А вы ведаеце правільны адказ? Мо так крычаў Кінг-Конг у нямым кіно? Гэты беларускі выраз вельмі вобразны, але падманлівы для таго, хто не ў кантэксьце. Разам са Зьмітром Бартосікам высьвятляем праўду.
Дык што гэта значыць? Зьбіраць вэрсіі на менскую вуліцу выйшаў пісьменьнік і журналіст Зьміцер Бартосік:
— Што такое „нéма крычаць“?
— Значит, не кричать, наверное?
— Может быть, безмолвный крик, крик души?
Некаторыя суразмоўцы, зразумеўшы выраз даслоўна, спрабавалі дапасаваць яго да вядомай беларускай рэальнасьці, калі не да мэнтальнасьці:
— Гэта значыць, усё, што ў цябе накіпела, ляжыць на сэрцы, і ты моўчкі перажываеш...
— И не можешь сказать, что хочешь...
Журналіст спачувальна камэнтуе:
— Абмаляваны вельмі тонка псыхалягічны партрэт беларуса: беларусу хочацца крычаць, але ён робіць гэта нéма.
І сам Бартосік, які дзіцем прыехаў у Беларусь з Расеі, спачатку ўспрыняў быў выраз літаральна:
— Ня памятаю, калі я пачуў беларускі выраз „нема крычаць“, але першая асацыяцыя, якая мне прыйшла ў галаву, — гэта Кінг-Конг, прычым той яшчэ, 1920-х гадоў, зь нямога кіно, чорна-белы. Кінг-Конг вельмі моцна крычаў, але ён крычаў нéма.
Уражвае. Але правільны адказ — зусім адваротны!
...І тут прыйшоў мовазнаўца і ўсё спрасьціў
У беларускай мове маем два зусім розныя словы, розныя прыметнікі:
НЯМЫ і НÉМЫ
Нямы — той, які ня можа гаварыць (і проста маўклівага чалавека так назавуць). Слова агульнаславянскае.
А другі прыметнік — нéмы — у глыбокую даўніну азначаў 'замагільны'. Ляжаць нéма —значыць ‘тварам у зямлю’. Вельмі архаічны хтанічны беларускі выраз: нéмы належыць таму сьвету...
Значыць:
нямы — пазбаўлены голасу
нéмы — пазбаўлены надзеі
Прыслоўе нéма ў выразе нéма крычыць утворана ад другога прыметніка. Крычыць роспачна, безнадзейна.
Знайшліся людзі, якія ведаюць таямніцу
Напрыклад, спадарыня ў шаноўным веку:
— Што такое нема крычаць?
— Громко кричать.
— Вы чулі гэты выраз?
— Чула!
— Ну крычыць, а нема… Как сумашэччый, што лі, крычыць!
Правільна! Але адкуль яна тое ведае? Адказ зусім нечаканы:
— Вы ведаеце даўно гэты выраз, так?
— Не, первы раз слышу!
Думаю, што спадарыня чула немыя крыкі і раней — такога не прыдумаеш і не адгадаеш — але беларускім звычаем на ўсякі выпадак вырашыла не шчыраваць перад надта дапытлівым сустрэчным )
Затое гэты чалавек шчыруе:
— Нема крычаць? Ну это... кричать — это значит орать. Ва ўсю душу, так сказаць!
Сказаў, што родам з Украіны. Але ва ўкраінскай мове такога выразу няма. Яўна спадар уведаў яго тут, у Беларусі. Як і гэтыя людзі:
— Нéма? Это значит громко кричать. И с оттенком горя какого-то...
— Гэта чымсьці незадаволеныя: перш за ўсё палітычнымі падзеямі, а потым ужо й жыцьцёвымі ўкладамі...
— Гэта не крычаць моўчкі?
— Не-е!
Наш апытальнік для сябе падсумоўвае:
— Такая палітра разнастайных правільных адказаў! Гэта сьведчыць, што беларусам вельмі хочацца нема закрычаць. І калі-небудзь краіна гэты крык пачуе.
Неперакладальная гульня словаў
А гэтую жанчыну журналісту з апэратарам давялося даганяць, але яно таго было варта:
— Вы чулі такі выраз — нема крычаць?
— Да, чула, патаму што я дзесяць лет учылася на беларускай мове. Спасіба.
— А што гэта значыць — нема крычыць?
— Громко кричит!
Ага! Людзі, якія ведаюць сапраўднае значэньне таямнічага выразу, усьведамляюць, што ён характэрна беларускі.
І ня могуць яго бяз стратаў перакласьці на расейскую:
— А як гэта перакласьці на русский — „ён нема крычыць“?
— Затрудняюсь ответить…
— На рускі язык гэта перакласьці амаль што немагчыма…
Папраўдзе беларускаму фразэалягізму „нема крычаць“ можна падабраць расейскія адпаведнікі, але зь іншымі словамі:
кричать не своим голосом
истошно орать
реветь белугой
как резаный
І ўсё адно яны не перададуць усёй гамы пачуцьцяў немага крыку — роспачна-пазасьветнага, як на вядомай карціне Мунка.
Беларускія сынонімы да гэтага выразу —
крычаць немым голасам
крычаць немым духам
і нават у адно слова —
немаголас
А таксама
крычма крычаць
ліхім крыкам крычаць
Хацелася б, каб было ў нас усіх менш нагодаў для немага, гэта значыць безнадзейнага, крыку. А было больш надзеі.