Пад «Белымі крыламі»: футбольная зборная ўпершыню бароніць брэнд Караткевіча

Сёньня зборная Беларусі па футболе стартуе ў кваліфікацыйным турніры да чэмпіянату сьвету 2018 году. Першым супернікам беларусаў на «Барысаў-Арэне» стане каманда Францыі, фіналістка нядаўняга эўрапейскага першынства.

Ці не ўпершыню за апошнія гады на стадыёне футбольнага клюбу БАТЭ ў Барысаве (у Менску няма арэны адпаведнага ўзроўню, затое ёсьць пяць лядовых палацаў) чакаецца аншляг — усе квіткі прададзеныя.

Інтарэс да гульні падаграе ня толькі статус суперніка, але і своеасаблівы пэрформанс, які рыхтуе Беларуская фэдэрацыя футболу: да кожнага квітка бонусам прыкладаецца белая майка з нацыянальным арнамэнтам і беларускамоўным надпісам «Белыя крылы». Агулам — 13 тысяч, па колькасьці месцаў на трыбунах.

Беларускі «Ваяр» супраць гальскага пеўня

Сёлета ў жніўні прэзэнтавалі прынцыпова новую форму футбалістаў асноўнай каманды. Распрацоўнікі нарэшце адышлі ад ня надта спалучальнай чырвона-зялёнай колеравай гамы, спыніўшыся на двух варыянтах — белы камплект з чырвонай паласой на футболцы ў выглядзе стылізаванай вышыванкі і чорны з шэрым «папярочнікам» арнамэнту. Першае выпрабаваньне строю пасьпяхова прайшло ў Нарвэгіі: у таварыскім матчы выхаванцы Аляксандра Хацкевіча зь лікам 1:0 перамаглі гаспадароў поля.

Белы і чорны камплекты формы футбольнай зборнай Беларусі

Апроч таго, зборная займела ўласны канцэптуальны брэнд «Белыя крылы» па матывах твораў клясыка беларускай літаратуры Ўладзімера Караткевіча. Дамінантай новага таварнага знаку — элемэнт нацыянальнага арнамэнту зь белымі крыламі па баках. Плюс да ўсяго, зьявіўся пэрсаніфікаваны сымбаль «Ваяр», сярэднявечны рыцар. Сёньня яму будзе супрацьстаяць гальскі певень — неафіцыйны сымбаль Францыі. Ён упрыгожвае форму французаў.

Беларускія заўзятары ўжо мелі магчымасьць ацаніць плён дызайнэрскай творчасьці на адкрытай трэніроўцы чальцоў каманды 3 верасьня ў Менску. Тады, сярод іншага, быў прадстаўлены шырокі выбар брэндаваных атрыбутаў — майкі, шалікі, значкі і г.д. Фармат імпрэзы з элемэнтамі шоў меў на ўвазе і вольны доступ да гульцоў: можна было ўзяць аўтограф, зрабіць сумеснае фота.

Футбольная зборная правяла адкрытую трэніроўку з нацыянальнай атрыбутыкай для заўзятараў

Ініцыятар радыкальнага пераўвасабленьня нацыянальнай зборнай — вядомы журналіст, заснавальнік спартовай газэты «Прессбол», а цяпер дырэктар дэпартамэнту маркетынгу і камунікацыяў Уладзімер Беражкоў. Раней быў за генэральнага мэнэджэра хакейнай каманды «Дынама» (Менск), але яго абвінавацілі ў злоўжываньні службовым становішчам. Некалькі месяцаў ён правёў за кратамі. Нядаўна крымінальную справу спынілі.

Пасьля турэмнага «застою» Ўладзімер Беражкоў з галавой акунуўся ў справу, прэзэнтаваўшы перад адборачным цыклем галоўны плён сваіх намаганьняў:

«Асноўная мэта — прыцягнуць да футболу максымальную аўдыторыю, — кажа спадар Беражкоў. — На самой справе футбольная аўдыторыя — гэта ня нейкая вузкая мэтавая група кшталту „ультрас“ ці мужыкоў, якія лушчаць семкі і лаюцца матам. Мы хочам, каб на футбол хадзілі сем’ямі, каб там былі дзеці, каб было ня страшна, утульна, прывабна. Каб усе разумелі, за што яны перажываюць — за пэўны сымбаль, за пэўны татэм, за пэўную, цалкам зразумелую кожнаму чалавеку субстанцыю. Таму задача — дабіцца візуалізацыі вобразу беларускага футболу, яго матэрыяльнасьці. Каб людзі зразумелі, што сымбалі, блізкія сэрцу кожнага беларуса, гэтак жа блізкія і футбалістам».

Стадыён эўрапейскі, інфраструктура калгасная

Спартовая супольнасьць прыхільна ўспрыняла «рэвалюцыю» ў аздабленьні беларускага футболу. Цяпер, як кажа футбольны агент Валеры Ісаеў, застаецца толькі дачакацца, што пры дапамозе «белых крылаў» на новую вышыню ўзьнясуцца самі футбалісты:

«Як мне падаецца, усё атрымалася роўна ў кропку, прынамсі пакуль. Ужо ёсьць першы станоўчы вынік — добра, што стартавалі з выйгрышу, хай і ў таварыскай сустрэчы. А калі яшчэ годна згуляюць з французамі, то гэта будзе найлепшая падтрымка ўсяму праекту. Асабіста я ўспрымаю гэта зь цікавасьцю і лічу, што цяпер гэта патрэбна. Ці прыжывецца — вось гэта пытаньне. Бо вы ж самі бачыце: мы не зусім гатовыя да такіх рэчаў, самі можам паламаць усю ідэю. Напрыклад, БАТЭ гуляе важны матч, і заўзятары пасьля прапушчанага мяча за 15 хвілін да канца сустрэчы пачынаюць пакідаць трыбуны. Гэта паказьнік таго, наколькі цяжка нам яшчэ даецца адзінства з камандай. Але ў дадзеным выпадку пакуль усё ідзе як трэба. Ёсьць нямала памарак, памылак. Тым ня меней, ня так кепска».

Брэндаваная прадукцыя для заўзятараў

Што замінае шырокай падтрымцы — дык гэта вымушанае кватараваньне галоўнай зборнай дзе заўгодна, толькі не ў сталіцы. Некалькі гадоў таму ў футбалістаў «экспрапрыявалі» стадыён «Дынама», які пасьля доўгіх развагаў над праектамі вырашана пераабсталяваць у лёгкаатлетычную арэну.

Абяцаны нацыянальны стадыён у раёне старога «Трактара» не існуе нават на паперы. Сёньня стала вядома, што забракавалі ўжо трэцяга патэнцыйнага інвэстара — пасьля немцаў і вугорцаў менскія ўлады не знайшлі паразуменьня з кітайцамі. Кіраўніцтва Менгарвыканкаму заявіла, што справу давераць мясцовым забудоўшчыкам.

На думку Валерыя Ісаева, пакуль беларуская зборная будзе ў ролі беспрытульніка, ажыятаж будзе хіба што падчас прыезду такіх усясьветных грандаў, як Францыя ці Галяндыя. Ня так шмат ахвотных траціць некалькі гадзін у заторах пры выезьдзе з «Барысаў-Арэны». Прынамсі, сам спадар Ісаеў не рызыкуе выбірацца са свайго Віцебску, каб вярнуцца толькі пад раніцу — спыніцца на ноч у Барысаве няма дзе фізычна:

«Шчыра скажу: матч з французамі буду глядзець па тэлевізары. На жаль, вялізная праблема лягістыкі з барысаўскім стадыёнам. Сёньня прачытаў, што міліцыя просіць ня ехаць на прыватным транспарце. Дапусьцім, менчукам падгоняць электрычку, а як зь іншых рэгіёнаў дабірацца? Апошні раз езьдзіў зь сябрамі на БАТЭ, „прабілі“ гатэлі — такое ўсё ўбогае, што лепш пераначаваць у машыне. Няма магчымасьці, каб прыехаць на футбол, перакантавацца і раніцай ехаць дадому. Кажу ад імя жыхароў рэгіёнаў. Проста памятаю, што яшчэ за савецкім часам з бацькамі на аўтобусе прыяжджаў у Менск на вялікі футбол — усё было цудоўна арганізавана. А цяпер як паехаць, скажыце? Пераначаваць няма дзе, гульня заканчваецца ў 23:30, да Менску — суцэльны затор, апошні раз прыехалі а 3-й ночы. Вельмі нязручна. Таму, што тычыцца зборнай — канечне, неабходна, каб стадыён быў у сталіцы».

У групе А, акрамя Беларусі і Францыі, выступяць таксама зборныя Галяндыі, Швэцыі, Баўгарыі і Люксэмбургу. У фінальную частку ўсясьветнага першынства наўпрост выходзіць пераможца групы, другое месца дае шанец на стыкавыя матчы. Галоўны трэнэр беларусаў Аляксандар Хацкевіч агучыў задачу-мінімум для каманды — заняць месца, не ніжэйшае за трэцяе. Але, удакладніў спэцыяліст, гэта ня значыць, што футбалісты ня будуць змагацца за выхад на чэмпіянат сьвету.