Маці сяміклясьніцы зь Любані заяўляе пра падробку свайго подпісу супраць блогера Андрэя Павука

Андрэй Павук

Жыхарка вёскі Любань Акцябрскага раёну Алена Новікава, чыё прозьвішча стаіць пад лістом бацькоў у раённы аддзел адукацыі з патрабаваньнем ня браць у школу настаўнікам біялёгіі і хіміі блогера і грамадзкага актывіста Андрэя Павука, зьвярнулася з заявай у міліцыю.

Яна піша, што пра калектыўны ліст бацькоў нічога ня ведала і яго не падпісвала. Жанчына просіць начальніка раённай міліцыі Юрыя Высоцкага правесьці праверку факту незаконнага выкарыстаньня яе прозьвішча і падробкі подпісу.

«Мая дачка-сяміклясьніца сказала, што ў інтэрнэце ёсьць ліст, пад якім стаіць нібыта мой подпіс. Гэта падробка. З Павуком я не знаёмая, ніякіх прэтэнзіяў да яго ня маю. Няўжо ў Любані, у нашым Акцябрскім раёне апускаюцца да такога ўзроўню? Я абураная», — кажа жанчына.

Блогер і грамадзкі актывіст Андрэй Павук на прапанову раённага аддзелу адукацыі прыяжджаў у Любанскую базавую школу, каб уладкавацца на часовую працу выкладчыкам біялёгіі і хіміі — замест настаўніцы, якая сышла ў дэкрэтны адпачынак. Аднак праз колькі дзён пасьля прыезду зь Любані ў аддзел адукацыі, спорту і турызму Акцябрскага райвыканкаму паступіў ліст такога зьместу:

«Улічваючы тое, што на працу накіроўваюць Павука Андрэя Ўладзімеравіча, у якога няма досьведу навучаньня дзяцей і ў сувязі з тым, што мы начуліся пра яго „деятельность“, пераканаўча просім дадзенага настаўніка да нас не накіроўваць».

Пад лістом — восем подпісаў бацькоў, у тым ліку і Алены Новікавай, якая нават ня ведала, што такі ліст падрыхтаваны.

«Я не паленаваўся і зьезьдзіў у Любань, — расказвае Андрэй Павук. — Заходзіў у тым ліку і да старшыні Любанскага сельскага савету Тамары Кароль, чый подпіс значыцца пад лістом. Яна мне раіла разысьціся палюбоўна і прыгожа. Казала, што бацькі, чые дзеці вучацца ў школе, зьбіраліся разам, а да Алены Новікавай не датэлефанаваліся. Хто паставіў за яе подпіс, Кароль ня ведае. Сьцьвярджае, што сама яна замест Новікавай не расьпісвалася. А ў маіх здольнасьцях, асабліва ў хіміі, мае сумнеў».

У сваю чаргу, Андрэй Павук не сумняецца, што ліст у аддзел адукацыі быў напісаны на замову, бо ніякія іншыя прэтэнзіі, апроч абвінавачаньня ў «деятельности», у ім ня згадваюцца.

«Горш, калі б казалі, што я „бязьдзейны“, ад крэсла не адрываюся», — лічыць Андрэй.

Павук — стваральнік і адміністратар суполкі «Рудабельская паказуха» ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі». У суполцы больш за тысячу чалавек. На публікацыі і відэасюжэты ў «Рудабельскай паказусе» рэагавалі ўлады і кантрольныя органы, а мясцовыя чыноўнікі часьцей за ўсё крыўдавалі.

Тым часам выкладаць біялёгію і хімію ў Любанскую школу замест дэкрэтніцы запрасілі настаўніцу-пэнсіянэрку.