Трэці дзень на поўначы Менску трывае ініцыяваны «Маладым Фронтам» пратэст супраць будоўлі бізнэс-цэнтру ў Курапатах. У двары дома № 49 па вуліцы Мірашнічэнкі некалькі актывістаў на чале са Зьмітром Дашкевічам разьбілі імправізаваны лягер і трымаюць абарону. На іх ужо складалі адміністрацыйныя пратаколы, аднаго актывіста затрымала міліцыя.
Актыўны ўдзел у пратэсьце бяруць таксама сустаршыня БХД Павал Севярынец і старшыня БНФ Аляксей Янукевіч. Свабода пацікавілася ў іншых апазыцыйных лідэраў, ці плянуюць яны далучыцца да абароны Курапатаў.
— Адзіная прычына, чаму я ня там — гэта паездка ў Кіеў на ўшанаваньне памяці «Нябеснай сотні». Калі б я быў у Менску, то абавязкова б далучыўся да абаронцаў. Тое, што ўлада дазваляе рабіць у Курапатах — ня проста памылка, а наўмысны зьдзек са здаровага сэнсу і зь людзей, для якіх яшчэ ёсьць у гэтым сьвеце сьвятыні, — сказаў Свабодзе палітык і паэт Уладзімер Някляеў.
Ён дадаў, што ўжо заўтра вяртаецца ў Менск і далучыцца да абаронцаў. Паводле словаў Някляева, «праблема будоўлі каля Курапатаў будзе ўключаная ў масавую акцыю 25 сакавіка».
Старшыня партыі АГП Анатоль Лябедзька таксама на гэтым тыдні быў ня ў Менску.
— Толькі што прыехаў зь Вільні, таму ня трапіў да пратэстоўцаў. Але там увесь час прысутнічалі прадстаўнікі Менскай гарадзкой арганізацыі АГП, нашы актывісты. Вядома, мы неабыякавыя да цяперашніх падзеяў. Калі буду добра сябе адчуваць, то асабіста прыеду да абаронцаў Курапатаў.
Экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта 2010 году Мікола Статкевіч расказаў пра свае пляны:
— Нядаўна я падпісаў зварот ва ўладныя органы з просьбай прыняць меры і спыніць там будаўніцтва. Але ўжо дазвольце мне самастойна вырашаць, як праводзіць час. Безумоўна, у абаронцаў Курапатаў вельмі важная задача, але ёсьць іншыя карысныя для Беларусі справы, і я імі займаюся.
Your browser doesn’t support HTML5