Кажаце — „добрае надвор’е“? Я супраць!
Не, я не за безнадзейна хмарнае неба ). Наадварот. Проста па-беларуску так казаць не зусім натуральна.
Бо калі яснае неба, сонца, няма ветру — гэта пагода.
А калі наадварот — непагадзь, непагода (у гаворках і нягода, і няхвіля).
Скажам: Чакаецца пагода. Пагодная восень.
Слова пагода ў гэтым значэньні чуем у нашым фальклёры, нават у дзіцячых заклічках:
Божая кароўка,
Што заўтра будзе —
Дождж ці пагода,
Пень ці калода?
Пагода — ляці,
Дождж — сядзі!
Гэта чарговы прыклад, калі ў беларускай мове адно слова, а ў расейскай два: хорошая погода (старое слова вёдро там практычна забыта). Зрэшты, бывае і наадварот, бо словы ў розных мовах не заўсёды дакладна адпавядаюць адно аднаму.
„Сёньня пагода. Пагодны дзень“
Шкада, гэтых выразаў не пачуем у мэтэапрагнозах афіцыйнай тэлевізіі. (Хоць яны беларускамоўныя, што добра. Надвор’е моцна зьвязанае з адчуваньнем свайго. Калі цяперашнія ўлады пачалі пасьля беларускамоўнай эпохі Генадзя Бураўкіна русыфікаваць тэлебачаньне, то высьветлілася, што нават пакорлівая аўдыторыя хоча слухаць па-беларуску менавіта прагноз. І яго вымушаныя былі вярнуць.)
Градусы Цэльсія і Рэамюра
Сапраўдным моўным тэстам бывае называньне тэмпэратуры. Няправільна казаць „па Цэльсію“, бо з прыназоўнікам „па“ найперш ходзім па ваду (значэньне мэты) і па дарозе (прасторавае значэньне). Шкала Цэльсія, 4 градусы Цэльсія (а таксама Фарэнгайта, Кельвіна і нават Рэамюра).
Беларуская мова строга разьмяжоўвае ступені параўнаньня прыметніка (тая таполя якая? вышэйшая) — ад ступеняў параўнаньня прыслоўяў (узьляцеў куды? вышэй за таполю). Кажам: тэмпэратура апусьцілася далёка ніжэй за нуль, але: сёньня тэмпэратура значна ніжэйшая за нуль. Граматычна сама дакладна было б сказаць 10 градусаў, ніжэйшых за нуль, але задоўга. Лепш 10 градусаў марозу. І спадзяваймася, што ўрэшце ў кватэры будзе дваццаць два градусы цяпла (калі два, тры, чатыры — патрэбны множны лік). Або плюс два, тры, чатыры.
Як Пярун у зацірку
Калі прыходзіць непагадзь, зьбіраецца на дождж. Імжа — малы і дробны дождж. Кажам: імжыць.
Больш сур’ёзны моцны летні дождж — залева. Гэта яна пасьпяхова залівае менскія пешыя вуліцы са сьвежазбудаванымі вадасьцёкамі.
Часам пры залеве бывае навальніца зь перунамі і маланкамі. Гэта розныя зьявы! Пярун б’е да зямлі, маланка бліскае ў небе. Ясна, тут рэха старадаўняй міталёгіі. А жартам кажуць:
ляснуць як пярун у зацірку ‘сказаць гучна, але неўпапад’.
Летні дождж ачышчальны. У тым ліку сьляпы (цыганскі), калі сьвеціць сонца. А пасьля восеньскага застаецца слата, хлюпота, макрэдзь.
Прагноз — мерная хмарнасьць, а не памяркоўная адліга
Так, наша надвор’е часьцей хмарнае, пахмýрнае. Як назваць розныя хмары? Ня мусім вынаходзіць мэтэаралягічныя тэрміны ці браць іх з расейскай. Яшчэ ў 1923 годзе Інстытут беларускае культуры выдаў навуковую тэрміналёгію геаграфіі і касмаграфіі (уклалі географ Мікола Азбукін і матэматык Лявон Більдзюкевіч).
„Перистые облака“ там — перкаватыя аблокі. „Кучевые“— клубаватыя. „Слоистые“ — пластаватыя. Свае, непаўторныя і адначасова зразумелыя словы.
А вось русізму „ўмераны“ ў тым клясычным слоўніку няма. Клімат — мерны. Значыць, і хмарнасьць — мерная. Беларус жа, як самаапраўдальна прынята лічыць, памяркоўны. Хаця хто ведае.