У Малдове вельмі цэняць добрыя гандлёва-эканамічныя адносіны зь Беларусьсю ва ўмовах таго ціску, які чыніць на Кішынёў Масква.
Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе заявіў дырэктар праграмаў кішынэўскага Інстытуту грамадзкай палітыкі, экс-дэпутат малдаўскага парлямэнту Оазу Нантой, камэнтуючы двухдзённы візыт у Менск прэзыдэнта Малдовы Нікалае Цімофці.
— Якія інтарэсы сёньня мае афіцыйны Кішынэў у Беларусі? Як у Малдове ставяцца да Беларусі?
— Падчас свайго апошняга візыту спадар Лукашэнка (Лукашэнка знаходзіўся з афіцыйным візытам у Кішынэве напрыканцы верасьня 2014 году. — РС) прадэманстраваў досыць кантрасную ў параўнаньні з Расеяй пазыцыю адносна таго, што Малдова падпісала Дамову аб асацыяцыі. Спадар Лукашэнка разглядаў падпісаньне гэтай Дамовы аб асацыяцыі паміж Малдовай і Эўразьвязам як шанец для разьвіцьця адносінаў паміж Беларусьсю і Малдовай. У той час як Расея выкарыстоўвае гэта як падставу, каб чыніць самы беспардонны ціск на Малдову, аж да эканамічнай блякады (ня кажучы ўжо пра працяг падтрымкі антыканстытуцыйнага рэжыму ва ўсходнім рэгіёне Рэспублікі Малдова). Для Малдовы як для невялікай краіны важна мець прадказальнага партнэра ў асобе Беларусі, важна мець у асобе Беларусі партнэра па гандлёва-эканамічных адносінах і тым самым дэманстраваць, што паміж краінай, якая падпісала Дамову аб асацыяцыі, і краінай, якая знаходзіцца ў Эўразійскім эканамічным саюзе, могуць быць карэктныя, узаемапаважлівыя і ўзаемавыгадныя адносіны.
— Інтарэс Кішынэва да Беларусі пераважна гандлёва-эканамічны ці палітычны?
— На жаль, на постсавецкай прасторы гандлёва-эканамічныя адносіны не свабодныя ад палітыкі, якая навязваецца нам Расеяй. Таму я падкрэсьлю: Беларусь для Малдовы — важны гандлёва-эканамічны партнэр, але менавіта нармальнасьць гандлёва-эканамічных адносін становіцца палітыкай у сытуацыі, калі Расея топча ўсе дамоўленасьці, дасягнутыя як у рамках СНД, так і ў рамках двухбаковых адносінаў з Малдовай.
Расея топча ўсе дамоўленасьці, дасягнутыя як у рамках СНД, так і ў рамках двухбаковых адносінаў з Малдовай
— Ці існуюць паміж Менскам і Кішынэвам пэўныя супярэчнасьці ў сувязі з тым, што Беларусь уваходзіць у Эўразійскі эканамічны саюз, а Малдова падпісала Дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам?
— Я не магу сьцьвярджаць нешта падобнае.
У гэтым сьвеце поўна міжрэгіянальных, міждзяржаўных структураў, але толькі ў выпадку з праграмай «Усходняе партнэрства» мы бачым, як Малдова адчувае ціск з боку Расеі. Ня кажучы ўжо пра тое, што Малдова з трывогай глядзіць на падзеі ў суседняй Украіне — я асабіста лічу, што там мы бачым акт агрэсіі з боку Расейскай Фэдэрацыі, і гэта, вядома, не дадае аптымізму ў пытаньні нармалізацыі дачыненьняў паміж Малдовай і Расеяй. Таму тут я паўтаруся: гандлёва-эканамічныя адносіны, вядома, для нас важныя, але сама нармальнасьць гэтых адносін ужо становіцца палітычным фактарам.
— А ці разьлічваюць у Малдове, што Аляксандар Лукашэнка стане своеасаблівым пасярэднікам у адносінах Кішынэва і Масквы?
— Я не магу выказваць здагадкі наконт такой магчымай пасярэдніцкай ролі Беларусі. Я не лічу, што хтосьці можа зьмяніць сутнасьць палітычнага рэжыму ў Расеі і стаць адвакатам Рэспублікі Малдова. Мы цэнім нармальнасьць адносін зь Беларусьсю, але ня маем ілюзіяў на прадмет таго, што адбываецца ў Расеі.
Двухдзённы візыт
Прэзыдэнт Малдовы Нікалае Цімофці знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візытам 16–17 ліпеня. На сёньня заплянаваныя яго перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам тэт-а-тэт, а таксама ў пашыраным складзе.
Па выніках перамоваў чакаецца падпісаньне шэрагу дакумэнтаў па пытаньнях супрацоўніцтва і абмену прававой інфармацыяй, па ўзаемадзеяньні ў сфэры прамысловасьці, міжрэгіянальных сувязяў.
На сёньня таваразварот паміж Беларусьсю і Малдовай складае каля 400 мільёнаў даляраў. Прадстаўнікі дзьвюх краін кажуць пра намер у бліжэйшы год дасягнуць узроўню 500 мільёнаў.
У розных частках рэйтынгаў
Цікава, што ў розных сусьветных рэйтынгах Беларусь і Малдова рэдка апынаюцца побач.
У грамадзка-палітычных сусьветных рэйтынгах Малдова традыцыйна апярэджвае Беларусь. Так, у рэйтынгу свабоды прэсы паводле вэрсіі Freedom House Беларусь займае 194-е месца, Малдова — 121-е. У аналягічным рэйтынгу паводле вэрсіі «Рэпартэраў бязь межаў» Беларусь — 157-я, а Малдова — 72-я.
У рэйтынгу міралюбнасьці Global Peace Index Беларусь займае 110-е месца, Малдова — 70-е. У індэксе ўспрыманьня карупцыі Transparency International Беларусь займае 119-е месца, Малдова — 103-е.
У рэйтынгу дэмакратыі Freedom House Малдова аднесена да краін зь пераходнай або гібрыднай палітычнай сыстэмай, а Беларусь — да аўтарытарных краін.
Але па некаторых напрамках Беларусь апярэджвае Малдову: напрыклад, паводле Індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу Беларусь займае 53-е месца ў сьвеце, а Малдова — 114-е.
Што тычыцца ўзроўню жыцьця, то паводле стану на красавік сярэдні заробак у Малдове складаў крыху больш за 250 даляраў, у той час як у Беларусі за аналягічны пэрыяд — каля 450 даляраў (праўда, потым заробкі беларусаў зьнізіліся).