«О, Беларусь!.. — Няхай усклікну
І я — за волатамі ўсьлед.
Як пілігрым нясе малітву —
Так я нясу іх запавет.
Я скалясіў і зьмераў пешкі
Твае прасторы ўдоўж і ўшыр —
І ўсе шляхі, дарогі, сьцежкі
Пакрыжаваліся ў душы.
Ня знаю сам, якога зельля
Ты падліваеш мне ў пітво, —
Што гэтак моцна, гэтак хмельна
Тваё чаруе хараство».
Ехаць на радзіму паэта, чые вершы чытаў не аднойчы, заўжды цікава. А тым больш, калі краявіды — гэта месца дзеяньня герояў паэмы «Родныя дзеці». Паэтычнага эпасу пра жыцьцё беларускай інтэлігенцыі 70-х гадоў. І дзе, сапраўды, што ні краявід, то непаўторная карціна. Сярод гэтых краявідаў нарадзіліся два народныя паэты. Першы — Янка Купала. Ён вучыўся ў школе недалёкіх адсюль Янушкавічаў. І апошні, Ніл Гілевіч.
У некалі паўналюднай вёсцы Слабадзе сёньня засталіся лічаныя карэнныя жыхары. Дастаткова вымавіць імя Ніла Гілевіча, як на ўсіх тварах зьяўляюцца ўсьмешкі. Як вось у гэтага немаладога слабадоўца Пятра Верамея.
— Ён часта сюды прыяжджаў. Некалі нават з Максімам Танкам падʼехалі.
— А як вяскоўцы ўспрымалі тое, што ён быў за бел-чырвона-белы флаг?
— Як у горадзе, я ня ведаю. Многа хто за той флаг. Мы за красны флаг. За свой. Беларускі. Яго сын размаўляе толькі па-беларуску! «Прывітаньне!» «Да пабачэньня!» Мы — «здрасьця». А ён — «прывітаньне».
Аркадзь Бурбоўскі, задуменны разважлівы селянін, зьяўляецца траюрадным братам паэта. Культ навукі, па словах Аркадзя, ішоў ад бацькоў паэта.
— Маці ўсё крычала: «Вучыцеся! Вучыцеся!» Ён пастаянна нешта выдумляў, пісаў. Пагонім кароў у поле, яны, старэйшыя, нам загадаюць дроў нацягаць на касьцёр, бульбы. А яны то пішуць, то малююць.
Суседка Гілевічаў, 82-гадовая Зінаіда Бурбоўская, да сёньняшняга дня ня можа забыцца на даўнішнія паваенныя сланечнікі, якія зь іхнага гароду скраў падлетак Нінэл. Ужо 70 гадоў мінула, а эмоцыі старой яшчэ не астылі. Зрэшты, Нінэлам яго ніколі не называлі. Ён і ў дзяцінстве быў Нілам.
— Жулікаваты быў. Той сланечнік — Нілава работа. Некалькі іх тут такіх жулікаў было. Дзеці плачуць. «Сланечнікі зрэзалі!» А гэта ж сьляды ад Нілавых ног вялікіх. Босы тут хадзіў.
І раптам пасярод звыклай размовы ўсплывае дэталь. Восеньню 37-га года бацьку Зінаіды, Мікалая, звычайнага вясковага паштальёна, арыштавала НКВД.
— Вёска была дружная?
— Але ж нехта данёс, што бацьку майго забралі. У яго зброя была. Мне было тры гады, як яго забіралі. У лістападзе. Я стаю, брацік малы, сястра. Мама калыску калыша. І вось тут у парозе стаяў чалавек у гімнасьцёрцы. Такі невысокі. Як Яжоў. Забралі 1 лістапада 37-га і ў студзені 38-га ўжо расстралялі ў Плешчаніцах.
— Вы любілі Савецкую ўладу?
— А мы ж не разумелі нічога. Жылі ды жылі. Бацька толькі пошту насіў. А навыдумлялі, што ён у Польшчу хадзіў. А пасьля дзеці дражніліся: «А дзе твой бацька?» Кажу: «У мяне хоць быў. А ў цябе ж і не было! Цябе пад плотам знайшлі?»
— А Гілевічавы дзеці не дражніліся?
— Не. Добра ставіліся. І Сьвета, і Коля. Разам у школу хадзілі. І Ніл заўжды тут абітаў, у нашай хаце.
Валеры Гілевіч, стрыечны брат паэта, успамінаючы свае прыезды ў сталіцу да знакамітага кузэна, адзначае апантанасьць Ніла Сымонавіча кнігамі.
— Ён працаваць на зямлі не любіў. Ён усё аддаваў навуцы. А зь зямлёй ён надта не сябраваў. У яго, мусіць, і дачкі няма ніякай. Вось толькі бацькаўшчына тут. Прыяжджаў да сястры роднай.
Не дружыў зь зямлёй. Гэта, напэўна, была сапраўдная рэдкасьць сярод літаратараў, былых вяскоўцаў. У тых жа «Родных дзецях» паняцьце араты сустракаецца толькі аднойчы і ў якасьці алегорыі.
«Каб у жыцьцё аратым выйсьці,
А не нахлебнікам жыцьця!»
А вось кім мусіць найперш ганарыцца Беларусь паводле Гілевіча?
«І будзе думацца: які ты —
Яшчэ ў прадаўнія часы —
Быў, любы краю, знакаміты
Майстрамі-творцамі красы!
Якіх ты меў на зайздрасьць сьвету
І цесьляроў, і маляроў,
І летапісцаў, і паэтаў,
І музыкантаў-дудароў!»
— Часта з Рыгорам Барадуліным, едучы да яго ва Ўшачы, заяжджалі да Нілавай сястры. Песьню запяюць. Падзеляцца жыцьцёвымі ўспамінамі.
Валеры Гілевіч лічыць, што фатальнай для Ніла Сымонавіча была адарванасьць ад актыўнага грамадзкага жыцьця.
— Маральна яго забілі, калі выключылі з грамадзкага жыцьця. Памятаеце, як прэзыдэнт казаў? «Шушкевічы, Гілевічы». Гэта падзейнічала. Сышоў з арэны, сядзеў у чатырох сьценах. Гэта на яго моцна паўплывала.
Як сапраўдны паэт Гілевіч пачынае сваё новае жыцьцё. І нас, чытачоў, чакае вельмі шмат цікавых загадак і пытаньняў ад яго. Зададзеных у ня самыя лепшыя для Беларусі часы.
Якой асьветай і культурай
Твае зьдзіўлялі гарады —
Ня толькі Полацак ці Тураў,
А й Друцак, зьніклы назаўжды!
І будзе думацца: чаму ж ты
Ня змог далей свой весьці лад?
Калі — пад цяжкім гнётам змусты —
Пайшоў твой лёс на заняпад?