Памёр Народны артыст Беларусі Расьціслаў Янкоўскі

Расьціслаў Янкоўскі

У нядзелю, 26 чэрвеня на 87 годзе жыцьця памёр Расьціслаў Янкоўскі, паведамляецца на сайце Драматычнага тэатру імя Горкага. Грамадзянская паніхіда пройдзе 28 чэрвеня а 10-й дня на вялікай сцэне тэатру.

Расьціслаў Янкоўскі — Народны артыст Беларусі (1967) і Народны артыст СССР (1978), мае цэлы шэраг іншых савецкіх і беларускіх узнагародаў. Нарадзіўся ў Адэсе ў сям’і зь беларуска-польскімі каранямі, вучыўся ў тэатральнай студыі пры Ленінабадзкім драмтэатры. У менскім тэатры імя Горкага з 1957 года, выконваў ролі Арбеніна ў «Маскарадзе» Лермантава, Ягора Булычова ў «Ягор Булычоў і іншыя» Горкага, Вяршыніна ў «Тры сястры» Чэхава, князя Станіслава Радзівіла ў «Пане Каханку» і іншыя, здымаўся ў кіно.

Кіраваў журы фэстывалю «Лістапад», называўся ганаровым старшынёй фэстывалю. Быў дэпутатам Вярхоўнага савету ў 1990-1995 гадах, пры Лукашэнку ўвайшоў у Савет Рэспублікі, уваходзіў у «Раду па маральнасьці» Чаргінца.