Беларусь засталася адной з чатырох дзяржаваў сьвету, дзе органы правапарадку называюцца міліцыяй.
Your browser doesn’t support HTML5
Яшчэ Ўзбэкістан, Таджыкістан, Кіргізстан. Міліцыяй гэтыя органы называліся ў многіх краінах былога камуністычнага блёку, але ўсе перайшлі на паліцыю.
Ва Ўкраіне адбываецца грунтоўная рэформа службы, якую падкрэсьліла замена назвы. У Грузіі спачатку назву памянялі, а тады правялі рэформу і зрабілі паліцыю празрыстай для грамадзтва — сьведчу, што даволі пасьпяхова.
А ў Расеі памянялі шыльду без рэформы.
Міліцыя і паліцыя — розныя словы, розныя рэчы
Паліцыя — старэйшае слова, з грэцкім коранем πολῑτεία ‘грамадзянства, кіраваньне дзяржаваю, дзяржаўны лад’. У старабеларускай мове азначала менавіта добры дзяржаўны лад:
За царквою бовем праўдзіваю і зь вераю добраю паліцыя трываці доўга можа. (XVII ст.).
Паліцыя = парадак, уладкаванасьць (!)
Традыцыйнае значэньне слова міліцыя — ад лацінскага mīlitia ‘вайсковая служба, жаўнеры, ваенная кампанія’. Корань той самы, што ў слове мілітарызм. Шмат у якіх краінах абазначае нерэгулярнае войска, скліканае ў патрэбе.
У Вялікім Княстве Літоўскім была больш дэталёвая тэрміналёгія. Маем сваю традыцыю паспалітага рушаньня (або рушэньня) – найперш шляхоцкага:
Дзе бы з ухвалы Сойму Вялікага Вальнага прыйшло да рушаньня паспалітага ўсіх, тагды харужы, даўшы ведамасьць а том шляхце, кожды ў сваем павеце маець выехаці сам і чэраз лісты сваі азнайміці шляхце месца ку зьеханьню.
Мяшчанскае ж рушаньне ў магнацкіх гарадох было больш рэгулярнае і называлася акурат міліцыяй. Кожны мешчанін меў зброю і ўваходзіў у пэўную сотню. Для такой сыстэмы тэрытарыяльнай абароны сёньня звычайна шукаюць швайцарскі аналяг. А ў нас яна была свая. У мірны час міліцыя несла варту на гарадзкіх брамах, пільнавала пажарную бясьпеку, зьбірала падаткі. Таксама міліцыяй у XVIII ст. называлі прыватнае войска магнатаў. Караль Станіслаў Радзівіл увёў даволі жорсткі статут службы ў сваёй міліцыі пад назвай Артыкулы вайсковыя 1775 году, які моцна спатрэбіўся, калі міліцыя была ўключаная ў войска ВКЛ як 8-ы рэгімэнт і ваявала з расейскім акупантам.
Наш Касьцюшка добры быў -
Ён маскалі моцна біў.
За яго ня маем мы,
На шлях не трапляем мы.
Так што нашая традыцыйная міліцыя адпавядала назьве і мела сур’ёзны досьвед войнаў за незалежнасьць Бацькаўшчыны.
А вось міліцыя ў значэньні ‘органы аховы грамадзкага парадку’ ў новы час зьявілася замест паліцыі падчас падзеяў Парыскай камуны 1871 г. “Нацыянальная міліцыя, якая абараняе грамадзян ад улады», — так хацеў бачыць гэты захад камунараў Карл Маркс. Цікава, ці ведалі гэтае азначэньне місіі міліцыі бальшавікі, якія таму Марксу пакланяліся.
У Беларусі падчас 1-й Усясьветнай вайны самыя людзі, найперш адукаваныя і адказныя гараджане, самаарганізоўваліся ў структуры самааховы, якія называлі міліцыяй. У Вільні гарадзкая міліцыя стварылася ў 1915 годзе.
«Пагоня на шапцы пад какардой»
Тэрмін гэты пераняла і ўлада Беларускае Народнае Рэспублікі. Палкоўнік Кастусь Езавітаў, які быў да таго народным сакратаром ваенных справаў і выконваў абавязкі сакратара ўнутраных справаў БНР, у лютым 1919 году стаў камісарам Плянты-Шчучынскага павету і пачаў з наступнага загаду:
Для парадку і абезпэчэньня жыхароу ад грабежоу і гвалту мною ствараецца Павятовая Міліцыя.
Начальнікам міліцыі, з 8-го гэтаго Лютаго, назначаю Грамадзяніна ДРАМОВІЧА.
Начальніку міліцыі прыказываю зараз-же прыступіць да запісі кандыдатау у міліцыю.
Прыймацца могуць асобы не меньш як 22 гадоу і па рэкамэндацыі Валасных Камітэтау...
Адзнакі для міліцыанероу будуць гэтакія:
Павязка на левам рукаве з трох коляроу — белай, чырвонай і белай;
З такіх же коляроу круглая кокарда на шапках;
нацыанальны гэрб — Пагоня на шапцы пад какардой.
Астрына, 6.02.1919 (Архівы БНР. Т. І. Кн. 1. Укл. С. Шупа. Вільня—Нью-Ёрк—Менск—Прага, 1998. С. 328)
Што «міліцыя» — дзіва няма. Папраўдзе слова ўвялі да бальшавікоў. У Расеі на міліцыю перайшоў Часовы ўрад, у піку цару паліцыю замяніўшы фармальна народным рушаньнем. Міліцыяй спачатку назвалі праваахоўныя органы і ў незалежных Літве і Латвіі. Але як толькі ў Літве перайшлі на прынцыпы іх камплектаваньня і місію як у стабільных краінах Захаду, то ўвялі назву паліцыя (у 1924 годзе). Перакананы, зрабіла б так і наша БНР, каб не была задушаная.
Назву міліцыя перанялі расейскія бальшавікі й напоўнілі вядомым ідэалягічным зьместам. Менавіта гэта адбылося ў Менску, дзе 4 сакавіка 1917 году канцылярыя менскага цывільнага камэнданта прызначыла часовым начальнікам гарадзкой міліцыі нейкага Міхайлава, які папраўдзе быў бальшавіцкім агентам Міхаілам Фрунзэ. Фрунзэ адразу прыступіў да расправаў з паліцэйскімі, з тымі самымі гарадавымі, помнік абагульненаму вобразу якіх кагадзе адкрыў міністар унутраных справаў Рэспублікі Беларусі Шуневіч. І той самы міністар пышна сьвяткуе стагодзьдзе менскай міліцыі Часовага ўраду Расеі на чале з бальшавіком Фрунзэ.
Здавалася б, прыклад раздваеньня гістарычнай сьвядомасьці. Але не, тут ёсьць пасьлядоўнасьць. Царская паліцыя хапала і высылала ў Сыбір Алеся Гаруна і Язэпа Лёсіка, кінула ў Пішчалаўскі астрог (будучую «Валадарку») Якуба Коласа. І бальшавікі, у прыватнасьці той самы Фрунзэ са сваёй міліцыяй, не лічылі беларусаў за нацыю. Іх усіх — разам з пазьнейшым НКВД — ядналі рэпрэсіі супраць беларускага нацыянальнага руху. Іхныя органы ўнутраных справаў ператварыліся ў прыладу палітычных рэпрэсіяў надоўга.
Ня нада зьліць её,
Нашу міліцыю,
Ана ня любіць эта, мон амі.
Цяперашнія ўлады пачатак «беларускай міліцыі» адлічваюць ад бальшавіцкага камісара беларусафоба Фрунзэ, а не ад захадаў Ураду БНР дзеля праваахоўнага мацаваньня незалежнае дзяржаўнасьці Беларусі.
Між тым 22 лістапада 1918 году Рада міністраў БНР прыняла Дэклярацыю аб будаўніцтве і абароне незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі. Сярод унутрыпалітычных захадаў пунктам трэцім было «стварэньне ўзброенай сілы для абароны правапарадку» (фактычна даручэньне тагачаснаму кіраўніку Міністэрства ўнутраных справаў Кузьму Цярэшчанку).
То магчымая дата нашага будучага Дня паліцыі — 22 лістапада.
Мой дружбант паліцыянт
Слова міліцыянер — бясспрэчны русізм, але ў расейскай яно ад ням. Milizionär. З лацінскай першаасновай такую форму мала што лучыць. І словы на -янер не фіксуюцца ў беларускай народнай словатворчасьці.
Што ж да слова паліцэйскі, то і гэтая мадэль ня надта ўласьцівая нашай мове. Не «паліцэя», а паліцыя, больш лягічна паліцыйны. Дый называць службоўца прыметнікам (які? паліцэйскі) не выпадае.
А вось беларускія міліцыянт і паліцыянт больш натуральныя. Суфікс -ант (-янт), хоць лацінскага паходжаньня, але ёсьць у народным словаўтварэньні. Камэдыя — камэдыянт; рызыкант, дружбант, штукант, паліцікант, арыштант, урэшце — гэта ўсё словы з жывых гаворак (карыстаюся зборамі Паўла Сьцяцка).
Падсумуйма
Такім чынам, маем беларускі запас словаў для важнай сфэры дзяржаўнага ўладкаваньня. Нерэгулярнае войска па-расейску завецца «ополчение» (хоць часам пад яго шыюцца акурат рэгулярныя баявыя адзінкі). Пераносіць русізм на беларускую глебу няма патрэбы, мы ж маем слова рушаньне. Удзельніка рушаньня завем ваяўніком; аўтары Расейска-беларускага вайсковага слоўніка (1997) С. Суднік і С. Чыслаў даюць варыянт рушэнец.
Магчыма, да свайго пачатнага значэньня — нерэгулярнае, але ўпарадкаванае войска — у нас вернуцца словы міліцыя і міліцыянт. А слова паліцыя будзе ізноў, як трыста гадоў таму, сьведчыць пра грамадзкае ўладкаваньне. І паліцыянта будуць не баяцца, а паважаць.
Першая публікацыя 4 сакавіка 2017 г.