У Бухарэсьце прэмія, а дома — позва, — Някляеў

Анатоль Лябедзька, Уладзімер Някляеў і Мікалай Статкевіч на пікеце 10 верасьня ў Менску

Лідэру стваранага грамадзкага руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі» Ўладзімеру Някляеву прыйшла позва ва ўпраўленьне ўнутраных спраў Цэнтральнага раёну Менску за ўдзел у пікеце 10 верасьня.

Уладзімер Някляеў апавёў карэспандэнту Свабоды, што пра позву яму сказала жонка. Але ён пакуль знаходзіцца за мяжой.

«Маё жыцьцё зараз такое. У гасьцях — прэміі (я быў у Бухарэсьце), а дома — позвы. То бок пакуль што нічога не мяняецца. Хочуць проста запалохаць людзей, на прыкладзе паказаць: будзеце хадзіць — і з вамі будзе тое самае. Бо па сутнасьці аб’яўленыя дзьве акцыі, адна зь іх супраць мілітарызацыі Беларусі. Яны хочуць, каб там нікога не было, каб усё было чыста, элегантна і гэтак далей».

Уладзімер Някляеў сказаў, што ня ведае, ці дабярэцца ў Менск 22 верасьня.

«У прынцыпе, я чалавек законапаслухмяны, я нічога не парушыў і да гэтай пары. Ну і тут, можа, ня буду парушаць. Трэба ім, каб я зьявіўся ў фізычным выглядзе. Я на ўсе іх пытаньні адказаў, чаму я дзейнічаю так, а не інакш. Трэба яшчэ раз сказаць, ну што ж, скажу».

У Бухарэсьце Ўладзімер Някляеў браў удзел у Міжнародным фэстывалі паэзіі, на якім ён стаў першым ляўрэатам.

«Там стаў першым ляўрэатам, а тут вось буду першым злачынцам», — сказаў Някляеў.