1 верасьня ў менскім музэі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстава «Беларусы ў ІІ польскім корпусе. Невядомыя старонкі Другой усясьветнай вайны». Выстава апавядае пра беларусаў, якія ўдзельнічалі ў баях па вызваленьні Італіі ад нямецкіх захопнікаў, пра тых, хто загінуў пад Монтэ-Касіна.
Выстава зьяўляецца сумесным праектам музэю, амбасады Рэспублікі Польшча ў Менску і беларускага гісторыка, калекцыянэра Ігара Мельнікава.
Ва ўрачыстасьцях бралі ўдзел амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік, упаўнаважаная ў пытаньнях міжнароднага дыялёгу канцылярыі старшыні Рады міністраў Польшчы, сэнатарка, дачка генэрала Андэрса Ганна-Марыя Андэрс, намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына, намесьнік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік, амбасадары Вялікай Брытаніі, Італіі, прадстаўнікі дыпляматычных місій Ізраіля, Украіны і іншых дзяржаў.
Выстава паказвае гісторыю стварэньня і баявы шлях Другога Польскага корпусу. У склад арміі генэрала Ўладзіслава Андэрса ўваходзілі былыя вайскоўцы Войска польскага, у тым ліку і тыя, хто нарадзіўся ў Заходняй Беларусі. У ліпені 1943 года войска, ператворанае ў Другі польскі корпус, было накіравана на італійскі фронт. У складзе 8-й брытанскай арміі корпус змагаўся пад Монтэ-Касіна, вызваляў Балёньню. За ўдзел у італьянскай кампаніі сотні выхадцаў зь Беларусі адзначаны брытанскімі і польскімі баявымі ўзнагародамі.
Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Конрад Паўлік адзначыў, што дзень адкрыцьця выставы абраны не выпадкова. 77 гадоў таму ў гэты дзень пачалася Другая ўсясьветная вайна:
«Гэтая дата — сымбаль трагедыі. Другая ўсясьветная вайна — сынонім болю, але гэта і сынонім мужнасьці і братэрства. Армія генэрала Андэрса — гэта ня толькі польская, але і беларуская гісторыя. Беларусы ўступалі ў гэту армію, ведаючы, што ніколі ня вернуцца на радзіму, і паказалі ўзоры гераізму».
Ганна-Марыя Андэрс, дачка славутага генэрала, таксама падкрэсьліла, што для многіх беларусаў, якія прайшлі сталінскія лягеры, армія Андэрса стала паратункам. У бітве пад Монтэ-Касіна загінулі 4199 чалавек, сярод іх — 177 выхадцаў зь Беларусі. Спадарыня Андэрс падзякавала ўсім нашчадкам салдат і ўзгадала словы зь песьні «Чырвоныя макі Монтэ-Касіна»: «Bo wolność krzyżami się mierzy» — «Бо свабода вымяраецца крыжамі».
На выставе прадстаўленыя экспанаты з асабістай калекцыі беларускага гісторыка Ігара Мельнікава. Гэта тры ўніформы: капітана 83-га пяхотнага палку, жаўнера Войска польскага верасьня 1939 году і арыгінальны мундзір капітана 3-й дывізіі Карпацкіх стральцоў, а таксама ўзнагароды, дакумэнты, фатаздымкі.
Гісторык і калекцыянэр Ігар Мельнікаў расказаў, што займацца ваеннай гісторыяй ён пачаў дзякуючы свайму дзеду-палкоўніку. На гэтай выставе паказаныя гісторыі звычайных беларусаў у пэрыяд з верасьня 1939 году да верасьня 1944 году і канца Другой усясьветнай вайны:
«Гэта лёсы асобных людзей, якія пачалі барацьбу з нацызмам яшчэ на пачатку Другой усясьветнай, прайшлі ГУЛАГ, пазьней выратаваліся праз армію Андэрса і сталі сапраўднымі жаўнерамі свабоды».
На асобным стэндзе дэманструюцца матэрыялы пра Юзафа Жамойдзіна, ураджэнца Валожыншчыны, капрала 5-га Віленскага палку лёгкай артылерыі Другога польскага корпусу, перададзеныя музэю ягонай дачкой Верай Сумінай. Юзаф Жамойдзін — удзельнік германа-польскай вайны, потым ваеннапалонны ў савецкім лягеры. У жніўні 1941 году трапіў у армію Андэрса. Удзельнічаў у баях пад Монтэ-Касіна, Анконай, Балёньняй. Пасьля рэпатрыяцыі быў рэпрэсаваны, сасланы ў Іркуцкую вобласьць. І толькі ў 1967 годзе вярнуўся зь сямʼёй у Беларусь. І такіх беларусаў былі сотні.
Выстава будзе працаваць у Беларускім дзяржаўным музэі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны да 2 кастрычніка.