Аляксандар Лукашэнка 5 красавіка прызначыў новага міністра лясной гаспадаркі Беларусі – Віталя Дрожжу. Папярэдняга міністра, Міхаіла Амельяновіча, ён зьняў з пасады за «непрыняцьце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэньнямі ў падведамных арганізацыях».
Новы міністар Віталь Дрожжа нарадзіўся ў Карэлічах Гарадзенскай вобласьці ў 1978 годзе, адвучыўся ў БДТУ і Акадэміі кіраваньня. Ад 2013 году працаваў генэральным дырэктарам Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры», да таго — служыў у міліцыі, кіраваў лясьніцтвам на Лагойшчыне, быў галоўным інспэктарам-рэвізорам у Мінлясгасе, кіраваў Бабруйскай лясной гаспадаркай.
Віталь Дрожжа мае старонкі ў «Аднаклясьніках» і «ЎКантакце», дзе публікаваў фоты з забітымі жывёламі.
Абноўлена, 6 красавіка: Міністар выдаліў старонку на ВК. На момант публікацыі старонка на «Аднаклясьніках» актыўная, там засталося фота з забітым дзіком.
«Глядзіце, каб усё было сумленна і прыстойна, — перадае БЕЛТА словы Аляксандра Лукашэнкі. — Мы ўзмацняем кантроль, я пра гэта часта гавару, за працай кіраўнікоў, асабліва сябраў ураду, міністраў, таму што некаторыя проста абнаглелі. І з такімі мы разьбіраемся імгненна».
Яшчэ ў сярэдзіне лютага Лукашэнка прыгадаў, што абяцаў перамагчы карупцыю яшчэ ў 1994 годзе. Два дні таму ён казаў, што ад карупцыі «ўжо людзі стогнуць у некаторых раёнах».
Лукашэнка загадаў новаму міністру «навесьці парадак у лесе, каб за хабар лесьнікі і лясьнічыя не сплаўлялі лес», які затым нібыта «за цэнты трапляе на Захад», а таксама аднаўляць высечаныя лясы.
Лукашэнка заявіў, што ён сам і кіраўніца ягонай адміністрацыі Натальля Качанава гатовыя заняцца пасадкай саджанцаў у гэтым годзе.