Заяву на пікет падалі слонімскія актывісты Віктар Марчык і Павал Севасьцян. Мэтай пікету актывісты пазначылі прыцягненьне ўвагі жыхароў Слоніма да альтэрнатыўных прапаноў па зьмене існуючай сацыяльна-эканамічнай мадэлі і забесьпячэньні годнага жыцьця грамадзян, стварэньні новых працоўных месцаў.
Плянавалася на пікеце падняць праблему адмены дэкрэту «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» і забесьпячэньні канстытуцыйнага права на працу для слонімцаў Міхаіла Сошкі і Алеся Масюка, якіх звольнілі з палітычных матываў.
У прыватнасьці, Масюку цяпер ужо адмаўлялі ў працаўладкаваньні ў васьмі розных месцах. Ён перакананы, што за гэтым крыюцца толькі палітычныя прычыны. Масюк накіраваў скаргу ў пракуратуру раёну, але дзейсных захадаў ніхто не прымае. Правядзеньне пікету было заплянавана на 18 сьнежня ў слонімскім гарадзкім парку.
Севасьцян, зазначыў Свабодзе, што адмова чаканая, паколькі за апошнія 10 гадоў Слонімскі райвыканкам не дазволіў у Слоніме праводзіць ніводнага мерапрыемства сябрам беларускіх дэмакратычных партыяў і арганізацыяў:
«Гэтая адмова — звычайная іх адпіска. Улады цяпер баяцца якіх-кольвек сацыяльных акцыяў, паколькі напружаньне ў грамадзтве расьце, і прычым адчувальна. У Слоніме практычна немагчыма ўладкавацца на працу, заробкі малыя, і гэтая тэма цяпер найбольш абмяркоўваецца жыхарамі нашага гораду».