Пад чым гетман Астроскі перамог 80000 маскавітаў?*

Your browser doesn’t support HTML5

Як слушна: Орша ці Ворша?

Ізноў паўстае пытаньне пра назву гораду, пад якім адбылася перамога:

ПАД ОРШАЙ ці ПАД ВОРШАЙ.

Адказ зьвязаны з важнымі законамі беларускай фанэтыкі, з адчуваньнем мілагучнасьці па-беларуску.

Your browser doesn’t support HTML5

Орша ці Ворша?

«Другое месца беларускай паводле мілагучнасьці пасьля італьянскай», ды яшчэ нібыта паводле нейкіх дасьледзінаў ААН, на жаль, толькі прыгожая байка, якая цешыць нашае самалюбства. Няма і ня можа быць унівэрсальных крытэраў мілагучнасьці для розных моваў сьвету. Недзе ёсьць музычны націск, як у кітайскай ці грэцкай ці літоўскай. Недзе амаль адны галосныя, як у ціхаакіянскіх мовах (выспа Eiao ў Францускай Палінэзіі), а недзе суцэльныя зычныя, як у мовах чаркесаў, якіх на месцы цяперашняга Сочы нішчыла Расейская імпэрыя: ххъкIбкъвылкI або забароненай у Расеі абазінскай лацінкай xqk’bq’wəlk’ ‘тры дзежкі пад сьмятану’ па-абазінску. І кожнаму мілыя гукі ягонае мовы.

Беларуская мова прыблізна пасярэдзіне. Слова мілагучнасьць, хутчэй за ўсё, прыдумаў Вацлаў Ластоўскі, але першае рацыянальнае азначэньне яму даў тонкі, чуйны да слова паэт — Уладзімер Дубоўка. Ён браўся за мовазнаўства — кранаў і лексыку, і стылістыку, і нават графіку: ствараў літары. Друкаваў сваё ў часопісе «Ўзвышша», які рэдагаваў. Дубоўкавы мовазнаўчыя працы, вельмі паэтычныя, пасьля ягонага арышту ў 1930 годзе замоўчваліся, адкрыліся яны шырокаму чытачу толькі напярэдадні развалу СССР.

Трэба адзначыць (...), што найбольш мілагучныя мовы сьвету (італьянская і ўкраінская) маюць тую асаблівасьць, што бадай заўсёды ў словах, сказах спатыкаецца роўная колькасьць галосных і зычных (1:1). Гэта прапарцыйнасьць ва ўкраінскай мове часам парушаецца, але кампэнсуецца і ўраўнаважваецца асобнымі эўфанічнымі спосабамі (пераход «в» на «у» ў вядомых выпадках і г.д.).

Беларуская мова збольшага набліжаецца паводле чаргаваньня галосных і зычных гукаў да згаданых моваў (1:1,2; 1:1,3), але ўсё ж поўнай раўнавагі не дасягае. На дапамогу прыходзяць асабліва музычныя гукі (падвойныя мяккія зычныя, а такжа д'з'; ц'; л'; н' і г.д.), якія, спатыкаючыся ў вялікай колькасьці, надзвычайна ўзбагачаюць гукавую кампазыцыю. На фоне гучаньня гэтых мяккіх цьвярдыя вылучаюцца ў якасьці акампануючых, што ў агуле і дазваляе дасягнуць найвялікшай мэлядыйнасьці.

“Некаторыя прыватныя выпадкі мілагучнасьці нашае мовы”. Узвышша, № 4, 1927 г.

І далей Дубоўка тлумачыць, якая зьява парушае «мэлядыйнасьць». Гэта зьбегі падобных:

...У нашай мове, як і ў іншых, часта-густа спатыкаецца зьбег галосных і зычных гукаў, чым парушаецца мілагучнасьць. Першы выпадак ...умовімся азначаць беларускім словам жось, другі выпадак ...умовімся азначаць словам турэц.

Гэтыя ёмістыя словы Дубоўка ўзяў з мовы дзьвінскіх плытагонаў, запісанай паводле корніка (старэйшага плытагона) Пятра Рудака зь Дзісны:

"Жось — ...прыцішаная плынь вады па пяшчаным і ўсыпаным каменьнем дне. Турэц — прысьпешаная плынь вады, сьцісьненая з двох бакоў каменнымі стромкімі лехамі”.

Словы ня штучныя, я праверыў. Жось — мае варыянт жэсь ‘камяністая мель’, віцебскае. Этымалягічны слоўнік беларускай мовы ўзводзіць слова да таго ж кораню, што і жарства ‘буйны пясок з каменьчыкамі’, але, на маю думку, тут бліжэйшы балцкі корань, напр., літ. žiezdra 'жвір, шчэбень'

Турэц

Турэц — больш празрыстае слова, параўнай турыць 'хутка ехаць, бегчы'. Іван Насовіч лічыў слова гукаперайманьнем — ад грукату калёсаў пры хуткай язьдзе. Адсюль жа турок — цацка ваўчок; прыклад з Насовіча: «Мяне туды-сюды ганяюць, як туркá».

Каб гісторыя Беларусі ў ХХ стагодзьзі пайшла інакш, хто ведае, мо гэтыя словы — жось і турэц — прыняліся б як тэрміны беларускага мовазнаўства.

Далей Уладзімер Дубоўка апісвае некалькі спосабаў, якімі беларуская мова ўнікае такіх зьбегаў, вяртае сабе плаўнасьць зьмены зычных і галосных.

В+О+РША

Вернемся да Оршы/Воршы, каб пабачыць спосабы дасягненьня мілагучнасьці, якіх у гэтым слове ажно два.

У самых старых тэкстах (напр., у Іпатаўскім летапісе) была РЪША. Этымолягі бачаць у ім корань р(ъ)ш, параўн. Ірша — рака на Валыні. Знакаміты літоўскі мовазнаўца Казімерас Буґа (зь якім пагаджаўся мэтр славянскай этымалёгіі Макс Фасмэр) углядаў тут адзін корань са словамі русло і rusėti 'цекчы' (літ.). Стары кароткі галосны, які абазначаўся літарай ъ, зьнік, і атрымаўся цяжкавымоўны пачатны зьбег двух зычных рш-.

Значыць, о- тут прыстаўны галосны гук, які палягчае вымаўленьне двух пачатных зычных, разбаўляе іхны зьбег — турэц па-дубоўкаўску.

Яўхім Карскі

Яўхім Карскі ў «Беларусах» («Мова беларускага народу», вып. 1, 1903) узнаўляе эвалюцыю імя гораду:

Першапачаткова націск, верагодна, быў на канцы і толькі пры злучэньні з прыназоўнікамі націск ставіўся на ó: кó Ръши [параўн.: нá Ръши...], а затым з разьвіцьцём галоснага перад р паводле аналёгіі падобных выпадкаў націск назаўсёды заставаўся на о.

З ко Ръши атрымалася к Орши. Карскі таксама прыводзіць аналёгіі з прыстаўным о- (а-) зь беларускіх гаворак: аржаны, аржа (і іржа), амшара, Амціслаў.

Іншую пераканаўчую этымалёгію назвы гораду (але не супярэчную вышэйзгаданай) дае вядомы беларускі тапаніміст Іван Яшкін. У сваіх родных мясьцінах на Прапойшчыне (цяперашні Слаўгарадзкі р-н) ён зафіксаваў словы аршá і аршáвіна 'балота з камякамі жалезнай руды; гразь, што ніколі не перасыхае, зь пялёнкай вокісу жалеза паверх'.

У кожным разе, атрымалася Орша. Слова з пачатным губным галосным о-.

Але і такія словы у беларускай мове зазналі далейшае «умілагучненьне». Мова імкнулася прыкрываць такія пачатныя галосныя пэўным зычным. Найперш — пасьля прыназоўніка у, калі ўтвараўся зьбег галосных, жось па-дубоўкаўску:

*у оку / *у[w]оку (устаўны губны паўгалосны гук) / у воку

Дакладна гэтаксама — у Воршы. Сказаць «у Оршы» па-беларуску немагчыма, трэба выломваць язык. Адсюль і пайшла Ворша — ва ўсіх склонах і словазлучэньнях.

Ворша, але ня Вош

Беларускі гук в часта розьніцца ад расейскага, ён плаўнейшы, санорны, бо вымаўляецца дзьвюма вуснамі, а расейскі — толькі шумны, губна-зубны. Таму беларускі гук лёгка пераходзіць у «паўгалосны» ў, і «рыса гэтая кідаецца ў вочы нярускім назіральнікам», кажа Яўхім Карскі. Далучэньне в- да словаў з пачатнымі о-, у- стала правілам для ўласнабеларускай лексыкі: вобмаль, Восіп, Вольга, Вуляна, вох, вой (выклічнік).

Таму ў беларускай мове вельмі мала словаў, якія пачынаюцца на о- (у параўнаньні з расейскаю ці польскаю). Наагул частотнасьць літары о ў нас меншая, і на добры лад месца о ў беларускім раскладзе клявіятуры мела б быць збоку (а вось э — бліжэй да сярэдзіны, чым у расейскім).

Параўнальна недалёка ад Воршы гнязьдзіцца назва Обаль: рака, прыток Дзьвіны; возера ў Гарадоцкім р-не; мястэчка («гарадзкі пасёлак») у Шумілінскім раёне на р. Обаль; вёскі ў Гарадоцкім і Сеньненскім раёнах.

Валянціна Лемцюгова празрыста тлумачыць іхную этымалёгію: «Паселішча, заснаванае на обельнай (вобельнай) зямлі, г. зн. набытай на правах абсалютнай уласнасьці. Ад старажытнага слова обел (вобел) 'у поўную ўласнасьць'».

Вобаль, палац Грабніцкіх

Я б, аднак, дадаў, прынамсі што да назвы ракі. Гідронімы, як правіла, больш старажытныя за назвы паселішчаў. Вельмі шмат балцкіх назваў рэк з падобнымі каранямі; зьвязаныя яны ці не зь яблыняй — obelis (літ.) — ня гэтак істотна. У кожным разе форма Вобаль мусіць стаць асноўнай.

Асобна мушу сказаць пра раку, прыток Бярэзіны (Усходняй), назва якой фіксуецца ў афіцыйных даведніках у двух варыянтах: Ольса і Вольса. Іван Яшкін узводзіць яе да народнага слова вольс 'нізінны альховы лес' (бывае і алёс). Ёсьць аднакаранёвыя — возера Волься ў Пастаўскім р-не. Думаю, для тых, хто ўжывае гэтую назву, важна ведаць: беларускай фанэтыцы адпавядае толькі Вольса.

Стары (В)Ольса. Слава Воршы ўжо нязгорша!​

Пачатнае О- (а ня Во-) — гэта часта індыкатар небеларускасьці назвы. Ош мы не перарабляем у «Вош», Омск у «Вомск».

Але ў некаторых рэгіёнах Беларусі з прычыны ці то асаблівасьцяў гаворак, ці то іншамоўных уплываў пачатковы о- магчымы (поўнач Беларусі, Заходняе Палесьсе — г. зн. не асноўны масіў).

Дыялекталягічны атляс беларускай мовы. Наяўнасьць/адсутнасьць прыстаўных зычных перад о-, у-

Укладальнікі шасьцітамовага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь” на чале з Валянцінай Лемцюговай паспрабавалі разьвесьці, паклясыфікаваць беларускія тапонімы на О- і Во- (і аналягічна на У- ці Ву-):

  • у залежнасьці ад мясцовага вымаўленьня пісаць Водруб ці Отруб, Востраў ці Остраў;
  • назвы зь цьмянай этымалёгіяй пісаць бяз В- (Олтуш, Ордань, Урведзь, Устронь, Уць);
  • назвы рэк неславянскага паходжаньня пісаць бяз В- (Олксна, Опса, Ужа, Узда, Ула, Уса, Усяжа, Уша);
  • і толькі ў геаграфічных назвах славянскага паходжаньня пісаць прыстаўны В- (Вобчае, Восава, Воступ).

Крытэры, на жаль, размытыя. Напрыклад, ці «славянскі» балтызм вольс, якому ў мове нашых продкаў тысяча гадоў? Але ў кожным разе Ворша трапляе хутчэй у чацьвертую групу, а значыць, мае пісацца з В-.

Зь іншага боку, нават у прозьвішчах ня ўсе беларусы маюць прыстаўное В- перад О-: Орда, Орса, магнаты Осьцікавічы. Але ці добра мы робім, калі айца ўкраінскага канстытуцыяналізму Піліпа Орліка (1672—1742), народжанага ў Касуце пад Вялейкай, не называем Ворлікам? Пагатоў ёсьць ворлік (Aquilegia) — кветка сям. казяльцовых; бывае і такая мянушка каня.

Герб Ворлікаў «Навіна»

Паводле школьнага правіла, прыстаўны в- «прыкрывае» пачатны галосны о- пад націскам, а калі ён пераходзіць у а-, то не «прыкрывае». Таму — вокны, возера, але акно, азёры. Праўда, жывая мова гэтаму правілу супрацівіцца, яно непасьлядоўнае (вочы — вачэй). Бо інакш як у[в]азёрах ня скажаш. У кожным разе, перад а- рэглямэнтацыя ня жорсткая. Таму Ворша, але ўсё ж аршанскі.

Белорусский зверь ожик

Расейцы чуюць гэтыя нашыя прыстаўныя/устаўныя, але спрабуюць іх адкідваць, калі перадаюць па-свойму нашыя ўласныя найменьні. Назвы ракі Вольша (або Сухадроўка, прыток Лучосы) і возера Вольшыца (у Бярэзінскім запаведніку) па-расейску перадаюць «Ольша» і «Ольшица». Хаця варта захоўваць у любой мове арыгінальную беларускую форму. Гэтага ня робіцца, і ў выніку ўзьнікаюць экзатычныя назвы накшталт «Ожики» (гэта нашыя свойскія і сымпатычныя Вожыкі, вёска ля Радашкавічаў).

Некалі на мае моўныя курсы запісаўся чалавек з прозьвішчам, якое па-расейску пісалася Вариоцкий (прашу ў яго прабачэньня, што прыводжу прыклад, але ж важна для іншых). Калі фармальна, паводле фанэтычных правілаў, перадаць такое напісаньне па-беларуску, атрымліваецца Варыёцкі. Этымалёгія прозьвішча зацямняецца канчаткова. Але ў Беларусі пашыраныя прозьвішчы Варывода, Варыводзкі, з празрыстым паходжаньнем, утвораныя ад старадаўняй мянушкі. Відавочна, расейскія чыноўнікі некалі прынялі гук [в] у сярэдзіне слова за ўстаўны (накшталт Иларион — Ларывон) і выкінулі яго.

Дарэчы, у беларускай мове такія грэцкія з паходжаньня імёны, як Лявон, Радзівон, Ларывон, асвоіліся вельмі даўно і таму вымаўляюцца й пішуцца з устаўным -в- (не «Радыён», гэта памылка).

І вымавіць слова «наогул» адпаведна яго напісаньню няма як. Або зьяўляецца ўстаўны гук в — [навогул] — або ссоўваецца націск, атрымліваецца наагул, прычым [аа] сьцягваецца ў адзін гук.

Прыстаўных і ўстаўных для «разбаўленьня» непажаданых зьбегаў у нас шмат. Пра іншыя — наступнымі разамі.

*Правільны адказ: пад харугвамі з Пагоняй

Першая публікацыя 25.09.2014