5 верасьня ў судзе Заводзкага раёну Менску пачаўся судовы разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да былога намесьніка міністра па надзвычайных сытуацыях Дзьмітрыя Бегуна і былога дырэктара прыватнага прадпрыемства «РМ ГрыфРэстаўрацыя» Аляксандра Грыца.
Першы абвінавачваецца ў атрыманьні хабару, другі — у даваньні.
Як перадае БелаПАН, паводле сьледзтва, Грыц неаднаразова перадаваў хабар Бегуну, а той узамен забясьпечваў бесьперашкоднае атрыманьне дакумэнтаў аб захаваньні пажарнай бясьпекі на аб’ектах, дзе працавала кампанія. У матэрыялах справы ёсьць відэазапіс, на якім, па словах пракурора Вадзіма Кісяля, відаць, як Грыц перадае хабар Бегуну.
Фігурантаў крымінальнай справы затрымалі 19 сакавіка. Празь некалькі дзён пасьля гэтага сытуацыю пракамэнтаваў Аляксандар Лукашэнка.
«Хабар браў, на месцы ўзялі ўсіх. Усе аднолькавыя перад законам — і міністры, і намесьнікі», — сказаў ён.
У судзе пракурор не назваў дакладнай сумы ўсяго хабару, але гаворка ідзе пра некалькі дзясяткаў тысяч даляраў. Прагучала, што Дзьмітры Бягун — палкоўнік унутранай службы.
Былы чыноўнік адмовіўся адказваць на пытаньне, ці прызнае ён сваю віну, спаслаўшыся на тое, што ня змог азнаёміцца цалкам з матэрыяламі справы.
Бізнэсовец Аляксандар Грыц сваю віну прызнаў цалкам.