Дыктатура, парадак, уплыў Расеі, — што немцы пішуць у камэнтарах пра Беларусь

Ілюстрацыйнае фота

Нямецкі штотыднёвік Die Zeit напісаў артыкул пра сучаснае палітычнае жыцьцё ў Беларусі пад назвай «Квота для апазыцыі».

Артыкул выклікаў шмат камэнтароў, больш за сотню чытачоў выказаліся як на форуме выданьня, так і ў сацыяльных сетках.

Фігавы лісток Эўразьвязу

Аўтарка публікацыі Сымона Брунэр расказвае пра дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Ганну Канапацкую, якая «сядзіць у беларускім парлямэнце з восені 2016 году». «Іх там усяго двое прадстаўнікоў, дакладней прадстаўніц апазыцыі ўпершыню за 12 гадоў», — піша нямецкая журналістка.

Сымона Брунэр піша пра агітацыю, якую дэпутатка спрабуе правесьці напярэдадні муніцыпальных выбараў 18 лютага ад «дзьвярэй да дзьвярэй» у адным з дамоў рабочага раёну беларускай сталіцы.

«Апошнім часам беларускія выбары не адпавядалі стандартам АБСЭ», іх «нельга назваць свабоднымі і дэмакратычнымі», «ці паўплывае на нешта агітацыя Канапацкай — вялікае пытаньне».

«Аднак гэтая жанчына зь яркай памадай на губах, у ваўняным паліто і скураных ботах мае намер прасоўваць электарату свае ідэі аб лібэральнай краіне».

«Адносна палітычнага ангажэмэнту дэпутаткі, — адзначае журналістка, — маюцца самыя розныя меркаваньні нават сярод апазыцыі. Гэта ўсяго толькі фігавы лісток для таго, каб Эўразьвязу захаваць добры настрой ды адмыць рэпутацыю прэзыдэнту Лукашэнку, кажуць адны. Гэта шанец, каб зрабіць нейкі намёк на плюралізм у парлямэнце, кажуць другія».

«Многія людзі ня вераць ані рэжыму, ані апазыцыі, — цытуе выданьне словы апазыцыйнай беларускай дэпутаткі Ганны Канапацкай, — але калі вы пакажаце ім, што вы можаце вырашыць праблемы на мясцовым узроўні, яны прынамсі прыслухаюцца да вас»

Як балянсуе Лукашэнка

Як піша аўтарка, Аляксандру Лукашэнку ўдаецца балянсаваць на тонкай мяжы паміж Захадам ды Ўсходам.

«Цесна зьвязаны зь вялікім расейскім братам саюзнай дзяржавай Лукашэнка таксама імкнецца падтрымліваць добрыя стасункі з Захадам. Гэтыя намаганьні асабліва актывізаваліся пасьля 2014 году, году тэрору на постсавецкай прасторы, калі Расея захапіла ўкраінскі паўвостраў Крым, а на ўсходзе краіны ўвогуле разьвязала вайну.

2014-ы выклікаў заклапочанасьць ня толькі ў Кіеве, Брусэлі і Вашынгтоне, але і ў Менску. Менавіта таму Лукашэнка прыйшоў да ЭЗ як партнэр, у выглядзе мірнага пасярэдніка ў расейска-ўкраінскім канфлікце. Пайсьці на саступкі Захаду і пры гэтым ня надта закрануць Крэмль — за час свайго 24-гадовага знаходжаньня ва ўладзе Лукашэнка навучыўся гэта рабіць дасканала».

Чытачы на форуме: Насельніцтва Беларусі на дыктатуру не наракае

Пад артыкулам, надрукаваным у электроннай вэрсіі Die Zeit стаяць больш за сто камэнтароў.

Alacante

«Чаго можа гэта жанчына дасягнуць? Яна можа працаваць на карысьць сваёй дзяржавы».

A higher order of being:

«Перш чым зьневажальна пісаць пра „Квоту для апазыцыі“ ў іншых краінах, трэба паглядзець, што дома. У нас дэ-факта на працягу многіх гадоў ніякай апазыцыі няма. Ніякай альтэрнатыўнай пазыцыі ў парлямэнце ніхто ня слухае. У лепшым выпадку нешта супраць гавораць левыя».

Heinrich Reisen

«Ніхто не выказваецца зьняважліва пра апазыцыйную квоту. Затое куды „меншая зьнявага“ — параўноўваць дыктатуру ў Беларусі зь дзейнай дэмакратыяй».

Don Quinientos

«З прычыны сваёй гістарычнай адказнасьці, Нямеччына павінна быць вельмі стрыманай у тым, каб вучыць дэмакратыі іншых».

parasolguy

«Цікава, што іх кіраўнік можа так доўга сядзець на сваім крэсьле. Насельніцтва не наракае, у асноўным задаволенае, прынамсі вы не пачуеце шмат пра рэвалюцыйную дэмакратыю ці зацікаўленых у гэтым беларусаў. Магчыма, расейскі мядзьведзь ахоўвае беларускі рэжым? Ці Пуцін мае ў плянах паглынуць Беларусь пасьля Лукашэнкі?»

Менск аддаляецца ад Крамля?

Inoagent

«З тых часоў, як Расея ўварвалася ва Ўкраіну, Лукашэнка ўжо знаходзіцца на адлегласьці ад Крамля і спрабуе адкрыць Беларусь Захаду».

rechtundfreiheit

«Менск чарговым разам шукае спосаб пабудаваць свой дом у эўрапейскай супольнасьці. Гэта, вядома, няпросты працэс і патрабуе цярпеньня з боку ЭЗ у сувязі геапалітычным становішчам краіны. Беларусь мае шмат высокаадукаваных выпускнікоў і вучоных, якія маюць быць запатрабаванымі ў ФРГ. ЭЗ зацікаўлены зрабіць урок з трагічных падзей ва Ўкраіне, а таму ўмяшаньняў ва ўнутраныя справы краіны варта пазьбягаць».

Julian Roechelt

«ЭЗ, пэўна, не хапае голаду і для Беларусі, кшталту таго, які, на жаль, у Баўгарыі. Першае, што здарылася б пры адкрыцьці Беларусі Захаду, гэта зьнішчэньне беларускай эканомікі безь якой-небудзь кампэнсацыі».

У Беларусі парадак і шмат добрага

bernd rakow

«Апазыцыя!!!! У Беларусі? Хацелася б ведаць, што гэта за асобы. Я жыву ў гэтай краіне з 2002 году і бачу, што ў Беларусі нямала чаго складаецца станоўча. Расейскія грамадзяне зайздросьцяць іх суседцы і прэзыдэнту. Прэзыдэнт карыстаецца вялікай папулярнасьцю сярод насельніцтва. Парадак, як у ніводнай краіне. Так, я сустракаю тут некаторых грубых, карумпаваных чыноўнікаў. Але прэзыдэнт трымае сваіх дзяржслужбоўцаў пад кантролем. Той, хто завецца дыктатарам, жыве на ўсход ад Беларусі. Захад можа быць шчасьлівы, што ў Беларусі парадак».

Mojstrana

«Можа, так таму, што ў людзей ёсьць памяць і яны могуць параўнаць сытуацыю пры Лукашэнку з тым, што было да яго, і ў параўнаньні тое, што цяпер, лепшае? Канец так ці інакш будзе кепскім, але раней бывала і горш».

Fremdhier

«Прамысловасьць функцыянуе, сельская гаспадарка корміць. Экспарт ёсьць. Людзі занятыя. Перад вачыма Ўкраіна. Што вы яшчэ хочаце?»

Weltoffener.Realist

«А згаданыя посьпехі маюць месца таму, што апазыцыя знаходзіцца на ланцугу?»

Fremdhier

«Для мяне лепш калгасьнік Лукашэнка, чым банкрут Парашэнка»

Без падтрымкі Масквы Лукашэнку скінуць

Kommentator 0815

«Папраўдзе, расейцы не зайздросьцяць. „Дыктатар жыве на ўсход ад Беларусі“. Але ж вы павінны разумець, што без падтрымкі ды абароны з усходу Лукашэнка вельмі хутка будзе скінуты. А для ЗША хаос, які наступіць пасьля гэтага, ня будзе мець ніякага значэньня».

Fremdhier

«1. У Беларусі больш камфортна і больш парадку чым у Расеі.

2. Лукашэнка як кіраўнік больш жорсткі, чым Пуцін.

3. Ня ўсе любяць Лукашэнку. Галоўным чынам маладыя людзі ня любяць»

Mekong17

«Глупства. Сытуацыя ў Беларусі не настолькі цудоўная. Цэны амаль такія, як у Нямеччыне. Даходы ў асноўным у межах 150€. Прыватнага бізнэсу практычна няма. Многія людзі едуць на заробкі ў Расею, дзе яны вышэйшыя ў 3-4 разы».

golife

«Я ня ведаю, колькі чытачоў маюць свой уласны досьвед, зьвязаны зь Беларусьсю. Шчасьце чалавека ўвогуле ляжыць у сям’і, а не ў дзяржаве.

Улады — гэта ў лепшым выпадку ашуканскія інстытуты, зь якімі лепш трымаць дыстанцыю. Лукашэнка выклікае пачуцьцё бацькаўскай абароны — прыкладна тое ж, што Орбан, Пуцін, Эрдаган. Гэта тое, што многім здаецца больш прывабным, чым „разборкі“ заходніх дэмакратаў, якія вельмі нязручныя для жыцьця... Што да ўзроўню жыцьця, то ён нашмат ніжэйшы, чым на Захадзе, непасрэдныя патрэбы людзей зьвязаныя найперш з выжываньнем».

У Беларусі адбываюцца зьмены

rechtundfreiheit

«Я наведаў некалькі гадоў таму навуковы інстытут імя Лыкава ў Менску і ўбачыў краіну, у якой адбываюцца зьмены. Зь вялікай колькасьцю новых будынкаў, „МакДональдзаў“, моладзьдзю, якая імкнецца да дэмакратыі, самавызначэньня і заходніх каштоўнасьцяў.

Гэты працэс абнаўленьня будзе працягвацца і ў будучыні, і я ўпэўнены, што Беларусь адыдзе ад свайго палітычнага камуністычнага мінулага.

Я ня ведаю расейскай мовы, але ў мяне не было ніякіх праблем, калі я размаўляў зь менчукамі. „Антынямецкіх настрояў“ у Беларусі я ніколі не адчуваў.

Што да ўзроўню жыцьця ў Беларусі, то гэта параўнальна зь Нямеччынай у 1960-я. Аднак бедзтва я ня бачыў».