Эўропа сутыкнулася з вострай праблемай мігрантаў, якія ўцякаюць са сваіх краінаў ад вайны і голаду. Ці напаткае гэты працэс Беларусь? Ці змогуць мірна суіснаваць беларусы і ўцекачы? Ці прынясуць мігранты карысьць карэннай нацыі, дзяржаве? Багаты гістарычны досьвед беларусаў на гэтыя пытаньні дае станоўчы адказ.
З гісторыкам мастацтва, культуролягам, выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргеем Харэўскім гутарыць Вячаслаў Ракіцкі.
Вячаслаў Ракіцкі: Што да міграцыйных працэсаў, цягам сваёй гісторыі Беларусь ня стала выключэньнем. Дык калі на беларускіх землях зьявіліся першыя мігранты? Адкуль, зь якіх мясьцінаў яны прыйшлі сюды? Якія гэта былі народы, якога веравызнаньня?
Сяргей Харэўскі: Першымі былі татары. І першыя зьвесткі пра знаходжаньне іх на Беларусі адносяцца яшчэ да пачатку XIV стагодзьдзя. У францысканскім штогодніку за 1324 год паведамлялася пра ваколіцы Горадні, што «браты (манахі), якія выправіліся ў краіну літоўскую з мэтай аглашэньня (пашырэньня) навукі Хрыста, нечакана сустрэлі людзей, што прыбылі з краю нейкага хана і адпраўлялі малітвы сваёю моваю азіяцкай». Гэтае спатканьне каталіцкіх манахаў з мусульманамі адбылося на гарадзенскім прымесьці Ласосьне. Дакладна вядома, што з 1396 па 1399 год жыў у Лідзе татарскі хан Тахтамыш, якога перамог Цімур. Тады некалькі тысяч татараў накіраваліся зь сем’ямі з Прычарнамор’я і пасяліліся ў ваколіцах Вільні, Горадні, Наваградку, Ліды, Менску. А сам хан са сваёй вялікай сьвітай пасяліўся ў Лідзе. Дарэчы, тутсама, пад сьценамі Лідзкага замку, нарадзіўся й Хаджы-Гірэй — першы крымскі хан, заснавальнік незалежнай Крымскай дзяржавы і дынастыі Гірэяў.
Ракіцкі: На беларускіх землях доўгі час жылі габрэі. Іх было шмат. Калі адбыўся іхны прыход сюды?
Харэўскі: Першая зафіксаваная міграцыйная хваля габрэяў у Беларусь адбывалася цягам паўстагодзьдзя: у другой палове ХIV — пачатку XV стагодзьдзя. Менавіта ў гэты час зьяўляюцца першыя юдэйскія грамады ў Берасьці і ў Горадні. Пасол ангельскага караля Жыльбэр дэ Лянуа ў 1414 годзе, ехаўшы зь Вільні ў Прусію, у дзёньніку адцеміў, што «ў многіх вёсках шмат татараў, якія маюць мову асаблівую, званаю татарскай, у Троках багата немцаў, ліцьвінаў, русінаў і вялікая колькасьць габрэяў». Дадам, што з тых самых часоў у нас жылі таксама цыганы, вядомыя ў нас ад 1501 году, караімы, армяне...
Ракіцкі: Колькі іх было? Які адсотак ад агульнае колькасьці насельніцтва?
Харэўскі: Юдэяў-караімаў было 400 сем’яў, апроч Трокаў яны жылі ў Ашмяне, Крэве, Нясьвіжы, Наваградку. Юдэяў-габрэяў да пачатку XVII стагодзьдзя налічвалася блізу 70 тысяч. Мусульмане, добраахвотныя асаднікі і палонныя татары ды туркі атрымлівалі пад сядзібы і гароды надзелы зямлі, якая была вызваленая ад падаткаў і спагнаньняў.
Ракіцкі: Істотныя ільготы. Якія абавязкі яны павінны былі выконваць наўзамен?
Харэўскі: За тое яны былі абавязаныя несьці татарскую земскую службу. У выпадку абвяшчэньня «посполитого рушенья» ўсе яны павінны былі зьяўляцца на вайну ўзброенымі, на ўласных конях і служыць бяз пэнсіі. Колькасьць татараў паводле розных крыніцаў, якія абапіраюцца на вайсковыя попісы, сягала ад 3 да 7% насельніцтва, пераважна ў паўночна-заходніх рэгіёнах Беларусі. А ў войску Вялікага Княства — ад 10 да 12%. Згодна з «Рысале-і-Татар-і-Ляг» (паведамленьне пра становішча татараў у Рэчы Паспалітай, складзенае для турэцкага султана ў 1557–58 гадох), іх было дзьвесьце тысяч, што малаверагодна. Згодна з падлікамі гісторыка Крычынскага, у сярэдзіне ХVI стагодзьдзя татарскае насельніцтва ў нас складала толькі 14–16 тысяч чалавек. Польскі дасьледчык Дзядулевіч лічыў, што ў XV стагодзьдзі татараў было 10 тысяч, у ХVI стагодзьдзі — 30 тысяч, на пачатку XVII стагодзьдзя — 40 тысяч... Існавала тады і некалькі дзясяткаў мячэтаў.
Ракіцкі: Як на той час, гэта вельмі шмат! Нават па сёньняшніх часах нямала. Але пасьля іх стала нашмат меней. Куды яны дзеліся?
Харэўскі: Так, колькасьць мусульманаў стала рэзка скарачацца ў XVII cтагодзьдзі. Перадусім у выніку расейскае навалы, страшэннай вайны з Масквою, якую наш гісторык Генадзь Сагановіч назваў «невядомай», падчас якой загінула вельмі шмат татараў-ваяроў і былі панішчаныя многія татарскія асады, якіх на ўсходзе Беларусі не засталося ўвогуле! А па-другое, набірала моц контрарэфармацыя. Панаваньне каталіцкай царквы не прадугледжвала лібэралізму і талеранцыі. Мусульманаў, нават шляхту, урэшце істотна абмежавалі ў правох. Вернымі веры сваіх продкаў і сваёй айчыне заставацца было няпроста. У выніку — вялікая частка прыняла хрысьціянства, даўшы пачатак слынным нашым родам. Ня трэба быць абазнаным антраполягам, каб разгледзець усходнія рысы ў фотаздымках Багушэвічаў, Луцкевічаў, Багдановічаў, Булак-Балаховічаў, Скірмунтаў. Я ўжо не кажу пра Смольскіх, Адамовічаў, Александровічаў, Крыніцкіх, Канапацкіх.
Ракіцкі: Але ж пры такой палітыцы адток людзей іншых нацыянальнасьцяў быў непазьбежны.
Харэўскі: Так, вялікая частка проста пакінула Рэч Паспалітую, пераехаўшы ў Асманскую імпэрыю. Тады выгналі цыганоў. А караімы ў Беларусі зьвяліся ўвогуле... А вось габрэі, якіх моцна панішчылі ў Беларусі расейцы ды казакі, усё ж адрадзілі сваю супольнасьць, найперш за кошт новых мігрантаў. Напрыканцы ХVІІІ стагодзьдзя на землях былога ВКЛ пражывала іх ужо больш за 300 тысяч чалавек.
Ракіцкі: Апроч мусульманаў і юдэяў, якія прыбылі з розных краёў, ці былі яшчэ значныя супольнасьці імігрантаў?
Харэўскі: Так! Напрыклад, армяне. Армянскія сем’і жылі ва ўсіх буйных гарадох і мястэчках. Хоць іх было ў нас ня так шмат, як ва Ўкраіне, але менавіта яны, армянскія майстры з Ірану, стварылі той унікальны фэномэн нашай клясычнай культуры, што мы завём «слуцкімі паясамі»! Калі ў 1750-я гады ткацкую мануфактуру перанесьлі са Станіславава (украінскі горад, які цяпер называецца Івана-Франкоўскам) у Слуцак, то для кіраваньня быў запрошаны вядомы майстар Ян Маджарскі (Аванэс Маджаранц) армянскага паходжаньня, які працаваў да гэтага ў Стамбуле і Станіслававе. Зь ім прыехалі і армянскія ткачы з Турэччыны. У 1777–1807 гадах мануфактурай кіраваў ягоны сын Лявон. Нават стваральнік і кіраўнік мастацкай школы пры Віленскім унівэрсытэце быў армянін Ян Рустэм, мастак, народжаны ў Стамбуле. Дарэчы, і прозьвішча Крыштаповічаў — чыста армянскага паходжаньня.
Ракіцкі: А расейцы? Калі яны зьявіліся на беларускіх землях? Ці шмат іх было? Ад чаго ўцякалі сюды?
Харэўскі: Так, вялікай групай імігрантаў-уцекачоў з Усходу былі расейцы-стараверы. Беларусь была адной з краінаў, куды стараверы ўцякалі ад маскоўскіх карнікаў. Іхным цэнтрам была на працягу доўгага часу заснаваная ў 1685 годзе слабада Ветка на Гомельшчыне. Яна ператварылася ў сапраўдны Ерусалім старавераў. У XVIII стагодзьдзі іх колькасьць у раёне Веткі дасягала 40 тысяч. Ян III Сабескі ў 1691 годзе дазволіў стараверам усіх толкаў свабодна жыць у нашай дзяржаве. На Беларусі стараверы вольна друкавалі кнігі ў Горадні, Вільні, Супрасьлі, Магілёве; тыя кнігі потым таемна распаўсюджваліся і ў Расеі, дзе былі забароненыя.
Ракіцкі: Беларусы не баяліся канкурэнцыі?
Харэўскі: Не, беларусы, у большасьці сваёй уніяты, не ўспрымалі тады мігрантаў-расейцаў як канкурэнтаў. Стараверы, як і татары, лічыліся добрымі суседзямі і працавітымі гаспадарамі. Яны, як і мусульмане, імкнуліся жыць ізалявана ад навакольнага насельніцтва. Землеўладальнікі імкнуліся расьсяліць іх менавіта на сваёй зямлі, прапаноўвалі ім ільготныя ўмовы арэнды.
Ракіцкі: Яны адчувалі сябе абароненымі?
Харэўскі: Дзяржаўная мяжа давала абарону ад маскоўскага тэрору, але не заўсёды надзейную: у 1735 годзе расейцы ўчынілі карную апэрацыю супраць старавераў, падчас якой былі выпаленыя веткаўскія слабоды. Блізу 14 тысяч старавераў былі вывезеныя гвалтам у Расею... Трагічныя падзеі паўтарыліся ў 1764 годзе. Частка старавераў, якой пашанцавала ўратавацца ад дэпартацыі, расьсялілася ўжо па ўсёй Беларусі, абы далей ад мяжы з матухнай Расеяй.
Ракіцкі: Наколькі лёгка гэтыя розныя народы асымілёўваліся тут? Ці лёгка ўспрымалі культуру карэннага насельніцтва, мову?
Харэўскі: Першая перадумова асыміляцыі — ведаць мову народу, сярод якога жывеш. Ужо ў першым пакаленьні мігранты даволі лёгка засвойвалі нашу мову. У мяне няма ніякага сумневу, што першы хан Гірэй ведаў беларускую мову, правёўшы дзяцінства ў Лідзкім замку. А ўжо для другога пакаленьня, якое зьявілася ў выніку зьмяшаных шлюбаў, беларуская мова была матчынай. Гэта тычыцца практычна ўсіх нацыянальных мяншыняў на нашых землях.
Ракіцкі: Калі глядзець з вышыні якіх паўтысячы гадоў, то імігранты былі для нашага краю дабром ці праблемаю? А мо нават і злом?
Харэўскі: Адназначна — дабром. Калі мы гаворым пра нашчадкаў габрэяў-мігрантаў, дык бязь іх нашы здабыткі ў мастацтве, прыкладам, былі б істотна меншыя. Калі гаворым пра нашчадкаў татараў, дык яны заслужылі вялікую павагу ў нашай вайсковай гісторыі. Іхны гераізм у абароне нашага краю быў выключны. Яны пачыналі Грунвальдзкую бітву, яны змагаліся на палях пад Воршай. Гэта нават увайшло ў песьню. «Хлопцы-пяцігорцы сталі на прыгорцы» — гэта пра каўказцаў, якія ваявалі на баку князя Астроскага. Дзясяткі татарскіх афіцэраў ваявалі ў часе паўстаньня Касьцюшкі, сталі героямі яго, як Юзаф Бяляк.
Ракіцкі: Карэннае насельніцтва заўсёды мірна, прыязна ставілася да мігрантаў?
Харэўскі: Славутая беларуская знаўца гісторыі Вольга Бабкова сабрала багаты беларускі фальклёр, у якім акурат і раскрываецца стаўленьне беларусаў да нацыянальных мяншыняў. Дык вось, у ім пра татараў няма ніводнага кепскага слова. Крыху пасьміхаліся беларусы над іхнім празьмерным стаўленьнем да чысьціні, гігіены.
Ракіцкі: Прычынаю — спрадвечная беларуская талерантнасьць?
Харэўскі: Шмат было прычынаў. Адна зь іх у тым, што Беларусь была менш шчыльна заселеная, чым Заходняя Эўропа, да прыкладу. Месца хапала ўсім. Але самае важнае было ў тым, што кожны з народаў займаў сваю канкрэтную нішу, якую не займалі іншыя. Татарам давалі зямлю, але за гэта яны ўсё сваё жыцьцё аддавалі Айчыне як ваяры. Габрэі займаліся гандлем. Караімы, як, дарэчы, і татары, займаліся рымарствам, кушнерствам. Кожны народ быў канкрэтна разьмеркаваны ў сацыяльнай структуры грамадзтва. Зь яе выпадалі хіба што цыганы, што і станавілася прычынаю несупынных рэпрэсіяў супраць іх. У 1565 годзе ў дакумэнтах іх называлі лішнімі людзьмі. Але калі яны ўсё ж асядалі, дык таксама займалі сваю нішу. Менавіта цыганы лічыліся найлепшымі кавалямі.
Я думаю, што гэтая міграцыя непазьбежная і для Беларусі. Ня сёлета, дык празь дзесяць гадоў
Ракіцкі: Сёньня сотні тысяч людзей уцякаюць ад вайны, голаду, шукаюць прытулку ў Эўропе. Узьнікае шмат праблемаў, вырашаюцца яны не заўсёды проста. Як вы лічыце, ці ня зьявяцца яны і ў Беларусі?
Харэўскі: Я думаю, што гэтая міграцыя непазьбежная і для Беларусі. Ня сёлета, дык празь дзесяць гадоў. Не празь дзесяць гадоў, дык праз дваццаць. І ўсім нам да гэтага трэба ўнутрана падрыхтавацца. Беларусь сёньня знаходзіцца ў вельмі цяжкой дэмаграфічнай і культурнай сытуацыі. Насельніцтва краіны зьмяншаецца. Не мігранты заліваюць нам у горла гарэлку, не празь мігрантаў у нас развальваюцца сем’і, не празь мігрантаў у нас гэтулькі наўмысных забойстваў, не празь іх у нас перапоўненыя сіроцкія дамы і дамы састарэлых. Такая ў нас сытуацыя, а ўцекачоў тут яшчэ асабліва і няма. Найперш — трэба нам навучыцца паважаць саміх сябе! Мець гонар, берагчы й мацаваць сваю ўласную ідэнтычнасьць, культуру, пашыраць прастору для нашай мовы. Перад будучымі мігрантамі давядзецца паставіць задачу вывучыць беларускую мову, прайсьці кароткі курс беларускай гісторыі. Калі да нас прыедуць пяцьсот тысяч мігрантаў, якія абавязкова вывучаць нашу мову, я шчыра ўсьцешуся, бо ў нашых пісьменьнікаў будзе больш чытачоў, а ў тэатрах — больш гледачоў. Паводле апошняга савецкага перапісу насельніцтва, татараў у нас было 12 тысяч, і 8 тысяч зь іх назвалі роднай мовай беларускую. Таму ксэнафобам, якія на розных форумах у інтэрнэце пішуць гідкія камэнтары пра ўцекачоў-мігрантаў, я прапанаваў бы ўвагу засяродзіць найперш на саміх сабе.