На сайце prastora.by пачалі прымаць папярэднія замовы на аўдыёкнігу Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд», якую па-беларуску прачытала былая тэлевядоўца, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. Аўдыёкніга на дыску каштуе 99,9 тысячы беларускіх рублёў.
Саму аўдыёкнігу ўжо запісалі, як заявіў на прэзэнтацыі кнігі «Алексіевіч на Свабодзе» старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч.
Поўная аўдыёкніга зьявіцца ў продажы 14 чэрвеня, тады ж пачнецца дастаўка дыскаў тым, хто зрабіў папярэднюю замову, удакладніў Свабодзе галоўны рэдактар выдавецтва «Папэрус» Міхась Башура. Неўзабаве на «Беларускай прасторы» пачнуць прымаць і папярэднія замовы на аўдыёкнігу ў выглядзе простага аўдыёфайла.
Электронную тэкставую вэрсію кнігі «Час сэканд-хэнд» можна спампаваць бясплатна на сайце Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.