Лукашэнка «адкамандзіраваў» экс-міністра спорту ў МНС. «Ляснога» міністра не адправіў нікуды

Аляксандар Шамко, архіўнае фота

На нацыянальным прававым партале Pravo.by 16 лютага былі апублікаваныя ўказы Аляксандра Лукашэнкі, зьвязаныя са звольненымі днём раней міністрамі лясной гаспадаркі і спорту і турызму.

Ва ўказе наконт экс-міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко (PDF) гаворыцца, што ён звольнены «за непрыняцьце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэньнямі ў падведамных установах». Яго «адкамандзіроўваюць» у Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, але што гэта значыць і на якой пасадзе ён будзе працаваць, ва ўказе не ўдакладняецца. На сайце МНС навінаў пра Шамко на момант публікацыі няма, у сьпісе кіраўніцтва ён ня згадваецца.

Указ пра экс-міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча (PDF) карацейшы: яго проста вызваляюць ад пасады з той жа фармулёўкай, што і Шамко («за непрыняцьце дзейсных захадаў...»), і нікуды не «адкамандзіроўваюць».

Што бывае з «адкамандзіраванымі»

Слова «адкамандзіраваць» ужываецца ў беларускіх законах нячаста. У архівах Pravo.by знайшлося толькі чатыры дакумэнты з такой фармулёўкай.

У 2014 годзе трох чыноўнікаў (намесьнікаў дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Аляксандра Канавалава і Аляксея Ялфімава, старшыню Вайскова-прамысловага камітэту Ўладзімера Сулімава) «адкамандзіроўвалі» ў іншыя ведамствы і звальнялі «па ўзросьце» з вайсковай службы ў запас «з правам нашэньня вайсковай формы і знакаў адрозьненьня». Пасьля гэтага навінаў пра іх не зьяўлялася.

У 2003 годзе «адкамандзіроўвалі» начальніка Службы бясьпекі Лукашэнкі Яўгена Дзьвярніцкага — «для наступнага прызначэньня на пасаду» ў Міністэрства ўнутраных справаў. У наступным пасьля гэтага годзе Лукашэнка прызначыў Дзьвярніцкага намесьнікам міністра ўнутраных справаў, праз год звольніў, а ўжо ў 2010 годзе прызначыў начальнікам апарату прадстаўніцтва Парлямэнцкага сходу «Саюзу Беларусі і Расеі» ў Беларусі.

Фармулёўка «за непрыняцьце дзейсных захадаў» яшчэ больш рэдкая, чым «за непрыняцьце мераў у барацьбе…». У архівах Pravo.by яна сустракалася да сёньняшняга дня толькі раз, і то ва ўказе пра парадак распараджэньня дзяржаўнай маёмасьцю, але не ў дачыненьні канкрэтных людзей.

Чым запомніліся Шамко і Амельяновіч

Аляксандар Шамко

49-гадовы Алякандар Шамко быў прызначаны на пасаду міністра спорту і турызму 31 кастрычніка 2012 году, да таго працаваў 4 гады намесьнікам міністра надзвычайных сытуацыяў, раней працаваў на розных пасадах у выратавальных службах. Калі Шамко заступіў на пасаду міністра спорту і турызму, то на словах абвясьціў «вайну допінгу». Аднак чыноўніка наўрад ці можна абвяшчаць пераможцам ў ёй. Напярэдадні цяперашніх Алімпійскіх гульняў Шамко заяўляў, што ў міністэрстве «адмовіліся ад мэдальнага плянаваньня».

Пры Шамко Беларусь увяла 5-дзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў васьмі дзясяткаў краінаў – у межах «бязьвізу» Беларусь наведалі за год 83 тысячы турыстаў. Але таксама пры Шамко былі гучныя суды, зьвязаныя з карупцыяй у спорце, напрыклад справа футбольнага арбітра, які «спрыяў» прызначэньню правільных судзьдзяў на гульні за 100-200 даляраў, або справа з дамоўнымі гульнямі з удзелам ФК БАТЭ.

Міхаіл Амельяновіч

60-гадовы Міхаіл Амельяновіч стаў міністрам лясной гаспадаркі ў сакавіку 2010 году, да таго больш за 10 гадоў быў генэральным дырэктарам Менскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднаньня, перад тым ад 1980-га працаваў у розных лясгасах.

Пры Амельяновічы была фактычна праваленая мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі, дазволеныя пастаўкі беларускай неапрацаванай драўніны за мяжу. Таксама пры ім у Беларусі зьнішчылі амаль ўсіх дзікоў — калі дзікі скончыліся, Амельяновіч прапанаваў паляўнічым пераключыцца на ласёў, аленяў і казуляў.

Мінантыманапрэгіг! Тэст пра беларускія міністэрствы