Міністар абароны Статкевічу: «Калі вы ня згодны — вашы праблемы. Двойчы не паўтараю»

Андрэй Раўкоў

15 сьнежня на сайце Міністэрства абароны зьявіўся зварот міністра Андрэя Раўкова да палітыка Міколы Статкевіча.

«Калі вы ня згодны зь Міністэрствам абароны — гэта вашы праблемы. Двойчы не паўтараю», — так адказаў Раўкоў «у сувязі з чарговым зваротам грамадзяніна Статкевіча, які мэтанакіравана скажае рэчаіснасьць».

Свабода зьвярнулася да Міколы Статкевіча і папрасіла патлумачыць, што значыць такі адказ і ці ня бачыць ён у ім пэрсанальнай пагрозы.

Беларускі нацыянальны кангрэс, куды ўваходзіць Статкевіч, правёў 7 сьнежня пасяджэньне, на якім распрацаваў прапановы да Мінабароны. Прапановы тычацца гатоўнасьці беларускага войска абараняць незалежнасьць Беларусі, а таксама заробку вайскоўцаў і ідэалягічнай падрыхтоўкі ў войску.

«Безабароннасьць правакуе агрэсію»: Статкевіч дасьць беларускаму войску парады ў павышэньні абароназдольнасьці

Прапановы ў пісьмовым і электронным выглядзе адправілі ў Міністэрства абароны.

«Існуе вялікая пагроза бясьпецы Беларусі. Перад намі стаіць пагроза вайны. Таму вельмі абвастраецца значнасьць вайсковага пытаньня. Мы зьвярталіся ў Міністэрства абароны з просьбай пракамэнтаваць заяву аднаго з расейскіх палітолягаў, у якой прагучала, што 70–80% беларускіх афіцэраў хацелі б паглынаньня Беларусі Расеяй. Тады міністар адказаў вельмі аптымістычна, што ўсё цудоўна.

Мікола Статкевіч. Пратэст прадпрымальнікаў 28 лютага

Але рэчаіснасьць не такая ружовая. Гэта ўсё нагадвае спробу схаваць галаву ў пясок. Таму што цягам доўгага часу служыць у войска ішлі афіцэры, якія ведалі жаданьне свайго галоўнакамандуючага „пайсьці ў Маскву на каленях“, аб’яднацца на любых умовах. І цяпер, калі пагроза паходзіць з Масквы, узьнікае пытаньне надзейнасьці беларускага войска. Ці не дарэмна мы яго кормім? Нас не пераканаў адказ міністра абароны. Ды мы і ведаем, што перапісваемся ня зь ім, а зь яго начальнікам. У нашай сыстэме ніякі міністар не пасьмее ўступаць у перапіску з такімі страшнымі апазыцыянэрамі, як я, ня маючы на гэта санкцыі і канкрэтнага ўказаньня, што напісаць».

Камэнтуючы стыль адказу, разьмешчанага на сайце Міністэрства абароны, Мікола Статкевіч адзначыў:

«Гэта не вайсковае хамства і не пагроза. Спадар Раўкоў ня можа дазволіць сабе такую храбрасьць, каб перапісвацца са мной. Ён проста трансьлятар таго, што кажа яго гаспадар. І мы зьвярталіся да яго як да трансьлятара, мы ня маем ілюзіяў наконт ступені самастойнасьці беларускіх міністраў».

Статкевіч лічыць, што ўлады ў Беларусі баяцца патрыятычнага войска, якое магчыма стварыць з улікам дасланых прапановаў:

«Яны баяцца патрыятычнага войска, таму што яно ня дасьць магчымасьці адступіць. Я ўпэўнены, што Лукашэнка захоўвае для сябе варыянт здаць і прадаць нас. А патрыятычнае войска будзе гэтаму перашкаджаць. Такім чынам, пасьля гэтай перапіскі зь міністэрствам мы зразумелі, што рэжым ня будзе нічога рабіць для прадухіленьня страшных сцэнараў, для павышэньня баяздольнасьці беларускага войска перад пагрозай з Усходу. Таму цяпер мы будзем распрацоўваць захады, каб беларускі народ мог абараніць сябе сам».

Узяць камэнтар у Міністэрстве абароны Свабодзе пакуль не ўдалося — тэлефоны прэс-службы Міністэрства абароны не адказваюць.