У судзе ўсплылі новыя дэталі ў справе гея Міхаіла Пішчэўскага

Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота

Суд пачаўся з заявы 100-тысячнага пазову да Дзьмітрыя Лукашэвіча, пасьля ўдару якога памёр Міхаіл Пішчэўскі.

Новую суму пазову аб кампэнсацыі матэрыяльных і маральных стратаў заявіла да Лукашвіча маці нябожчыка Валянціна Барташэвіч, якая год таму была прызнаная пацярпелай. Яна патрабуе сплаціць 100 тысяч беларускіх рублёў (1 мільярд рублёў на старыя грашы). Паводле ранейшага прысуду Цэнтральнага раённага суду Менску Дзьмітрый Лукашэвіч ужо сплаціў сямʼі Пішчэўскага 213 мільёнаў рублёў (старымі грашыма).

Лукашэвіч: Больш грошай няма

Прызнаваць новы пазоў Дзьмітрый Лукашэвіч адмовіўся. «Я гатовы здаволіць пазоў у памеры, які ўжо сплачаны. Але плаціць больш — не. У мяне дагэтуль даўгі па тым пазове, грошай няма», — патлумачыў падсудны.

На пытаньне пракурора, ці прызнае ён сувязь паміж ударам, які нанёс Міхаілу Пішчэўскаму ў траўні 2014 году і ягонай сьмерцю у кастрычніку 2015, Дзьмітрый Лукашэвіч адказаў адмоўна:

«Я вінаваты, што нанёс яму пашкоджаньне, але сьмерці ягонай я не жадаў».

Цяпер Дзьмітрый Лукашэвіч абвінавачваецца ў нанясеньні траўмы, якая прывяла да сьмерці па неасьцярожнасьці. Паводле ранейшаму прысуду ён нанёс Пішчэўскаму па неасьцярожнасьці цяжкую траўму.

Дзьмітрый Лукашэвіч

Лукашэвіч: Пішчэўскі мне пагражаў

На цяперашнім працэсе па справе Міхаіла Пішчэўскага ўзьніклі новыя дэталі, пра якія не згадвалася на працэсе ў 2015 годзе. Таксама некаторыя ўспаміны Дзьмітрыя Лукашэвіча пра тое, што здарылася 25 траўня каля кавярні Underworld, не супалі з паказаньнямі пацярпелага Ўладзіслава Грыдзюшкі, які выступіў у судзе ўпершыню.

Гэтак, толькі цяпер Дзьмітрый Лукашэвіч распавёў тое, што не стаў гаварыць на былым працэсе — «бо саромеўся». Што нібыта Міхаіл Пішчэўскі падчас узьніклага паміж імі канфлікту пагражаў яму тым, што «зробіць яго п.....м». Гэта, па словах падсуднага, ён палічыў абразай, хаця прызнаў, што хвілінай раней гэтым жа словам абазваў сяброў Пішчэўскага. Акрамя таго, як сказаў суду Лукашэвіч, Пішчэўскі нібыта быў агрэсіўна настроены, таму ён яго рэальна забаяўся. Нібыта Лукашэвіч убачыў агрэсію ўваччу Пішчэўскага, той абражаў яго, «пасылаў на...», размахваў рукамі. Пры гэтым быў на цэлую галаву яго вышэйшы і мацнейшы. У выніку, па словах Лукашэвіча, ударыць Пішчэўскага першым ён вырашыў выключана каб «апярэдзіць ягоны ўдар». «Ударыў у сківіцу, але без замаху», — згадаў падсудны. Пасьля ўдару Міхаіл Пішчэўскі, паводле Лукашэвіча, паваліўся тулавам назад і моцна ўдарыўся галавой аб асфальт. Лукашэвіч нібыта схіліўся над Пішчэўскім і ўбачыў, што ў таго адкрытыя вочы. А чаму не дапамог зьбітаму? — «Не пасьпеў, бо адцягнуў мой сябар» — гэтак распавёў суду Дзьмітрый Лукашэвіч.

Пацярпелы Грыдзюшка: Пішчэўскага ванітавала ад удару

Сябра Міхаіла Пішчэўскага Ўладзіслаў Грыдзюшка таксама быў прызнаны сьледзтвам пацярпелым ў справе, бо, па ягоных словах, таксама атрымаў ад Лукашэвіча ўдар па твары. Праўда, гэта не было зафіксавана лекарамі і таму цяпер абвяргаецца Лукашэвічам.

Грыдзюшка збольшага паказаньні падсуднага Лукашэвіча зьняпраўдзіў. Дарэчы, на былым працэсе Уладзіслаў Грыдзюшка ня быў, бо знаходзіўся за мяжой, у Нарвэгіі. Тады ягоныя паказаньні, дадзеныя сьледзтву, у судзе былі зачытаныя. Цяпер пацярпелы распавёў сам, як узьнік канфлікт, а таксама паведаміў некаторыя дэталі, якія супярэчаць словам Лукашэвіча. Гэтак, паводле Грыдзюшкі, Міхаіл Пішчэўскі нічым не пагражаў Дзьмітрыю Лукашэвічу і нават не зьбіраўся зь ім размаўляць, калі той да іх падышоў. «Ён стаяў з мабільным тэлефонам у руцэ, бо выклікаў таксі, а на адрас Лукашэвіча сказаў толькі «Адвалі адсюль». «І ўсё — адразу ўдар ад Лукашэвіча ў твар, прычым вышэй за сківіцу», — распавёў Грыдзюшка. Паводле Ўладзіслава, у ягонага сябра Міхаіла Пішчэўскага адразу закрыліся вочы і ён стаў валіцца, але не назад, а ўніз, пад сябе. У гэты момант пацярпелы рукамі паспрабаваў адштурхнуць Лукашэвіча, тады той ударыў яго па твары. Потым Грыдзюшка закрычаў, што выклікае міліцыю, і толькі тады, па ягоных словах, Лукашэвіч зь месца бойкі зьбег. Пакуль ён выклікаў хуткую дапамогу і міліцыю, Міхаіла Пішчэўскага ванітавала «нечым цёмным разам з крывёй», таксама кроў цякла з галавы.

Дарэчы, з гэтых паказаньняў Грыдзюшкі вынікае, што траўму, ад якой праз 1,5 года памёр Пішчэўскі, ён атрымаў ад удару кулаком, а не ад таго, што ўдарыўся галавой аб зямлю, мяркуюць праваабаронцы. Першыя суды над Лукашэвічам пагадзіліся з тым, што траўму ён атрымаў менавіта ад удару аб зямлю.

Дзяржаўны абвінаваўца Максім Чупрыс удакладніў у падсуднага, якім відам спорту той займаўся. Выявілася — цяжкай атлетыкай. «Яшчэ да паступленьня ў інстытут фізычнай культуры. Меў 2 ці 3 юнацкі разрад», — згадаў Дзьмітрый Лукашэвіч.

У судовай залі

Сябры Лукашэвіча: Пагрозы былі, цяпер спыніліся

Яшчэ такую дэталь згадаў пацярпелы Ўладзіслаў Грыдзюшка. Што калі прыехала хуткая і Міхаіла Пішчэўскага забіралі мэдыкі, «нейкія сябры» падсуднага пагражалі яму, што «калі будуць дрэнныя паказаньні, яму дастанецца». Чаму Грыдзюшка вырашыў, што гэта былі сябры Лукашэвіча? «А навошта іншым людзям лезьці ў карэту і мне пагражаць?» — патлумачыў сваё меркаваньне пацярпелы. Увогуле Ўладзіслаў Грыдзюшча перакананы, што Дзьмітрый Лукашэвіч добра ведаў пра гей-вечарыну ў кавярні Underworld у той вечар і адмыслова прыйшоў да кавярні, каб «пабіцца з геямі».

Дзьмітрый Лукашэвіч настойвае, што ня ведаў, што ў той вечар у кавярні сабраліся прадстаўнікі нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. Дарэчы, гэта ж ён казаў і на леташнім працэсе.

На папярэднім працэсе над Дзьмітрыем Лукашэвічам у судзе было шмат ягоных сваякоў і сяброў, якія паводзілі сябе даволі прыкметна. Аднаго разу дайшло нават да канфлікту з журналістамі, якія асьвятлялі працэс. Цяпер «група падтрымкі» Лукашэвіча была меншай і паводзіла сябе больш сьціпла, хаця і не абышлося без гучных абурэньняў, калі журналісты здымалі падсуднага на фота і відэа.

У якасьці сьведкі на працэс зноў заяўлена маці Дзьмітрыя Лукашэвіча — былая дырэктарка менскага дзіцячага садку.

У судзе Лукашэвіч зноў папрасіў прабачэньня ў сваякоў Міхаіла Пішчэўскага. Прагучалі і прабачэньні на адрас Уладзіслава Грыдзюшкі, хаця Лукашэвіч працягвае казаць, што ня памятае, каб ён ударыў Грыдзюшку.

Ці вернецца Лукашэвіч за краты?

Дзьмітрый Лукашэвіч, якому 31 год, пасьля вызваленьня па амністыі ў жніўні 2015 году зноў уладкаваўся ў тую ж арганізацыю па абслугоўваньні тэхнікі, дзе працаваў да арышту. З таго часу не ажаніўся. Мае з працы станоўчую характарыстыку. Калі суд прызнае яго вінаватым у забойстве па неасьцярожнасьці, Лукашэвіча могуць прысудзіць да тэрміну ня большага за 3 гады зьняволеньня. Але яму інкрымінуецца таксама асабліва злоснае хуліганства, што пагражае тэрмінам да 7 гадоў. Таксама, як кажуць у кулюарах суду, прызнаньне вінаватым у забойстве можа паставіць пад пытаньне ўжываньне да Лукашэвіча амністыі, якой ён скарыстаўся летась. Менавіта праз амністыю і таму, што была цалкам выплачаная кампэнсацыя, Дзьмітрый Лукашэвіч вызваліўся, адбыўшы за кратамі з прысуджаных яму 2,8 году меней за год. Грамадзянскі пазоў да Лукашэвіча суд прызнаваў у час, калі Міхаіл Пішчэўскі быў яшчэ жывы. Цяпер, улічваючы сьмерць Пішчэўскага, новы суд можа здаволіць значна большую суму пазову, мяркуюць праваабаронцы.

Судзьдзя Вікторыя Шабуня вырашыла, што з сумай пазову ад пацярпелай Валянціны Барташэвіч вызначыцца ў канцы працэсу. Пацярпелы Ўладзіслаў Грудзюшка ад матэрыяльнага пазову да Дзьмітрыя Лукашэвіча адмовіўся.

Маці Міхаіла Пішчэўскага Валянціна ў перапынку сказала журналістам, што не хацела гэтага працэсу і ні на што не спадзяецца, бо «сына не вярнуць».

Маці Міхаіла Пішчэўскага Валянціна Барташэвіч