Як у 1990-х расейскія вайскоўцы наведвалі ядзерныя ракетныя базы ЗША. ФОТА

Старшыя камандзіры расейскіх Стратэгічных ракетных войскаў уваходзяць на базу міжкантынентальных балістычных ракет ЗША ў кастрычніку 1996 году

Архіўныя здымкі адлюстроўваюць аптымізм 1990-х гадоў, калі Вашынгтон і Масква адчынілі дзверы на свае найбольш адчувальныя ваенныя базы для экскурсій добрай волі.

Перакладчык арміі ЗША перакладае для палкоўнікаў расейскіх Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня ля ўваходу ў шахту для ядзерных ракет Minuteman III.

Фатаздымак вышэй, зроблены ў кастрычніку 1996 году, зьяўляецца адным зь нямногіх, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве ЗША і адлюстроўваюць кароткачасовую адлігу ў адносінах паміж Масквой і Вашынгтонам.

Гэтая адліга пачалася, калі СССР апынуўся на мяжы краху, і завяршылася з прыходам да ўлады Ўладзіміра Пуціна.

Расейскія і амэрыканскія інспэкцыйныя групы аглядаюць вучэбную шахту ракеты Minuteman II ВПС ЗША ў рамках Дамовы аб скарачэньні стратэгічных узбраеньняў (СНУ) у Паўднёвай Дакоце.

У сьнежні 1991 году Барыс Ельцын, які неўзабаве стаў прэзыдэнтам Расеі, падрабязна расказаў дзяржсакратару ЗША Джэймсу Бэйкеру, як менавіта будзе актываваная сыстэма ядзернага ўдару Крамля для нападу.

Расейскія генэралы праходзяць інструктаж у рабоце навучальнага комплексу па запуску ракет на авіябазе Мальмстрам у штаце Мантана

Нечаканы жэст адкрытасьці Ельцына адбыўся усьлед за сэрыяй саступак з абодвух бакоў, што прывяло да выдаленьня тысяч ядзерных боегаловак з арсэналаў кожнай з краін.

Два старшыя афіцэры з РВСН Расеі сядзяць у крэслах амэрыканскага сымулятара ядзерных ракет, які выкарыстоўваецца для трэнінгаў

Расея і Злучаныя Штаты дамовіліся значна скараціць дзясяткі тысяч адзінак ядзернай зброі, якая знаходзіліся ў распараджэньні кожнай з краін, і «зьняць прыцэл» зь іншых. Былі заплянаваныя ўзаемныя візыты ў расейскія і амэрыканскія ядзерныя аб’екты як спосаб падтрыманьня даверу ў працэсе пачатку гістарычнага скарачэньня ядзерных узбраеньняў.

Уільям М. Мун (зьлева) пазуе з расейскім генэрал-маёрам Уладзімірам Фраловым, які быў адказным за бясьпеку ядзернай зброі Расеі

Уільям М. Мун быў мэнэджарам праграмы ядзернай бясьпекі ў рамках праграмаў сумеснага скарачэньня пагроз у некалькіх постсавецкіх краінах з 1992-га па 2014 год.

Расейскі генэрал-маёр страляе зь лёгкага кулямёта M249 амэрыканскай вытворчасьці на стрэльбішчы базы ВПС ЗША

Мун быў адказны за арганізацыю двух візытаў расейскіх генэралаў на аб’екты захоўваньня ядзерных боегаловак у ЗША. Ён расказаў Радыё Свабода, што падчас аднаго зь візытаў удзельнікам расейскай дэлегацыі былі выдадзены пэрсаналізаваныя пропускі, але, зь невытлумачальнай прычыны, наведнікі абмяняліся імі паміж сабой. Гэта прывяло да парушэньня бясьпекі, ад чаго марскія пехацінцы вымушаны былі дастаць зброю і акружыць дэлегацыю.

Генэрал Ігар Сяргееў (зьлева), камандуючы Ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэньня Расеі, сустракаецца з генэрал-лейтэнантам Дыркам Джэймсанам падчас турнэ Сяргеева па вайсковых аб’ектах ЗША для «ўстанаўленьня кантактаў» са Злучанымі Штатамі ў сьнежні 1993 году

Камандзір базы лютаваў, сказаў Мун аб сытуацыі з пропускамі. «Пасьля гэтага стала немагчыма для нас, удзельнікаў праграмы скарачэньня пагроз, запрашаць расейскія дэлегацыі для наведваньня іншых аб’ектаў ЗША».

Асабістаму складу амэрыканскага эскадрона абслугоўваньня ракет прадстаўляюць генэрала Ігара Сяргеева ў сьнежні 1993 году

Успамінаючы свае візыты на аб’екты захоўваньня ядзерных боегаловак у Расеі, Мун расказаў Радыё Свабода, што ў рамках місій ім даводзілася «ехаць у фургонах па тры і больш гадзін з залепленымі вокнамі». Ён і ягоная каманда таксама не маглі насіць нічога мэталічнага. «У мяне нават забралі чаравікі, таму што ў іх былі мэталічныя ахоўныя мыскі».

Маракі ВМС ЗША у сувэнірных савецкіх шапках пазуюць зь мясцовымі жанчынамі ва Ўладзівастоку ў верасьні 1992 году, падчас трохдзённага «гуманітарнага візыту» амэрыканскага флёту ў Расею

Апроч вайсковых візытаў на аб’екты захоўваньня і запуску ракет у рамках маніторынгу пагадненьняў, 1990-я гады сталі часам некалькіх абменаў добрымі намерамі паміж расейскімі і амэрыканскімі вайскоўцамі.

Расейскія і амэрыканскія маракі чаркуюцца на борце расейскага ракетнага эсьмінца

К сярэдзіне 1990-х гадоў адносіны паміж Масквой і Вашынгтонам пачалі пагаршацца з прычыны пашырэньня NATO на ўсход і ўзрастаньня ўцягваньня Заходняга альянсу ў Басьнійскую вайну.

Андрэй Козыраў, міністар замежных спраў Расеі пры Ельцыну, ахарактарызаваў сваіх амэрыканскіх калег як «маленькіх заходніх хуліганаў».

Расейскі вайсковец тлумачыць членам экіпажа амэрыканскага авіяносца прынцып работы ўстаноўкі адбівальнікаў (шумавых перашкод), прызначанай для падаўленьня радараў суперніка, у кастрычніку 1992 году

Мун сказаў, што сустрэчы паміж вайскоўцамі ЗША і Расеі, якія пачаліся ў 1990-х гадах, былі прыпыненыя Вашынгтонам пасьля анэксіі Ўкраіны Расеяй у 2014 годзе. Інспэкцыі выкананьня дамоваў аб кантролі над узбраеньнямі былі прыпыненыя з пачаткам пандэміі COVID, а затым, па словах Муна, «Расея адмовілася аднавіць інспэкцыі».

Расейскі капітан (у цэнтры) размаўляе з афіцэрамі ВМС ЗША падчас свайго візыту на мосьцік амэрыканскага ракетнага крэйсэра

Мун, азіраючыся на надзеі 1990-х гадоў, сказаў: «Мяне глыбока турбуе, што пасьля амаль 20 гадоў цеснага супрацоўніцтва зь Міністэрствам абароны Расеі, у тым ліку больш за 75 візытаў у Расею, расейцы перапынілі ўсе камунікацыі і выбралі шлях разьвязваньня неапраўданай генацыднай вайны супраць Украіны».

Расейскі хлопчык у фуражцы афіцэра ВМС ЗША ва Ўладзівастоку

Мун дадаў: «Я спадзяваўся, што мая праца прывядзе да далейшага зьніжэньня ядзернай напружанасьці, але Расея выбрала агрэсію замест супрацоўніцтва».