Падгола аштрафавалі на 315 рублёў за пэрформанс каля Менгарвыканкаму

Пэрфоманс Ўладзімера Падгола і Алеся Таўстыкі пад Менгарвыканкамам 26 жніўня

Такое рашэньне вынес суд Маскоўскага раёну Менску. Былога кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ Уладзімера Падгола судзілі паводле 1 часткі артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) за пэрформанс каля Менгарвыканкаму.

Нагодай для судовай справы стала акцыя 26 жніўня, якую Падгол правёў разам зь іншым кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ Алесем Таўстыкам.

Падчас акцыі кандыдаты зь бінтамі на галовах пікетавалі Менгарвыканкам – яны 50 разоў хадзілі ў будынак і падавалі заявы на кожны пікет.

На вуліцы перад уваходам у Менгарвыканкам Падгол і Таўстыка вывесілі сьцяжкі краінаў, дзе ёсьць амбасады Беларусі і дзе гіпатэтычна кандыдаты маглі б правесьці перадвыбарчыя пікеты.

Паводле Падгола, гэта была ня акцыя, а публічная падача заяваў пры сьведках:

«Мы проста падавалі заявы на перадвыбарчыя пікеты, але ўлады расцанілі гэта як несанкцыянаваную акцыю. Таму лічу гэта помстай міліцыі асабіста мне. У пачатку выбарчай кампаніі падчас пікету ў нас на праспэкце скралі карціну Аляксея Марачкіна «Нашы лялькі», і мы да гэтага часу патрабуем у кіраўніка МУС Ігара Шуневіча вярнуць гэтую карціну. Лічу, што штраф мне далі за гэта. Чыстая помста міліцыянтаў».

Кандыдаты ў дэпутаты пікетавалі Менгарвыканкам зь бінтамі на галаве

Суд над Алесем Таўстыкам адбудзецца 23 верасьня.