З пачатку кастрычніка суды аштрафавалі шэсьць карэспандэнтаў беларускамоўнага тэлеканалу «Белсат», які вяшчае з Польшчы: Ларысу Шчыракову (690 рублёў у адным судзе і 805 у другім), Кастуся Жукоўскага (1150 рублёў), які за дзень атрымаў пратаколы і пастановы з шасьці судоў і для якога гэта дзясяты буйны штраф за год; Любоў Лунёву, Зьмітра Краўчука і Зьмітра Лупача (па 690 рублёў кожнаму); а таксама Аляксандра Баразенку (920 рублёў і канфіскацыя тэхнікі), якога судзілі не за працу, а за «парушэньне аўтарскіх правоў». Таксама пакінулі ў сіле штраф Аліне Скрабуновай (460 рублёў), хоць яна даводзіла, што не было прад'яўлена доказаў таго, што яна супрацоўнічае зь «Белсатам» як замежным СМІ без акрэдытацыі МЗС.
Як паведамляе тэлеканал, позвы ў міліцыю ці ў суд атрымалі яшчэ шэсьць «белсатаўцаў»: Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, Валер Уласік і зноў Баразенка, Жукоўскі і Лупач. А сям’я журналістаў — Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук — чакае судовых выканаўцаў, хоць ужо сплацілі штрафы амаль на 2000 рублёў.
***