Ракетны ўдар расейцаў па Харкаву: у жылым доме загінулі як мінімум два чалавекі, 15 параненыя

Разбурэньні ў Харкаве

Адзін з расейскіх удараў па Харкаву ўдзень 22 чэрвеня прывёў да гібелі як мінімум двух чалавек, паведамілі мясцовыя ўлады.

«Ёсьць загінулыя і параненыя. Удар трапіў у жылы дом», — напісаў мэр Харкава Ігар Церахаў.

«Паводле папярэдняй інфармацыі лекараў хуткай дапамогі, загінулі два чалавекі. Прынамсі два чалавекі атрымалі раненьні. Працягваецца праверка», — дадаў начальнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў.

Пазьней чыноўнік дадаў, што колькасьць параненых вырасла да 15 чалавек.

Расейскія вайскоўцы кожны дзень абстрэльваюць Харкаў і Харкаўскую вобласьць. Нягледзячы на доказы і сьведчаньні, Масква адмаўляе мэтанакіраваны напад на мірных жыхароў з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

На фоне наступу Расеі на поўначы Харкаўскай вобласьці прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што для абароны Харкава ад расейскіх нападаў патрэбныя некалькі дадатковых ЗРК Patriot.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея нанесла чарговы ўдар па энэргетыцы Ўкраіны. У двух расейскіх рэгіёнах зноў гараць нафтабазы