Падтрымка прэзыдэнтам Сэрбіі Таміславам Нікалічам беларускіх уладаў ня будзе мець сур’ёзных зьнешнепалітычных наступстваў, упэўненыя палітолягі.
Сёньня прэзыдэнт Сэрбіі Таміслаў Нікаліч на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску 19 лістапада рэзка скрытыкаваў эўрапейскую палітыку санкцыяў у дачыненьні да беларускіх уладаў. «Спадзяюся, што адмена санкцыяў будзе трывалай. Санкцыі — заўсёды ганьба для тых, хто іх уводзіць, а не для тых, у дачыненьні да каго іх уводзяць», — заявіў Нікаліч.
У сваю чаргу, Лукашэнка падзякаваў Нікалічу за падтрымку на прэзыдэнцкіх выбарах і назваў сэрбскага лідэра «сапраўдным сябрам».
Дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч лічыць, што нельга казаць пра тое, што ў афіцыйнага Менску ў Эўропе зьявіўся саюзьнік.
«Саюзьнік — гэта нейкая краіна, зь якой усталяваныя доўгатэрміновыя стасункі стратэгічнага характару. Але пэўным партнэрам у гульні з Эўрапейскім Зьвязам Сэрбію можна лічыць.
Наколькі гэта будзе ўстойлівае партнэрства — цяжка казаць. Па-першае, пакуль гэта падмацавана толькі словамі. Па-другое, Сэрбія — не ўплывовая краіна. Гэта краіна, якая сама, у прынцыпе, імкнецца адпавядаць тым нормам і стандартам, якія ўсталёўвае Эўразьвяз. То бок Сэрбія сама не задае ні правілы, ні нормы на эўрапейскай прасторы. Таму, вядома, дапамога такога партнэра мае свае вельмі канкрэтныя абмежаваньні. Зразумела, гэта значна лепш, чым нічога — натуральна, што гэта адкрывае нейкую новую пляцоўку, празь якую можна агучваць свае пазыцыі, свае патрабаваньні, сваю крытыку — але, вядома, кардынальным чынам не зьмяняе сытуацыю ў беларуска-эўрапейскіх адносінах і ня можа зьмяніць», — заявіў Свабодзе палітоляг.
Казакевіч падкрэсьлівае, што заявы ў падтрымку афіцыйнага Менску і крытыку палітыкі ЭЗ пакуль ня трэба разглядаць як нейкую сур’ёзную і прынцыповую пазыцыю Сэрбіі.
«Я вельмі сумняюся, што гэта сапраўды нейкая прынцыповая пазыцыя, якую Сэрбія будзе пасьлядоўна адстойваць у сваёй зьнешняй палітыцы. Хутчэй за ўсё, не. Сапраўды, для Сэрбіі Эўразьвяз — значна больш важны партнэр, чым нават Расея, ня кажучы ўжо пра Беларусь», — падкрэсьліў экспэрт.
Палітоляг Юры Чавусаў таксама лічыць, што перабольшваць значнасьць заяваў Нікаліча ў Менску ня трэба.
«Я б не перабольшваў значэньне абмену гэтымі ветлівымі, прыемнымі словамі для абодвух бакоў. Справа ў тым, што Нікаліч ужо ня першы раз сустракаецца з Лукашэнкам — гэта даўні адвакат беларускага рэжыму. У часы, калі стасункі паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам былі значна горшыя, Нікаліч усё роўна сустракаўся і прыкладна тыя ж самыя словы і казаў. Іншая справа, што цяпер гэтыя словы гучаць у сытуацыі пацяпленьня стасункаў паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам. Так бы мовіць, Нікаліч, як няспраўны гадзіньнік, у пэўны момант паказвае актуальны час — цяпер ягоныя словы трапляюць у спрыяльны палітычны кантэкст. Таму я б не перабольшваў значэньне гэтых словаў. Я б хутчэй адзначыў, што цяпер яны трапляюць на добрую глебу — глебу пацяпленьня стасункаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам», — заявіў Свабодзе Чавусаў.
Цікава, што Сэрбія — адна з васьмі эўрапейскіх краінаў, якія ў 2012 годзе далучыліся да рашэньня ЭЗ працягнуць візавыя і эканамічныя санкцыі супраць афіцыйнага Менску.
Але гэта не перашкодзіла Нікалічу наведаць Беларусь у 2013 годзе. Прадстаўнікі сэрбскіх уладаў тлумачылі, што краіна была вымушаныя далучыцца да санкцыяў супраць Беларусі, але насамрэч Бялград ніколі не ўжываў санкцыі ў дачыненьні да афіцыйнага Менску.
У чэрвені 2014 году Аляксандар Лукашэнка сам наведаў Сэрбію з двухдзённым візытам, падчас якога адбыліся ягоныя перамовы зь Нікалічам.