На актывістаў склалі пратаколы за чытаньне вершаў Максіма Багдановіча

Публічныя чытаньні вершаў Максіма Багдановіча, санкцыянаваныя дзяржавай, прайшлі бяз штрафаў (на фота). Несанкцыянаваныя, што былі пасьля іх, — «сумесная масавая прысутнасьць»

За літаратурныя чытаньні, прысьвечаныя 125-годзьдзю Максіма Багдановіча, складзеныя пратаколы сама меней на чатырох сяброў руху «За свабоду», у тым ліку на старшыню арганізацыі Юрася Губарэвіча.

Усіх актывістаў абвінавачваюць ва ўдзеле у несанкцыянаваным пікеце (а Юрася Губарэвіча — і ў яго арганізацыі) 9 сьнежня каля помніка Максіму Багдановіча.

Паводле міліцыянтаў, парушэньне праявілася ў «сумеснай масавай прысутнасьці» ў названым месцы.

Актывіста руху «За свабоду» Аляксея Саевіча таксама абвінавачваюць у тым, што ён трымаў бела-чырвона-белы сьцяг і чытаў вершы.

Сябры руху «За свабоду» чытаюць вершы пад помнікам Максіму Багдановічу ў Менску

«Абсурдная лёгіка ўладаў. Калі афіцыёзнае мерапрыемства, то можна нагнаць студэнтаў, вайскоўцаў, якія там сумавалі. А калі людзі праявілі ўласную ініцыятыву, за гэта яны трапляюць пад рэпрэсіі. Усё, што не дазволена, усё забаронена», — так пракамэнтаваў сытуацыю сайту праваабарончага цэнтру «Вясна» Юрась Губарэвіч.

9 сьнежня каля помніка Максіму Багдановічу ў Менску прайшла арганізаваная дзяржавай акцыя «Расьцем разам з Максімам», у межах якой на працягу некалькіх гадзін студэнты і вучні чыталі вершы клясыка. Акцыя трансьлявалася праз гукаўзмацняльнікі.