Грамадзкую актывістку, пэнсіянэрку Ніну Багінскую выпусьцілі з пастарунку праз 3 гадзіны пасьля затрыманьня. На яе склалі пратакол аб правядзеньні несанкцыянаванай акцыі. 13 красавіка Ніна Багінская мусіць прыйсьці ў Маскоўскі РУУС «для далейшага разьбіральніцтва». Сьцяг ёй не аддалі, толькі вярнулі пашпарт.
10 красавіка Ніну Багінскую затрымалі каля Чырвонага касьцёла зь без-чырвона-белым сьцягам, які яна разгарнула пасьля ўскладаньня кветак да помніка каля касьцёла. Ніна Багінская брала ўдзел у акцыі ўшанаваньня памяці ахвяр авіякатастрофы пад Смаленскам.
«Не выключаю, што будуць судзіць, хаця ў чым я вінаватая? Што падняла сьцяг і памалілася за ахвяр авіякатастрофы пад Смаленскам? Дык я маю на гэта права паводле Канстытуцыі», — лічыць Ніна Багінская.
Чаму жанчына вырашыла гэтак ушанаваць памяць ахвяр авіякатастрофы, што адбылася 5 гадоў таму? «Мяркую, гэта была ня проста авіякатастрофа, а тэракт, праведзены Расеяй. Гэтак жа лічыць і палова палякаў, і шмат беларусаў так думаюць. Канечне, што гэта тэракт не даказана, але, мяркуючы па тым, як Расея ва ўсім хлусіць, то і тут ім веры няма. Але ў любым выпадку трэба шанаваць памяць ахвяраў, тым больш там быў прэзыдэнт Лех Качынскі і была эліта Польшчы», — сказала Ніна Багінская.
Як з актывісткай абыходзіліся ў пастарунку? Паводле Ніны Багінскай, зь ёй міліцыянты паводзілі сябе карэктна, а вось абыходжаньне з астатнімі затрыманымі ў пастарунку актывістка назвала «зьдзекам і непрафэсіяналізмам».
«Жанчыну доўга не пускалі ў прыбіральню, проста ігнаравалі яе просьбы. Маладых хлопцаў, у якіх бралі адбіткі пальцаў, міліцыянт натуральна абкладваў мацюкамі, як хацеў. Прычым, яны маўчаць, нічым яму не замінаюць, а ён праз слова — мацюкі. Лічу, міліцыя мусіць паказваць прыклад выхаваных паводзінаў, а тут наадварот», — апавяла Ніна Багінская.
Актывістку Ніну Багінску шмат разоў затрымлівалі і каралі праз суд за ўдзел ў вулічных акцыях і выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга. За студзеньскую акцыю салідарнасьці з Украінай каля помніка Тарасу Шаўчэнку Ніна Студзінская была пакараная штрафам ў 3 мільёны 600 тысяч рублёў. Гэтае рашэньне суду яна працягвае абскарджваць.