Кампанію, якая апэруе платнымі дарогамі ў Беларусі, суправаджаюць скандалы і карупцыя

ЧАСТКА ПЕРШАЯ. Нязгодныя з BelToll падумваюць пра свайго кандыдата ў прэзыдэнты. Расьсьледаваньне Ганны Любаковай.

У Польшчы сыстэму кампаніі Kapsch называюць «найгоршай з магчымых». Чэхія зьбіраецца адмовіцца ад яе паслугаў, як толькі скончыцца кантракт.

А Беларусь на два дзесяцігодзьдзі застаецца закладніцай бартавых прыладаў аўстрыйскага інвэстара.

Даведка Свабоды:

Даведка Свабоды:

Нацыянальная сыстэма аплаты праезду па дарогах BelToll прыйшла на зьмену ручному збору платы ў ліпені 2013-га. Інвэстар праекту – аўстрыйская кампанія Kapsch – уклаў у Беларусь 267 мільёнаў эўра. Як запэўнілі беларускія ўлады, сыстэма самая сучасная і надзейная. Выгады маюць амаль усе: у бюджэт ідуць мільёны за аплачаныя дарогі, аўстрыйцы атрымліваюць свае грошы за тое, што краіна карыстаецца іхняй сыстэмай. Незадаволенымі аказаліся толькі кіроўцы, якія адразу сутыкнуліся з чэргамі ля пунктаў выдачы прыладаў, зь вялікімі штрафамі, або і ўвогуле не зразумелі, як карыстацца новаўвядзеньнем.

Сыстэме BelToll ня рады

Кіроўцы скардзіліся, што сыстэма з самага пачатку працавала са збоямі. Бартавая прылада не спрацоўвала пры праезьдзе пад брамамі ці давала няправільныя зьвесткі пра транспартны сродак. Пра тое, што бартавая прылада не працавала, яны ня ведалі і ў выніку «наезьдзілі» на дзясяткі тысяч эўра. Паведамленьні пра парушэньні прыходзілі празь некалькі месяцаў, таму ані выправіць, ані абскардзіць тысячныя штрафы ў іх не было магчымасьці. Многія скардзіліся, што іх папросту не навучылі карыстацца сыстэмай.

Кіроўцы і перавозчыкі, якія лічаць сябе падманутымі, прапанавалі ўладам правесьці «амністыю»: скасаваць штрафы за першыя месяцы працы сыстэмы, калі да яе толькі прызвычайваліся. Адзін зь лідэраў пакрыўджаных BelToll’ам перавозчыкаў Сяргей Штода, які за першыя тры месяцы гэтак «наезьдзіў» тысяч на дзесяць эўра, заявіў, што такія неадэкватна высокія штрафы прывядуць да банкруцтва прадпрымальнікаў. Беларускія грузаперавозчыкі абвінавацілі ўлады ў спробе зьнішчыць недзяржаўны сэктар міжнародных транспартных паслугаў – каля 5 тысяч юрыдычных асобаў мусяць сплачваць непад’ёмныя штрафы.

Сяргей Штода

Спачатку Міністэрства транспарту пагадзілася было ануляваць штрафы, аднак пазьней перадумала. Напярэдадні заплянаванай на пачатак лютага акцыі грузаперавозчыкаў ля Дому ўраду, дзе яны паабяцалі спаліць свае фуры, Сяргей Штода пайшоў на сустрэчу зь віцэ-прэм'ерам, каб дамовіцца наконт “амністыі”. А ў выніку за нібыта лаянку ў публічным месцы яго арыштавалі на 15 сутак.

Беларускія перавозчыкі здавацца не зьбіраюцца. Каб змагацца з BelToll, яны заснавалі Саюз беларускіх грузаперавозчыкаў «Восьмы рэгіён». Сяргей Штода распавядае, што пакуль грамадзкае аб'яднаньне юрыдычна не рэгіструюць. Нягледзячы на гэта, кажа Штода, грузаперавозчыкі разглядаюць магчымасьць вылучыць свайго кандыдата ў прэзыдэнты менавіта ад «Восьмага рэгіёна» ды прапануюць «праграму поўнай перазагрузкі» – у яе можа ўвайсьці, прыкладам, скасаваньне «дэкрэту пра дармаедаў», транспартнага мыта, абавязковых сэртыфікатаў для прадпрымальнікаў і сыстэмы платных дарог у Беларусі.

Самі вінаватыя

Кіроўцы парушылі правілы тэхналягічнай эксплюатацыі бартавой прылады ці проста не плацілі. Або схавалі прыладу ў “бардачок” і забылі дастаць. Або яе ўвогуле не было ў аўтамабілі. Мэнэджэр па сувязях з грамадзкасьцю кампаніі-апэратара Kapsch Telematic Services Сяргей Буры ў інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што такія сытуацыі справядлівыя для 90% парушэньняў. То бок кіроўцы самі вінаватыя, а таму прадстаўнік кампаніі-апэратара – супраць такой амністыі для «злосных няплатнікаў», якія цяпер пратэстуюць:

«Гэта ўвогуле ў большасьці сваёй не перавозчыкі, не ўладальнікі больш-менш сур’ёзных бізнэсаў ва ўсіх карэктных сэнсах гэтага слова. Гэта людзі, часьцей зарэгістраваныя ў якасьці прадпрымальнікаў, якія маюць адзін-два грузавікі і, як правіла, ня плацяць падаткаў. Па ўсіх гэтых таварышах, асабліва па Сяргею (Сяргей Штода – рэд.), ёсьць матэрыялы і зьвесткі з сыстэмы, і яны былі ўважліва вывучаныя. Чалавек парушыў усе правілы, якія можна было парушыць. Вось «БАМАП» (Асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў. – Рэд.) пісала да ўраду колькі лістоў, што нешта ня так, на іх думку або думку іхніх партнэраў з-за мяжы. Але ўсё ў цывілізаваным рэчышчы. Хачу заўважыць, што нейкай крытычнай колькасьці скаргаў – маўляў, «хлопцы, у вас у Беларусі ўсё кепска» – няма ні ад замежных перавозчыкаў, ні ад найбуйнейшых нашых».

Прэтэнзіяў да сябе наконт недастатковага інфармаваньня кіроўцаў пра новую для іх сыстэму Сяргей Буры ня мае. Паводле яго, такой інфармацыйнай кампаніі, якая была ў Беларусі, не было больш нідзе: дарожныя знакі, кансультанты на аўтастаянках, банэры, СМІ, інфармацыя на 5 мовах.

Прадстаўнік кампаніі Kapsch ахвотна распавядае пра нядбайных кіроўцаў, якія чагосьці не зразумелі ці памыліліся. Тым жа, каму не хапіла тлумачэньняў, ён раіць вучыцца або зьмяніць прафэсію:

«У нас выпадкі былі проста анэкдатычныя, калі ўвечары скідаюць бартавыя прылады ў адну скрыню, а зранку хтосьці ўзяў прыладу, не пэрсаналізаваную для дадзенага аўтамабіля, і ў выніку накатаў дзясяткі тысяч. Гэта недахоп сыстэмы ці бесталковасьць? Былі гісторыі з колькасьцю восяў, калі кіроўца кожны раз перад рэйсам мусіць запраграмаваць прыладу на тое, што машына едзе з грузам, бо прылада ж ня проста так мае ўсе гэтыя кнопкі! Людзі гэта ўвогуле праігнаравалі. Адзін кіроўца распавёў, што напісаў прэтэнзію, даслаў і атрымаў адказ. Тэлефануе нам. Дзяўчына ў call-цэнтры пытаецца, што там напісана, а ён кажа, што не чытаў. Хлопец, калі ты грузаперавозчык, калі ты сам лічыш свае грошы і вядзеш бухгальтэрыю, будзь ласкавы неяк сябе адукаваць або займайся іншай справай. Апэратар не павінен рабіць ім чырвоную дарожку і ня будзе гэтага рабіць. Яны павінны пачытаць тры з паловай старонкі тэксту, патэлефанаваць, калі незразумела. І толькі пасьля гэтага ехаць – такая нашая пазыцыя».

Што лічыцца парушэньнем і колькі гэта каштуе

Неаплачаным праезд лічыцца, калі ў аўтамабілі не было бартавой прылады, калі прылада была пашкоджаная або на ёй не было грошай. Кожная прылада павінна быць зарэгістраваная на канкрэтны транспартны сродак, у ёй прапісваецца, колькі восяў мае аўтамабіль. На шэрагу кантрольных брамаў усталяваныя адмысловыя камэры, якія параўноўваюць зьвесткі, якія паслала бартавая прылада, з рэгістрацыйным нумарам, памерам і колькасьцю восяў транспартнага сродку. Выкарыстоўваць «чужую» прыладу або зь няправільнымі зьвесткамі – гэта «няпоўная аплата» і таксама парушэньне. У абодвух выпадках кіроўцу пагражае «аплата ў павялічаным памеры». Калі кіроўца не аплаціць праезд, то сума штрафу складзе 100 эўра за аўтамабіль, меншы за 3,5 тоны, і 260 эўра, калі транспартны сродак большы за 3,5 тоны. У выпадку няпоўнай аплаты сума кожнага штрафу ўдвая меншая.

Парушэньні сыстэма фіксуе кожныя дзьве гадзіны. То бок што дзьве гадзіны праезд таго ж аўтамабіля пад брамай лічыцца новым парушэньнем. Кіроўцы могуць выбраць, які рэжым платы за дарогі ім больш пасуе: аплата па факце або перадаплата.

Колькасьць зарэгістраваных у сыстэме BelToll транспартных сродкаў перавысіла 211 тысяч. Карыстальнікам выдадзеныя бартавыя прылады, якія актыўныя цягам 5 гадоў. Дэпазыт за прыладу – 20 эўра.

Сыстэму ўвялі ў камэрцыйную эксплюатацыю 1 жніўня 2013 году – пасьля месяца «бясплатнай» працы, калі з кіроўцаў ня бралі платы за праезд. Але гэта ня быў заплянаваны тэставы пэрыяд. Як тлумачыць Сяргей Буры, на гэты крок у кампаніі пайшлі, бо ахвотных адразу ўсталяваць бартавыя прылады на лабавое шкло сваіх аўтамабіляў аказалася ня так шмат. За першыя дзевяць гадзін сыстэмай скарысталіся амаль 23 тысячы кіроўцаў, зь якіх сабралі каля 590 мільёнаў рублёў. За гэты ж час выявілі каля 340 парушальнікаў.

Летась у верасьні сыстэма спагнала “аплаты ў павялічаным памеры” на больш як 12 мільёнаў эўра. Праўда, пасьля разбораў каля 600 тысяч эўра мусілі вярнуць аўтаўладальнікам. Летась за першыя паўгода BelToll прынёс у бюджэт больш за 20 мільёнаў даляраў. Паводле Сяргея Бурага, BelToll сёньня прыбытковы праект для абодвух бакоў – дзяржавы і інвэстара:

«Эканоміка Беларусі атрымала сур'ёзны фінансавы канал, то бок зрэалізавала сваю аб'ектыўную перавагу ў выглядзе геаграфічнага становішча. І гэта прайшло «на ўра». Грошай, якія сёньня зьбірае дзяржава, хапае, каб выконваць усе фінансавыя пляны і праекты, што здараецца нячаста».

Пра свае прыбыткі ў Беларусі Kapsch не распавядае – маўляў, камэрцыйная таямніца.

«Што рабіць з тымі, у каго хапіла мазгоў, каб асвоіць сыстэму?»

Ці сапраўды заўсёды вінаваты ўладальнік аўтамабіля? За першыя тры месяцы камэрцыйнай эксплюатацыі сыстэмы ў BelToll паступіла больш за тры з паловай тысячы прэтэнзіяў на “аплату ў павялічаным памеры”. У лістападзе 2013 году намесьнік кіраўніка дырэкцыі па камэрцыйнай эксплюатацыі кампаніі-апэратара Kapsch Telematic Services Дзьмітры Мазанік заявіў, што толькі каля 20% гэтых прэтэнзіяў мелі пад сабой падставы. Але гэта значыць, што адно зь пяці абскарджаных парушэньняў адбылося не зь віны кіроўцы, а праз тэхнічны збой сыстэмы. («Аплата ў павялічаным памеры» — гэта, па сутнасьці, штраф, які спаганяюць з ўладальніка транспартнага сродку, калі праезд быў не аплачаны ці аплачаны ня цалкам — рэд.)

Сёньня, кажа Сяргей Буры, колькасьць парушэньняў значна зьнізілася. Транзакцыяў, якія генэруюць парушэньне, цяпер адбываецца менш за адну дзясятую адсотка. Гэта, у параўнаньні зь іншымі краінамі, дзе функцыянуе Kapsch, вельмі мала. Няшмат было і судовых працэсаў супраць апэратара.

«Паводле стану на 20 траўня маем 79 спраў. Гэта маленькая лічба. Наколькі я ведаю, большасьць працэсаў скончаныя, а карыстальнікі прайгралі. Мы гаворым пра іх, бо вы пытаецеся. Але сёньня на 10–20 тысяч карыстальнікаў набярэцца ўсяго сотня парушальнікаў. Таму нікога нельга вызваляць ад “аплаты ў павялічаным памеры”, бо што рабіць зь людзьмі, якія нармальна асвоілі сыстэму, у каго хапіла мазгоў і адукацыі? Яны будуць пакрыўджаныя: а чаму іх вызвалілі? Дзе лёгіка?» – пытаецца Сяргей Буры.

Польскім кіроўцам даравалі штрафы

Лёгіку, відавочна, знайшлі польскія ўлады, якія фактычна даравалі штрафы кіроўцам. Сёлета польскі Сэнат унёс шэраг паправак у закон аб публічных дарогах. З 1 студзеня 2015 году ўсе ня скончаныя дагэтуль судовыя справы аб пакараньні кіроўцаў за адсутнасьць аплаты праезду былі спыненыя. Больш за тое, значна зьнізіліся і сумы штрафаў за праезд без аплаты: для легкавых аўтамабіляў з прычэпам ажно ў шэсьць разоў – 500 злотых замест ранейшых трох тысяч; для кіроўцаў цяжкавікоў палёгка ўдвая большая – за такое ж парушэньне яны заплацяць паўтары тысячы злотых. Зьмяніўся і спосаб налічваньня штрафаў. Калі раней кіроўца мусіў аплачваць кожную «штрафную» браму, у выніку чаго яму мог прыйсьці рахунак на дзясяткі тысяч злотых, то цяпер ён плаціць паводле прынцыпу «адзін штраф за адны суткі».

Але папярэднічалі гэтаму доўгія судовыя працэсы, пратэсты перавозчыкаў, звароты і пэтыцыі да ўладаў. Адыграла сваю ролю і ня надта добрая рэпутацыя Kapsch у Польшчы.

***

У наступных частках пра тое, чаму ў Польшчы сыстэму, у якую інвэставала аўстрыйская фірма, лічаць найгоршай з магчымых, пра карупцыйны скандал у Чэхіі і хто з аўстрыйскіх лабістаў Kapsch быў у Беларусі.