, каб пакінуць у Беларусі вайсковую тэхніку.
NATO таксама турбуецца таму, што папярэднія маштабныя вучэньні Расеі праходзілі з удзелам сілаў спэцыяльнага прызначэньня, ракетаў далёкага дзеяньня і бесьпілётнікаў — паводле тактыкі, падобнай да той, якую Расея пазьней ужывала пры анэксіі Крыму ў 2014 годзе, а таксама калі падтрымлівала баевікоў на ўсходзе Ўкраіны і ў час вайны ў Сырыі.
Раней прадстаўнікі ўсіх суседзяў Беларусі, акрамя Расеі, выказвалі занепакоенасьць наконт вучэньняў «Захад». У прыватнасьці, трывогу выклікала тое, што расейскія войскі могуць пасьля вучэньняў застацца ў Беларусі.