На сайце Міністэрства абароны Беларусі зьявіўся адказ на прапановы руху «Гавары праўду» па паляпшэньні ўмоваў тэрміновай вайсковай службы. Сьцісла: прапановы не спадабаліся.
Лідэрка «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч пасьля сустрэчы зь міністрам абароны Андрэем Раўковым 20 сьнежня казала, што зьмены будуць у магчымасьці вайскоўцаў датэлефанавацца да бацькоў (якія — невядома, бо ў Печах вайскоўцам дазволілі насіць з сабой тэлефоны, што практычна немагчыма знайсьці ў продажы), але «іншых зьменаў ня будзе». Мінабароны спасылаецца на артыкул «Эўрарадыё», дзе гаворыцца, што адказу на прапановы «Гавары праўду» Раўкоў пакуль ня даў.
Паводле Мінабароны (адказ напісаны ад імя падполкоўніка Алены Заціркі зь дзяржаўнага інфармагенцтва «Ваяр»), гэта ня праўда, прапановы былі разглежаныя і па ім далі адказы:
— Прапанова вызваліць вайсковых псыхолягаў ад загружанасьці бюракратычнай працай «сьведчыць аб няведаньні экспэртамі заканадаўства Беларусі і спэцыфікі працы вайсковых псыхолягаў», бо іхная дзейнасьць «накіраваная на працу з асабовым складам, што выключае загружанасьць бюракратычнай працай.
— Прапанова стварыць апякунскія рады пры кожнай частцы з удзелам вэтэранаў і прадстаўнікоў бацькоў вайскоўцаў «варта меркаваць, была пазычаная з досьведу Расейскай імпэрыі або Польшчы часоў нацыскай акупацыі». Слова «апека» ўжываецца, паводле Мінабароны, адносна назіраньня за нядзеяздольнымі грамадзянамі, а ўстанова для працы з родзічамі вайскоўцаў і царквой ужо ёсьць.
— Прапанова даць вайскоўцам выбіраць прадстаўніка для рашэньня побытавых і прававых пытаньняў «сьведчыць аб няведаньні экспэртамі элемэнтарных палажэньняў вайсковых статутаў», бо ў падразьдзяленьнях і частках «функцыянуюць агульныя сходы вайскоўцаў, сходы сяржантаў, рады сяржантаў».
— Прапанова камплектаваць падразьдзяленьні вайскоўцамі аднаго пэрыяду службы (каб не сутыкаліся «малодшыя» і «старэйшыя» — «дзяды») «не апраўдалася ў найноўшай гісторыі». Як піша Мінабароны, у СССР у 1970-х спрабавалі, але гэта «не прывяло да зьніжэньня правапарушэньняў, але выклікала нямала праблемаў у падтрыманьні неабходнага ўзроўню боегатоўнасьці».
— Прапанова вызваліць ад крымінальнай адказнасьці за самавольнае пакіданьне вайсковай часткі празь дзедаўшчыну «сьведчыць аб тым, што «экспэрты слаба ведаюць заканадаўства» — тое ад 2005 году дазваляе вызваліць ад крымінальнай адказнасьці вайскоўца пры ўмовах, што дзеяньне было ўпершыню і «празь зьбег цяжкіх абставінаў».
— Прапанова падумаць пра скарачэньне працягласьці тэрміновай вайсковай службы да 9 месяцаў «была ініцыяваная самім вайсковым ведамствам яшчэ 10 год таму». Пытаньне было «ўсебакова прапрацаванае», але «для падтрыманьня неабходнага ўзроўню» і «ў сувязі з выкананьнем канкрэтных задачаў вайсковымі фармаваньнямі» гэта немагчыма. Тым ня меней, для асобных фармаваньняў прадугледжаная паўтарагадовая служба, а служба рэзэрвістаў ладзіцца «без адрыву ад асноўнай працы».
— Прапанова зладзіць па-за войскам тэлефонную лінію падтрымкі для вайскоўцаў або ўвесьці пасаду вайсковага амбудсмэна гэта «стварэньне структуры, што дублюе паўнамоцтвы ўжо наяўных дзяржаўных органаў і службовых асобаў».
— Прапанова стварыць грамадзка-кансультатыўную раду пры Мінабароны не зацікавіла ведамства, бо «ўжо працуе грамадзкая камісія, куды ўваходзяць грамадзкія дзеячы, працаўнікі культуры, прадстаўнікі СМІ, царквы».
— На пытаньне, ці будзе мяняцца парадак тэрміновай службы, Караткевіч сьцісла адказалі: «ня будзе».
Што з прапановамі фармаваць сяржанцкі склад толькі з кантрактнікаў і стварыць у Мінабароны Дэпартамэнт грамадзка-вайсковай супрацы, у адказе Мінабароны, разьмешчаным на сайце, не гаворыцца.
Караткевіч: Шмат што ёсьць, але не працуе, ды добра, што гэта пачалі публічна абмяркоўваць
Тацяна Караткевіч кажа Свабодзе, што падрабязна прааналізаваць гэтыя адказы ў «Гавары праўду» яшчэ не пасьпелі і прызнае: адказы прыйшлі ў вызначаны заканадаўствам тэрмін, але прыйшлі на электронную пошту такім чынам, што загубіліся сярод іншых лістоў.
«У нас шмат добрага ёсьць у законах, але гэта не працуе», — разважае Караткевіч пра адказы Мінабароны. Яна прыводзіць у прыклад наяўнасьць тэлефонных лініяў для вайскоўцаў, дзе ім адкажуць не незалежныя псыхолягі, а прадстаўнікі вайсковага ведамства, а яны часта не адгукаюцца на просьбы вайскоўцаў. А наяўная грамадзкая камісія пры Мінабароны, мяркуе яна, «абараняецца ад людзей», а не наладжвае сувязь з грамадзтвам і праваабаронцамі.
Тым ня меней, мяркуе Караткевіч, «крытыка гэта першы крок да дыялёгу» — і добра, што прапановы «Гавары праўду» крытыкуюць публічна. Але лепей было б, каб былі не перапіскі на сайтах і сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзкасьці, а наўпроставая размова зь незалежнымі экспэртамі за круглым сталом. Так ці іначай, абяцае Караткевіч, яна працягне працу па дыялёгу з Мінабароны, а пасьля мясцовых выбараў зьбіраецца асабіста наведаць некалькі вайсковых частак.
Паводле Караткевіч, можна сказаць, што цягам гэтага году грамадзянская супольнасьць дабілася трох перамогаў над Мінабароны: тыя прызналі некаторыя праблемы, зьмянілі палітыку ў публічных дачыненьнях і сталі больш «падсправаздачнымі» ў мэдыйнай прасторы. Таму, рэзюмуе Караткевіч, дыялёг зь імі варта працягваць.