Актывіста Віталя Гуляка зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і аштрафавалі на 525 рублёў (25 базавых велічынь).
Віталь Гуляк 30 кастрычніка разам зь іншымі актывістамі ўшаноўваў у Сьвіслачы на Дзяды памяць нацыянальных герояў — паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Міліцыянты склалі на яго тыповы пратакол. Суд адбыўся ў Ваўкавыску.
— Я наагул адмовіўся даваць паказаньні ў судзе, толькі сказаў, што наша акцыя не зьяўлялася ніякім масавым мерапрыемствам, а мы, як і звычайна гэта робяць турысты, падышлі да помнікаў нацыянальным героям і ўсклалі там кветкі, запалілі зьнічы. Зрэшты, як я зразумеў, і гэтага там не было каму казаць.
Сёньня ж у Сьвіслачы аштрафаваны на 10 базавых (210 рублёў) яшчэ адзін удзельнік ушанаваньня памяці паўстанцаў — Павал Севасьцян. Ён на пасяджэньні суду не прысутнічаў.
Усяго за ўшанаваньне памяці паўстанцаў Каліноўскага па розных гарадах Беларусі пакараныя штрафамі больш за дзесяць чалавек.