Невядомыя пад Цэнтральным РУУС скралі ў Кулакова бел-чырвона-белыя сьцяжкі

Ілюстрацыйнае фота

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі», таксіст Леанід Кулакоў, затрыманы 21 чэрвеня супрацоўнікамі ДАІ, распавёў Свабодзе, што зь яго машыны невядомыя скралі бел-чырвона-белыя сьцяжкі, пакуль ён знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менска.

Міліцыянты не пацьвердзілі і не абверглі актывісту сваю датычнасьць да зьнікненьня сьцяжкоў, але сказалі, што «будуць разьбірацца».

Раней прымушалі зьняць сьцяжкі, я адмовіўся, сказаў, здымайце вы, зрабіце пратакол аб канфіскацыі, на якой падставе
Леанід Кулакоў

«Мяне абакралі! Скралі два сьцяга, флагштокі ў машыне засталіся, — кажа Свабодзе Кулакоў. — Цяпер пішу заяву аб завядзеньні справы, яны з усьмешкай прымаюць яе.

Але раней прымушалі зьняць сьцяжкі, я адмовіўся, сказаў, здымайце вы, зрабіце пратакол аб канфіскацыі, на якой падставе. Адвялі на шосты паверх пісаць тлумачэньні, сказалі, будуць разьбірацца, нібы гэта пікет, будзе прыяжджаць праверка. А як выйшаў з РУУС, сьцяжкоў няма.

Сказалі пісаць тлумачэньне, чаму я гэта зрабіў — я патлумачыў, што праявіў сваю грамадзянскую пазыцыю, выказаўся за сувэрынітэт і незалежнасьць Беларусі, праявіў патрыятызм. І што не прызнаю сваю віну, не шкадую, што гэта зрабіў».

У Цэнтральным РУУС карэспандэнту Свабоды патлумачылі, што «правяралі асобу» Кулакова, цяпер яго адпускаюць. Як магло здарыцца, што сьцягі скралі проста пад будынкам РУУС, міліцыя ня ведае:

На тэрыторыі РУУС машына ня ставіцца, яна ўздоўж праезднай часткі становіцца і пад камэры відэаназіраньня не трапляе
міліцыя пра зьнікненьне сьцяжкоў з-пад іх вокнаў

«Мо нехта міма праходзіў, пабачыў гэтыя сьцягі і зьняў, — тлумачаць дзяжурны РУУС. — На тэрыторыі РУУС машына ня ставіцца, яна ўздоўж праезднай часткі становіцца і пад камэры відэаназіраньня не трапляе».

***

Сьцяжкі Кулакоў атрымаў у межах акцыі «Арт-сядзібы» «БЧБмабіль»: актывісты бясплатна раздавалі камплекты бел-чырвона-белых аўтамабільных сьцяжкоў і ладзяць на іх «фотапаляваньне» ў абмен на сувэніры. Як казаў Свабодзе дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус, згодна з правіламі дарожнага руху, сьцягі на машынах не забароненыя, у адрозьненьне ад нанясеньня на машыны адвольных малюнкаў».